Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Георгі Сысой


Сяргей Астраўцоў, Горадня З Горадні прыйшла сумная вестка: памёр Георгі Сысой — галоўны рэдактар газэты “Милицейский вестник”, аўтар кнігі дэтэктываў на беларускай мове, адзін з кіраўнікоў гарадзенскай “Грамады” ў першай палове 1990-х гадоў. Яму быў 51 год.

Георгі Сысой нарадзіўся ў 1956 годзе ў Глускім раёне ў вёсцы Прыварацьце. У Горадні пражыў трыццаць гадоў.

Мы пазнаёміліся зь ім гадоў дваццаць таму. Зрэшты, міліцэйскай адукацыі ў яго не было. Закончыў Інстытут культуры, адказваў у абласной управе ўнутраных справаў за культурна-асьветную работу і сувязі з прэсай. Пазьней атрымаў юрыдычную адукацыю ў Гарадзенскім унівэрсытэце.

У першай палове 1990-х гадоў Георгі Сысой быў адным з тых службоўцаў, хто па-сапраўднаму ганарыўся кукардай з Пагоняй на сваёй фуражцы. Пасьля стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады ён стаў адным з самых актыўных удзельнікаў гарадзенскай арганізацыі Грамады.

Успамінае яе кіраўнік, цяпер удзельнік Грамады Міхал Патрэба:

“Разважлівы, інтэлігентны, сам знайшоў дарогу да нас, быў некаторы час намесьнікам старшыні, я быў тады старшынём. І ўвогуле такія гаворкі ішлі, і я сам быў гэтым задаволены, што ёсьць на каго перакласьці гэты цяжар, мы ўжо зьбіраліся выбраць яго на старшыню.

Але зьмянілася сытуацыя, і ён сказаў, што я пакуль прыпыняю сваё сяброўства ў партыі. Ён спыніў сваё сяброўства не таму, што забаяўся, а таму што не было як яго працягваць у сувязі зь яго працай”.

Маёр міліцыі на чале партыйнай арганізацыі БСДГ — гэта сапраўды зрабілася немагчымым.

Адзінаццаць гадоў таму Георгі Сысой узначаліў новую газэту “Милицейский вестник”, у ёй былі таксама публікацыі на беларускай мове, публікацыі, прысьвечаныя беларускай спадчыне.

Але яму было гэтага замала, ён сам пісаў міліцэйскія дэтэктывы, але — на беларускай мове. У Менску выйшлі тры ягоныя аповесьці пад адной вокладкай — “Па воўчым сьледзе”.

Рэдагаваў зборнік пісьменьнік Генрых Далідовіч, ён успамінае:

“Я адзін раз фактычна ў жыцьці і бачыў яго, але калі я выступаў у Горадні, ён падышоў: выбачайце, хораша па-беларуску загаварыў, вось я такі і такі. Я кажу: для мяне ня мае значэньня, дзе вы служыце, абы проза была.

Калі чалавек у пагонах і піша па-беларуску, я зрабіў — і ў прынцыпе я пра яго добрай думкі. І шкадую: у прынцыпе гэта ж яшчэ малады чалавек — 51 год, на дзесяць гадоў маладзейшы за мяне”.

Кніжка “Па воўчым сьледзе” выйшла ў 1999-м, аўтару вельмі хацелася ўступіць у Саюз пісьменьнікаў, але сытуацыя вакол арганізацыі ўскладнялася, і ён не наважыўся на гэта.

Праўда, і ў створаны ўладамі новы саюз таксама не ўступаў. Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Георгі Сысой працягваў рэдагаваць газэту, памёр ад хуткацечнага раку. На трэці дзень, 30 лістапада, яго адпелі ў гарадзенскім праваслаўным Сьвятапакроўскім саборы. Прысутнічалі ня толькі сваякі, міліцыянты, але і шмат журналістаў.

Пасьля адпяваньня намесьнік галоўнага рэдактара “Милицейского вестника” Алег Іваноў сказаў:

“Сьветлай памяці Георгі Іванавіч быў працаўнік, і да канца змагаўся, да канца перажываў за газэту. І я думаю, што найлепшай памяцьцю яму, напэўна, будзе гэтая газэта”.

Журналістка Ала Бібікава:

“Вельмі добры чалавек, вельмі добры, за дзесяць гадоў працы, калі мы разам працавалі, не было ніводнага канфлікту, непаразуменьня. Чалавек высакародны, добры, сьветлы, мы за яго будзем маліцца”.

Георгія Сысоя пахавалі на могілках над Нёманам у вёсцы Прыгодзічы — на радзіме жонкі, у Гарадзенскім раёне.

Па ім засталася жонка Ніна і двое дарослых дзяцей: сын Вячаслаў — капітан міліцыі, дачка Алена закончыла беларускую філялёгію ў Белдзяржунівэрсытэце, цяпер вучыцца ў магістратуры ў Варшаве.
XS
SM
MD
LG