Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 21 лістапада


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На сайце “Наша Ніва” наведнікі адгукаюцца на інфармацыю пра пагадненьне між вядомымі беларускімі музыкантамі Аляксандрам Кульлінковічам, Лявонам Вольскім, Алегам Хаменкам ды Ігарам Варашкевічам з намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім. Чыноўнік абяцае зьняць негалосную забарону на выступ музыкантаў, тыя ў сваю чаргу паабяцалі не выступаць на палітычных акцыях. Камэнтары:

“Прыемна ўражаны. Навіна больш сэнсацыйная, чым санкцыі “Белнафтахіму”;

“Дурыць галаву і падманвае. Ніякага даверу Праляскоўскаму!”

На форумах парталу Tut.by камэнтуюць выказваньні расейскай кінаактрысы Лідзіі Федасеевай-Шукшыной на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Зорка савецкага кіно сказала, што ёй вельмі падабаецца кіраўнік Беларусі, што народ яго любіць, і што ён “сапраўдны мужык”. Камэнтары:

“Я яе разумею, у Маскве да яе анікому няма справы, не пазнаюць. А тут сам прэзыдэнт пазнаў, у крамах спэцабслугоўваньне ладзяць”;

“А ў чым яна ня мае рацыі? Сапраўдны вясковы мужык”;

“Ну ня ведае яна, што насамрэч дзеецца ў Беларусі. Яна ацаніла мужыка за 5 хвілін камунікаваньня”.

Andorac піша ў сваім дзёньніку: “17 сьнежня ў студэнтаў адбяруць ільготы. А ім, здаецца, на гэта глыбока напляваць. Ніводнай акцыі зь лета так і не правялі”. Камэнтары:

“Ня толькі студэнты. Увогуле, часам здаецца, што змагаесься дзеля тых, каму гэта не патрэбна. ДЫК НАВОШТА? І прыходзіш да высновы, што трэ'' рабіць тое, што патрэбна табе і тым, хто цябе разумее. Беларуская салідарнасьць ;-) А ўвогуле, гэта напэўна наступствы панаваньня савецкай імпэрыі, якая дзесяцігодзьдзямі зьнішчала індывідуальнасьць і прышпільвала пакорнасьць”;

“Рацыя. Гэтая савецкая мэнтальнасьць і выхаваньне людзей у духу "пакуль мяне не кранаюць", "трэба жыць ціха, мірна, як усе" (выразы нават маіх сямейных), робіць вынікі... Як "статак" жыць – яны могуць, а вось каб аб''яднацца дзеля патрэбаў хаця б аднаго й у выніку дзеля лепшай долі ўсіх – гэта ўжо праблема”.

Сайт “Наша Ніва”, сярод іншага, анансуе дэманстрацыю відэароліку пра працу газэты “Наша Ніва” ў Варшаве 23 лістапада. Ролік можна паглядзець у сеціве на сайце archive.org. На стужцы цяперашнія і былыя супрацоўнікі газэты распавядаюць пра сябе і сваю працу. Гаворыць Сяргей Харэўскі:

“Бадай, толькі ў мяне аднаго ў працоўнай кніжцы ёсьць такі даўжэзны запіс, што я працую ў “Нашай Ніве” з 1991 году. Здавалася б, можна было даўно сысьці. Як сышоў першы галоўны рэдактар, другі... Я маю на ўвазе адноўленую “Нашу Ніву”. А я вось усё сяджу і сяджу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG