Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Славутыя асобы Беларусі” – на журфаку ў Менску


Севярын Квяткоўскі, Менск Назва выставы графікі Зьмітра Шапавалава і літаграфіі Ляілі і Валянціна Варэцаў дала назву сустрэчы пісьменьніка Ўладзімера Арлова са студэнтамі журфаку БДУ. Сустрэча ладзілася 6 лістапада ў чытальнай залі факультэту. Шэраг мастацкіх твораў прысьвечаны постацям палітычнай і культурнай гісторыі Беларусі – ад Эўфрасіньні Полацкай да Івана Луцкевіча. Пра нядаўні і сучасны стан гістарычных ведаў беларусаў расказваў на сустрэчы Ўладзімер Арлоў.

Арганізатарам літаратурна-мастацкай імпрэзы выступіў студэнт факультэту журналістыкі, моладзевы актывіст Франак Вячорка:

“Мяне заўсёды цікавіла, чаму ў нас на журфаку гісторыя Беларусі выкладаецца толькі адзін сэмэстар. Няўжо аднаго сэмэстру дастаткова, каб прайсьці ўсю шматвяковую беларускую гісторыю, спазнаць усіх славутых постацяў, зразумець і адчуць культуру нашай краіны”.

У залі прысутнічалі як студэнты, што прыйшлі па абвестцы пра імпрэзу, гэтак і выпадковыя навучэнцы БДУ, якія рыхтаваліся да заняткаў. Але як толькі пачаўся выступ Уладзімера Арлова, практычна ўсе засталіся слухаць пісьменьніка. Уладзімер Арлоў пачаў здалёк, з часу свайго навучаньня на гістфаку БДУ, і адзначыў, што ў тую пару ён ня ведаў амаль аніводнай гістарычнай постаці з тых, хто выяўлены на карцінах: “У часы БССР афіцыйная вэрсія беларускай гісторыі пачыналася ад 1917 году”. Уладзімер Арлоў:

“Гэта сапраўды было. Але, я думаю, які хоць і пакручасты, але вялікі шлях з тых часоў мы прайшлі ў справе вяртаньня нам нашай гістарычнай памяці. І мы самі, грамадзяне Беларусі, і нашыя блізкія і далёкія суседзі, пачынаем усё больш разумець, што наша эўрапейская гісторыя – гэта своеасаблівы пропуск у нашу эўрапейскую будучыню”.

Уладзімер Арлоў адзначыў, што цяпер у Беларусі ёсьць людзі, якія б хацелі рэанімаваць старыя савецкія міты пра тое, што ў беларусаў не было сваёй гісторыі да прыходу да ўлады бальшавікоў:

“А хтосьці, напэўна, марыць увогуле гісторыю зьвесьці ці пачаць з тых часоў, калі піва каштавала 37 капеек. Ці, можа, увогуле пачаць зь сярэдзіны 1990-х гадоў. Таму рэдагуюцца падручнікі, таму рэдагуюцца энцыкляпэдыі”.

Ад агульных разваг пра стан гістарычных ведаў беларусаў сустрэча перайшла ў прэзэнтацыю для студэнтаў новай кнігі Ўладзімера Арлова “Імёны Свабоды”, якая выйшла ў кніжнай сэрыі “Бібліятэка “Свабоды”. Аўтар патлумачыў, што жаданьне стварыць зборнік кароткіх біяграфіяў дзеячоў беларускага руху зьявілся сярод іншага як пратэст супраць навязваньня беларусам думкі, што незалежнасьць на краіну звалілася зь неба, што за яе ніхто не змагаўся:

“Гэта кніга, у якой сабраныя эсэ ня толькі пра вельмі вядомых людзей. Тут сабраныя тэксты пра тых, хто нібыта прайшоў праз маё жыцьцё, хто паўплываў на мяне як асоба. Паўплываў сваім прыкладам, сваімі ўчынкамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG