Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі на Свабоду: “Чаму Лукашэнка адбірае ў інвалідаў тое, чаго не даваў?”


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду — 15 лістапада, чацьвер.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Беларусь атрымае за льготную цану расейскія ракетныя комплексы “Іскандэр” — пра гэта паведаміў прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі Міхаіл Пузікаў.

Адмыслоўцы называюць гэта адказам на разьмяшчэньне ў Эўропе элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы проціракетнай абароны. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Ларыса, Менск: “Калі наша краіна хоча быць незалежнай, дык навошта нам ракеты, якія расейскі бок будзе ўсталёўваць у нашай краіне? Я разумею, што беларускі бок дае згоду. Гэта недальнабачная палітыка. Мы будзем пад прыцэлам.

Я перажыла Другую ўсясьветную вайну. Вельмі ня хочацца перажыць гэта яшчэ раз на старасьці гадоў. Тое, што перажыла, і ворагу не жадаю”.

Улады Беларусі працягваюць падрыхтоўку да будаўніцтва ў краіне атамнай электрастанцыі. Камэнтар слухача:

Андрэй, Пінск: “Добры дзень. Прэзыдэнт падпісаў указ аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Беларусі, а павінен быў падпісаць указ аб правядзеньні рэфэрэндуму ў пытаньні будаўніцтва АЭС.

Але сытуацыя ў Беларусі такая, што эканамічная й палітычная сытуацыя прысьпешвае нашага прэзыдэнта.

Але я думаю, што атамная электрастанцыя — гэта няправільны крок, бо ёсьць яшчэ вельмі шмат магчымасьцяў паправіць сытуацыю ў эканоміцы.

Проста трэба ўпарадкаваць, напрыклад, у ЖКГ. Там сядзіць шмат людзей — але што яны робяць, простаму чалавеку не зразумець”.

У студзені набывае практычную сілу закон, які адмяняе льготы для шэрагу катэгорыяў грамадзянаў краіны. Выказваньне на гэтую тэму:

Спадарыня: “Кебіч і Шушкевіч далі інвалідам ільготы. Лукашэнка даваў абяцанкі-цацанкі. Чаму цяпер Лукашэнка адбірае ў інвалідаў тое, чаго не даваў? Дык гэта называецца стабільнасьць?

Цяпер інваліды на выбары ня пойдуць.”

Далей пытаньні на адрас нашага радыё:

Віталь: “Добры дзень, супрацоўнікі Радыё Свабода! Мяне завуць Віталь. Я хацеў бы даведацца, як можна вас слухаць. Я лавіў вас не ў FM-дыяпазоне, а на доўгіх хвалях, але ніяк не знаходжу. Бывае, што знаходжу, але вас дрэнна чуваць. Дзякуй вам вялікі за вашу працу”.

Спадарыня, Пінск: “Добры вечар. Вось выбрала вечарам час паслухаць навіны “Свабоды”. Наладавала прымач на сярэднія хвалі. Слабенькі прымач, але можна было слухаць. А паступова беларуская мова зьнікла, стала чуваць кітайскую.

Наладзіла на 31 мэтар — тое самае: слабы сыгнал перайшоў на кітайскую мову. Больш я нідзе не магу наладаваць. У мяне такое пытаньне: можа ў мяне стары ВЭФ, ці ў кагосьці добрыя новыя глушылкі?”

Адказвае журналіст Сяргей Шупа:

“Найперш пра глушылкі. Ніякіх пацьверджаньняў чутак пра глушылкі ў нас няма. І гэта не такая танная справа — выкарыстоўваць глушылкі супраць радыё сёньня, у ХХІ стагодзьдзі.

Што тычыцца прыёму на сярэдніх хвалях, то Пінск даволі далёка ад нашага віленскага перадатчыка. Натуральна, што там прыём няпэўны. Таму лепш шукаць на кароткіх хвалях.

Але прыём на кароткіх хвалях вельмі часта залежыць не ад нас, а ад мэтэаралягічных умоў. Мы маем дзьве частаты ў кожным блёку вяшчаньня, а таму проста трэба шукаць.

А наш зімовы расклад, на які мы перайшлі разам зь пераходам на зімовы час, можна знайсьці на нашым сайце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG