Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Лідай затрымалі машыну зь сябрамі ініцыятыўнай групы Мілінкевіча


Радыё Свабода Сёньня міліцыянты чатыры гадзіны пратрымалі ў лідзкім пастарунку трох сябраў ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, якія ехалі з Горадні ў Менск. А ў Мастах на допыт у якасьці сьведак выклікалі пяцёх маладых грамадзкіх актывістаў.

Каля 9-й раніцы на менскай шашы міліцыянты затрымалі машыну, у якой з Горадні ехалі Сяргей Мальчык, Мікола Лемяноўскі і Ўладзімер Скапа. Затрыманыя лічаць, што гэта адбылося невыпадкова.

(Мальчык: ) “Пачнем з таго, што ўчора ўвечары і сёньня раніцай да мяне прыяжджалі міліцыянты. Увечары мяне не было, а сёньня раніцай я ад’яжджаў з двара, і бачыў, як туды машына заяжджала. Карацей, яны спазьніліся на пару хвілінаў”.

Аднак зьвесткі пра машыну, у якой знаходзіліся сябры ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, былі вядомыя міліцыянтам, што дзяжурылі на менскай шашы.

(Мальчык: ) “Каля Шчучына машыну спынілі, праверылі ўсё што можна, нават нумар рухавіка. Прычапіцца не было да чаго, і нас адпусьцілі. Пад’яжджаем да Ліды, у Цыбарах спыняе зноў пост ДАІ. Нічога нават не правяраючы, гавораць: вашая машына падазраецца ў наезьдзе на чалавека, і таму давайце праедзем у РАУС. Даішнік сеў да нас у машыну, і мы паехалі ў Лідзкі райаддзел міліцыі”.

У Лідзе міліцыянты агледзелі машыну і затрымалі спадароў Мальчыка, Лемяноўскага і Скапу на чатыры гадзіны. Ненадоўга іх потым яшчэ спыняў іўеўскі пост дарожнай міліцыі — і адпусьцілі каля 14 гадзінаў.

Сёньня ў Мастах выклікалі ў міліцыю пяцёх маладых грамадзкіх актывістаў, зь іх трое дзяўчат. Паводле дэпутата Мастоўскага райсавету Алеся Зарэмбюка, мэтай было затрымаць выкліканых, каб яны не паехалі ў Менск павіншаваць Аляксандра Мілінкевіча. Міліцыянты затрымлівалі раніцай таксама грамадзкіх актывістаў у Ваўкавыску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG