Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску яшчэ няма ні грузінскага амбасадара, ні будынку амбасады


Ганна Соўсь, Менск Як разьвіваюцца афіцыйныя беларуска-грузінскія дачыненьні? Нягледзячы на тое, што дыпляматычныя стасункі паміж краінамі ўсталяваныя яшчэ ў 1994 годзе, толькі сёлета пастанавілі адкрыць амбасады ў Тбілісі й Менску. Нядаўняе пацяпленьне ў дачыненьнях аналітыкі зьвязваюць з пагаршэньнем беларуска-расейскіх стасункаў.

Грузінскага амбасадара ў Беларусі яшчэ няма, як і будынку амбасады. Як патлумачылі “Свабодзе” ў беларускім Міністэрстве замежных справаў, яшчэ не завершаная адпаведная працэдура.

Дыпмісію Грузіі ў Беларусі цяпер прадстаўляе часовы павераны Давід Катарыя. Аднак у яго яшчэ няма нават кантактных тэлефонаў, і МЗС зьвязваецца зь ім праз электронную пошту.

Сёлета вырашылі адкрыць і беларускую амбасаду ў Грузіі, аднак прадстаўнікоў беларускай дыпмісіі ў Тбілісі яшчэ няма.

“Грузія падтрымлівае Беларусь “як краіну, у дачыненьні да якой ёсьць дакладная агрэсія з боку Расеі”

Сёлета ў верасьні адбыўся візыт у Беларусь міністра ўнутраных справаў Грузіі Іванэ Мэрабішвілі, які некаторыя аналітыкі назвалі нечаканым.

На сустрэчы зь ім Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь поўная рашучасьці аднавіць і пашырыць дачыненьні з Грузіяй, пакінуўшы ў мінулым супярэчнасьці ў стасунках.

Тады ж міністар Мэрабішвілі перадаў Лукашэнку “вялікае прывітаньне ад прэзыдэнта Саакашвілі” й заявіў, што “на афіцыйным і неафіцыйным узроўні наш прэзыдэнт падкрэсьлівае збліжэньне, якое ёсьць паміж вамі”.

Аднак ужо на наступны дзень пасьля сустрэчы Мэрабішвілі з Лукашэнкам кіраўнік грузінскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Георгі Бакерыя заявіў, што гэтая сустрэча не азначае зьмены пазыцыі афіцыйнага Тбілісі адносна падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі.

Пры гэтым палітык падкрэсьліў, што Грузія падтрымлівае Беларусь, “як краіну, у дачыненьні да якой ёсьць дакладная агрэсія з боку Расеі, што назіраецца апошнія паўгоду”.

Тады ж Бакерыя заявіў пра плянаванае зацьвярджэньне парлямэнтам кандыдатуры Давіда Занкаліяні на пасаду амбасадара Грузіі ў Беларусі.

Дарэчы, Занкаліяні — адзін са стваральнікаў руху “Кхмара” і ўваходзіць у кіроўную партыю “Адзіны нацыянальны рух”.

“Грузія як звычайны апанэнт Расеі, была і для Беларусі закрытай краінай”

Нагадаю, што раней грузінска-беларускія дачыненьні складваліся няпроста. Грузія пагражала ўвесьці візавыя санкцыі супраць беларускіх кіраўнікоў.

Грузінскіх моладзевых актывістаў дэпартавалі зь Беларусі, Менск і Тбілісі вялі няспынную інфармацыйную вайну, БТ палохала беларусаў жудасьцямі “рэвалюцыі ружаў” (гэта працягваецца і цяпер). Грузію вінавацілі ў падрыхтоўцы баевікоў для скіданьня беларускага рэжыму.

Аднак пры гэтым кантакты Беларусі зь мяцежнымі грузінскімі аўтаноміямі былі больш стрыманымі, чым кантакты Масквы. Беларусь не ішла за Расеяй ні ў дэпартацыях грузінскіх грамадзянаў, ні ў маштабных эканамічных санкцыях супраць Тбілісі.

Цяперашнія спробы палепшыць дачыненьні з Грузіяй палітоляг Уладзімер Мацкевіч зьвязвае з пагаршэньнем стасункаў Беларусі і Расеі.

“Грузія як звычайны апанэнт Расеі, была і для Беларусі закрытай краінай. Гэтаму яшчэ спрыяла тое, што вельмі дрэнныя сытуацыя ў грузінскай эканоміцы, і таму яна не ўяўляла да сёньняшняга часу эканамічных інтарэсаў для Беларусі.

Што тычыцца нейкіх спробаў усталяваць дачыненьні з Грузіяй у апошні час, то яны хутчэй зьвязаныя з абвастрэньнем беларуска-расейскіх дачыненьняў.

Што цяпер будзе адбывацца, сказаць цяжка, тым больш што і сама палітыка Грузіі на сёньняшні момант ня вызначаная”, — кажа палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Дагавор аб усталяваньні дыпляматычных стасункаў паміж Беларусьсю і Грузіяй быў падпісаны ў студзені 1994 году. З таго часу краіны падпісалі пяць міжнародных пагадненьняў.

Летась таваразварот з Грузіяй склаў 21,5 мільёна даляраў. Паводле МЗС Беларусі, аснову беларускага экспарту ў Грузію складаюць цукар, малако і малочныя прадукты, шыны, лекавыя сродкі, помпы вадкасныя, лядоўні, запалкі ды іншае.

З Грузіі ў Беларусь імпартуюцца збольшага натуральныя вінаградныя віны, моцныя сьпіртовыя напоі, мінэральныя воды й арэхі.

• Саакашвілі стаў сябрам Лукашэнкі?, 17.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG