Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “Спатрэбілася ўсяго 15 хвілін, каб вынесці рашэнне аб закрыцці “Свабоды”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 26 лістапада ў розныя гады мінулага.

“Сялянская ніва” ў 1927 годзе іранізуе: “У сувязі з 10-мі ўгодкамі істнаваньня ў Расеі бальшавіцкай улады, урад у сваім маніфэсьце задэкляраваў работнікам 7-гадзінны дзень працы... Бальшавікі пастараюцца зьдзейсьніць сваю дэклярацыю. А дзеля гэтага робіцца шмат кім гэтакая экспэртыза: за першае дзесяцігодьдзе работнікі заваявалі 7-мі гадзінны дзень працы, дык і далей... пойдзе заваяваньне тым самым крокам і напрамкам, а знача — за 70 гадоў заваююць тое, што ня трэба будзе нічога рабіць: усё будзе тварыцца само”.

“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1957 году пераказвае выступ М.Лужаніна на сходзе работнікаў літаратуры і мастацтва БССР: “Сьцьвердзіўшы, што беларуская мова ўсякімі спосабамі выганяецца з публічнага й прыватнага жыцьця краіны і заменьваецца расейскай мовай, паэта выказаў свае... шчырае жаданьне: “Хочацца, каб мова беларуская чулася ня толькі ў творчых арганізацыях, але і ў установах, школах сярэдняй і вышэйшай, каб яна была і на папяроснай каробцы, і на трактары, і на станку”.

“Свабода” на гэтым тыдні 1997 году ў пазачарговым выданьні паведамляе: “Учора Вышэйшы гаспадарчы суд прыняў рашэнне спыніць дзейнасць газеты “Свабода”... Па сутнасці, судовага працэсу не было. Суддзі М.Клімянковай, якая разглядала справу, спатрэбілася ўсяго 15 хвілін, каб вынесці рашэнне аб закрыцці “Свабоды”. Суддзя абвесціла, што рашэнне ўступае ў законную сілу з моманту яго прыняцця. Гэта значыць, што ад сённяшняга дня “Свабода” не мае права выходзіць у свет — ліцэнзія ануляваная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG