Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Шыдлоўскі: “Я веру, што пасьля мяне будзе нешта і з маіх спраў”


Радыё Свабода Кастусь Шыдлоўскі, краязнавец з Браслава – удзельнік праграмы “Ў што я веру”

Нечакана для мяне гэтае, на першы погляд даволі простае пытаньне, аказалася зусім ня простым. І не з прычыны таго, што адказаў на яго можа быць шмат.

Звычайная для нас рэпліка – я веру ў тое і тое – часьцей за ўсё вымаўляецца па завядзёнцы, не кранае больш глыбокага сэнсу панятку “вера”. У мітусьні штодзённых клопатаў увогуле не даводзіцца разважаць над гэтым. Але вось цяпер спрабую разабрацца. Не, не ў катэгорыях і дэфініцыях, проста ў сваіх адчуваньнях.

Ты жывеш на гэтым сьвеце дзеля кагосьці, працуеш, каб асягнуць пэўнай мэты. У гэтым напрамку і шукай свой сымбаль веры, тыя перакананьні, якія ўзмацняюць твае сілы, жывяць твой дух, накіроўваюць памкненьні, урэшце дазваляюць спрабаваць адказаць на вечнае пытаньне аб сэнсе існаваньня.

Вера – гэта яшчэ і ўпэўненасьць. Аднак жа кожнаму чалавеку ўласьціва сумнявацца. Ці аслабляюць сумненьні веру? Ці можна назваць верай тое, у чым сумняваемся, і да якой ступені?

Адказаў на гэтыя пытаньні не ведаю.

Перабіраю варыянты адказу на пастаўленае пытаньне. Але замест перакананьняў і ўпэўненасьці – адно сумненьні.

Вось каб пытаньне гучала іначай: “У што я хацеў бы верыць?”

Хацеў бы шчыра, самааддана, безаглядна верыць у Бога, у тую звышсілу, якая была б у стане перайначыць, зьмяніць да лепшага гэты недасканалы сьвет, у тым ліку і мяне.

Я хацеў бы верыць, што ўсё адно сьвет становіцца лепшым, чысьцейшым, больш шчырым і прыязным да цябе. Я хацеў бы верыць, што дурнота, хамства, здрада, нянавісьць, зайздрасьць і ўся іхняя кампанія адыдуць у нябыт.

Я хацеў бы верыць у мудрасьць свайго народу і яго эліты.

Я хацеў бы верыць у тое, што людзі зьменяцца да лепшага да таго, як іх памылкі ўжо немагчыма будзе выпраўляць.

Я хацеў бы верыць... Хацеў бы. Але ці дам рады верыць?..

Я ведаю шчыры адказ і хачу зноў схавацца ў мітусьні штодзённых клопатаў. І тым ня менш, ня ўсё страчана – пакуль жыве прага да Веры, покуль ты крочыш па шляху да Веры праз усе свае сумненьні.

У гэтыя адметныя дні восеньскіх дзядоў мы з асаблівым пачуцьцём згадваем і ўшаноўваем памяць сваіх продкаў, адчуваем духоўную повязь з папярэднікамі, блізкімі нам па крыві і па духу. Найлепшае ім ушанаваньне, як падаецца, – гэта калі мы сваім жыцьцём хаця б часткова спраўдзілі іх надзеі, іх мары.

Я вельмі хацеў бы верыць, што нешта вартае зрабіў дзеля гэтага. Я вельмі хацеў бы верыць у тое, што ў сьвеце, які будзе пасьля мяне, зьдзейсьніцца нешта і з маіх мараў і надзеяў.

Я вельмі хацеў бы верыць, што ў вечную несьмяротнасьць пойдзе і часьцінка, няхай самая маленькая, маёй душы, маіх спраў.

Не. Скажу іначай: “Я сапраўды ў гэта веру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG