Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх парнографаў чакаюць турэмныя тэрміны да 50 гадоў


Радыё Свабода Гучны скандал вакол кампаніі Regpay, якая займалася арганізацыяй дзіцячага порнабізнэсу ў Інтэрнэце і да распрацоўкі якога мелі дачыненьне маладыя беларускія праграмісты працягваецца. У сераду гішпанская паліцыя арыштавала 33 чалавекі, якія падазраюцца ў набыцьці дзіцячых парнаграфічных карцінак праз крэдытныя карткі Regpay.

Што да галоўных фігурантаў справы, 27-гадовага Ягора Залатарова, таленавітага кампутаршчыка, аўтара “праекту” і прэзыдэнта кампаніі, 31-гадовага Аляксандра Бойкі, аўтар праграмнага забесьпячэньня, і 28-гадовага Аляксандра Бучнева, перакладчыка, то ўсё трое гэтых менчукоў знаходзяцца цяпер у адной з амэрыканскіх турмаў і, як сьведчаць іхныя адвакаты, “мужна чакаюць свайго прысуду тэрмінам адпаведна ў 50, 40 і 20 год”.

Паводле аўтарытэтных міжнародных экспэртаў, выпадак з Regpay “сьведчыць пра тое, як таленавітыя праграмісты могуць пераўтварыць тэхнічна простую хатнюю працу ў складаны бізнэс”.

Усё – уключна з вытворчасьцю дзіцячай порнапрадукцыі, яе глябальным распаўсюджаньнем у Інтэрнэце, складанай сыстэмай аплаты прагляду сайтаў з дапамогай розных крэдытных картак – рабілася ў Менску. Што да кліентаў крымінальнага бізнэсу, то гэта былі пераважна жыхары ЗША, Аўстраліі, розных краінаў Заходняй Эўропы.

Напачатку Ягор Залатароў, Аляксандар Бойка і Аляксандар Бучнеў рабілі стаўку на пэдафілаў. Аднак, мяркуюць амэрыканскія праваахоўнікі, паступова патэнцыялам прыбытку гэтага бізнэсу магла зацікавіцца і арганізаваная злачыннасьць. Паводле адваката Залатарова, Робэрта Літла зь Нью-Джэрсі, многае ў справе ўказвае “на ерархіі больш высокія за ягонага падабароннага”.

У беларускіх праваахоўных структурах справу менчукоў не камэнтуюць, тым больш, што не Беларусь, а Гішпанія з Францыяй адпаведна зь існуючымі міжурадавымі пагадненьнямі выдалі Штатам прадстаўнікоў Regpay.

Спадар Бойка быў затрыманы ў часе адпачынку на адным з гішпанскіх курортаў, спадароў Залатарова і Бучнева арыштавалі ў Парыжы пад час іхнай дзелавой паездкі.

Як сьведчаць амэрыканскія адвакаты беларусаў, усе трое адмаўляюцца ад кантактаў з прэсай, аднак сваю адказнасьць цалкам прызнаюць. І да Залатарова, і да Бойкі, і да Бучнева пастаянна прыходзіць пошта з радзімы, аднак тыя не адказваюць на лісты сваякоў. Пасьля затрыманьня менчукі разьвяліся са сваімі жонкамі, бо захацелі, такім чынам, забезапасіць свае сем’і ад самых магчымых наступстваў.

Паводле адвакатаў, усе трое маюць самыя лепшыя характарыстыкі з боку знаёмых. Так настаўніца Залатарова, называе свайго вучня таленавітым, выхаваным чалавекам, “ідэальным мужам і бацькам” і да таго ж вернікам, які стала наведваў царкву. Настаўніца катэгарычна ня верыць ў тое, што “Ягор мог займацца дзіцячай парнаграфіяй”.

У сваю чаргу, абінаваўца О’Доўд сьведчыць, што ў выніку вельмі маштабных расьсьледаваньняў, якія былі праведзеныя прадстаўнікамі міжнародных сьледчых структураў, быў нанесены сур’ёзны ўдар камэрцыйнаму распаўсюджаньню дзіцячай парнаграфіі ў Інтэрнэце. Паказаньні Залатарова, паводле ягоных словаў, выводзяць на новых фігурантаў ў справе. Але ж, пераможнай працу праваахоўных органаў назваць нельга, зазначае О’Доўд, дыстрыбутары гэтага Інтэрнэт-бізнэсу пераходзяць з крэдытных картак на сыстэму электроннай валюты. Падобная аплата амаль не пакідае сьлядоў. Тым часам паказаньні Залатарова, вядуць да новых фігурантаў справы.

(Радыё Свабода, паводле Arizona Republic, Scotsman, Reuters, Internet.com)
XS
SM
MD
LG