Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень салідарнасьці быў адзначаны і ў Вільні


Тацяна Поклад, Вільня У Вільні акцыя салідарнасьці зь сем''ямі зьніклых і палітвязняў адбылася у трэці раз. На гарадзкую імпрэзу “Дзень беларуска-літоўскай салідарнасьці” сабралася больш як сто чалавек.

Віленская імпрэза да Дня салідарнасьці сабрала поўную залю людзей розных нацыянальнасьцяў, пераважна беларусаў і літоўцаў, -- больш за сотню чалавек. Акцыя ладзілася у будынку Дому настаўнікаў на вуліцы Віленскай, гэта месца памятнае беларусам ранейшымі урачыстымі акадэміямі да Дня Волі.

Адбыўся імправізаваны мітынг на дзьвюх мовах, у якім бралі удзел і прадстаўнікі беларусаў, і літоўскія палітыкі. Адзін з выступоўцаў, дэпутат парлямэнту Ёнас Чэкуоліс, прамовіў ня толькі па-літоўску, але і па-беларуску. У залі побач зь літоўскім быў разгорнуты бел-чырвоны-белы сьцяг.

Акцыю зладзіла моладзевая арганізацыя “Аб''яднаны цэнтар беларускіх ініцыятываў”, да якіх далучыліся беларускія і літоўскія студэнты, прадстаўнікі розных беларускіх суполак. Паводле арганізатараў, акцыя скіраваная да шырокай грамадзкасьці. У распаўсюджаным загадзя паведамленьні, якое падалі многія інфармацыйныя агенцтвы і інтэрнэт-сайты ў Літве, арганізатары заклікалі: “Лёзунг “За нашу і вашу волю!” дасюль актуальны, парасткам беларускай свабоды патрэбная ваша падтрымка!”

У часе акцыі упершыню ў Літве адбыўся паказ мастацкага фільму Аляксандра Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі”, забароненага ў Беларусі, а таксама былі прадстаўленыя слайды пра Беларусь, і рэтраспэктыва здымкаў Руселіка з ранейшых віленскіх акцыяў да Дня салідарнасьці. А восьмай гадзіне на 15 хвілінаў былі запаленыя белыя і чырвоныя сьвечкі.

Акцыя была адметная увагай разнастайных сродкаў масавай інфармацыі Літвы, як на літоўскай, так і на іншых мовах, -- беларускай, польскай, расейскай. Гэта трэцяя акцыя беларуска-літоўскай салідарнасьці. Два месяцы таму ўпершыню адбыўся шлях салідарнасьці па ўсіх значных для беларусаў мясьцінах Вільні, дзе запальваліся сьвечкі, і а восьмай гадзіны вечара 16 сьвечак былі запаленыя перад брамай амбасады Рэспублікі Беларусь у Літве. 16 сьнежня летась акцыя салідарнасьці адбылася ля Вострай брамы, там жа былі запаленыя сьвечы, а ва ўніяцкай царкве Трох віленскіх пакутнікаў у Базыльянах адбылася літургія па-беларуску і малебен за Беларусь.

Гл. таксама • У Варшаве больш як 300 чалавек удзельнічалі ў акцыі салідарнасьці (фота) • У Менску адбылася акцыя салідарнасьці, затрыманы двое (фотарэпартаж)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG