Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таісія Кабанчук: “Інтарэсамі чытачоў дзяржава не цікавіцца”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Доўгія гады наш сёньняшні грамадзкі рэдактар Таісія Кабанчук з Бабруйску працавала бібліятэкарам. Таму першая з тыднёвай сэрыі гутарак зь ёй прысьвечаная стану гарадзкіх бібліятэк.

Уліцёнак: “Што ўяўляюць сабой сёньняшнія бабруйскія бібліятэкі?”

Кабанчук: “За апошнія дзесяць гадоў іх колькасьць не зьмянілася”.

Уліцёнак: “Хоць горад істотна вырас…”

Кабанчук: “Так. Але ў мяне няма інфармацыі пра адкрыцьцё нейкай новай бібліятэкі”.

Уліцёнак: “Вашыя былыя калегі трымаюцца за працу?”

Кабанчук: “Нехта з-за любові да прафэсіі. Некаму няма дзе больш уладкавацца. Асабліва ў такім горадзе, як наш. Іншыя дапрацоўваюць да сваёй пэнсіі. Ва ўсякім разе заробкі людзей не прывязваюць спэцыяліст: нават першай катэгорыі мае ўсяго каля 200 умоўных адзінак. Але гэта з усімі-усімі накруткамі! Бязь іх выходзіць удвая менш. Людзі культуры, асабліва бібліятэкары, зусім не шыкуюць”.

Уліцёнак: “Бібліятэчныя фонды: хапае новай літаратуры, часопісаў, прэсы?”

Кабанчук: “Падпісныя выданьні толькі зьверху спускаюцца – выключна дзяржаўная. Напрыклад, прэса”.

Уліцёнак: “Бібліятэкары, што ведаюць попыт, на той працэс уплыву ня маюць?”

Кабанчук: “Некалі абяцалі, што яны змогуць самастойна выкарыстоўваць на тыя мэты сродкі, атрыманыя ад платных паслугаў. Аднак як дайшло да справы, дык нікога да грошай не падпусьцілі”.

Уліцёнак: “Што найперш хвалюе бібліятэкараў гораду?”

Кабанчук: “Нізкія заробкі. Плюс адсутнасьць сучаснага, так бы мовіць, асартымэнту”.

Уліцёнак: “А чым цікавяцца наведвальнікі бабруйскіх бібліятэк? Хто яны?”

Кабанчук: “У асноўным студэнты і школьнікі. А чытаюць практычна адну толькі праграмную літаратуру”.

Уліцёнак: “Атрымліваецца, цікавасьці да кніг паменела?”

Кабанчук: “Не. Справа ў іншым: людзі прыходзілі-прыходзілі, а патрэбнага новага чытва няма й няма… Як ня можам задаволіць попыт, дык і перасталі цікавіцца намі. Аддаюць цяпер перавагу інтэрнэту. Апазыцыйным выданьням”.

Уліцёнак: “А чым найперш цікавіліся?”

Кабанчук: “Кнігамі Васіля Быкава, Вольгі Іпатавай, Уладзімера Арлова… А магчымасьці знайсьці іх у бібліятэцы няма. Дзяржава забараняе. Кіраўнікі бібліятэк з гэтым нічога зрабіць ня могуць. Іхныя жаданьні нікім ня ўлічваюцца. Тым больш – жаданьні чытачоў…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG