Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За апошнія гады людзі сталі жыць лепш. А вы іх клічаце на вуліцу”


Валянцін Жданко, Менск Значнае месца ў нашай пошце апошніх тыдняў займаюць лісты, у якіх слухачы выказваюцца наконт масавых апазыцыйных акцыяў, якія ўжо адбыліся альбо заплянаваныя на бліжэйшы час — гэта Эўрапейскі марш, шэсьце ў Курапаты на Дзяды і Сацыяльны марш 4 лістапада.

Значнае месца ў нашай пошце апошніх тыдняў займаюць лісты, у якіх слухачы выказваюцца наконт масавых апазыцыйных акцыяў, якія ўжо адбыліся альбо заплянаваныя на бліжэйшы час — гэта Эўрапейскі марш, шэсьце ў Курапаты на Дзяды і Сацыяльны марш 4 лістапада.

Свой погляд на дачыненьні грамадзтва і палітычнай апазыцыі ў нашай слухачкі Марыны Аўсянкінай зь Менску:

“Сьмешна слухаць, як нашы лідэры апазыцыі аж захлынаюцца ад захапленьня — як жа, на Эўрапейскі марш прыйшлі ажно пяць тысяч чалавек, на Дзяды — ажно тысяча. І гэта ў двухмільённым горадзе. Ды не глядзіце вы на сьвет праз ружовыя акуляры: ня хочуць людзі хадзіць на вашы акцыі.

Мяркую так па сваіх бацьках. Заводзкіх заробкаў сёньня хапае ня толькі на харчы й адзеньне, але і на тое, каб купіць патрыманы нямецкі аўтамабіль. Бацька кажа: у маладосьці пра ўласнае аўто нават ня марыў. А цяпер езьдзіць на лецішча на дзесяцігадовым “Фольксвагене”. Зьбірае грошы на адпачынак на моры ў Турцыі… За апошнія гады людзі рэальна сталі жыць лепш. А вы іх клічаце на вуліцу…

Калі аўтарытарны (ці дыктатарскі — называйце, як хочаце) рэжым здольны забясьпечыць прымальны ўзровень жыцьця, ніякія дэмакратычныя лёзунгі не прымусяць людзей пратэставаць супраць такой улады. І папракаць іх за гэта ды чакаць нейкіх цудаў палітычнай актыўнасьці ў заможнай, стабільнай і сытай краіне — вялікае глупства”.

Пытаньне ў тым, спадарыня Аўсянкіна, ці можна лічыць сёньняшнюю Беларусь, як вы пішаце “заможнай, стабільнай і сытай”.

Думаю, у соцень і соцень тысяч беларускіх грамадзянаў, якім не хапае заробкаў і пэнсіяў на самае неабходнае (найперш на харчаваньне і на ўтрыманьне дзяцей), з вашымі высновамі не пагодзяцца.

І ці здольная забясьпечыць аўтарытарная сыстэма ўлады высокі жыцьцёвы ўзровень у краіне? Увесь эўрапейскі й амэрыканскі досьвед сьведчыць якраз пра адваротнае.

Наш слухач Уладзіслаў Міцкевіч з Браслава ў сваім лісьце на “Свабоду” зьвяртае ўвагу на пляны пабудовы расейскага газаправоду “Норд Стрым”, які павінен прайсьці па дне Балтыйскага мора, у абыход Беларусі, Польшчы і краінаў Балтыі.

Прэзыдэнт Лукашэнка прапануе Маскве адмовіцца ад праекту, абяцаючы вялікія льготы, калі тая пагодзіцца на значна больш танны газаправод праз тэрыторыю Беларусі. Але Расея не пагаджаецца. Чаму?

Вось як адказвае на гэта пытаньне Ўладзіслаў Міцкевіч:

“Трэба ўлічваць імпэрскія пляны Масквы, якая імкнецца разгарнуць яшчэ большую нафтагазавую вайну, і ня толькі супраць Беларусі, але ўжо і супраць краінаў Балтыі. Ну, а каб гэтым шантажом не падвесьці сваіх заходнеэўрапейскіх спажыўцоў, яна пачала пракладаць трубу праз Балтыку. Крутнуць цяпер у Расеі вэнтыль — і Лукашэнка адразу стане больш згаворлівым.

Як тут не згадаць ідэю Балцка-Чарнаморскага калектару, якую ў свой час адхіліў Лукашэнка?

Трэба зазначыць, што маленькія балтыйскія краіны, маючы свой уласны флёт, здолеюць неяк выкруціцца –— паліва можна дастаўляць і морам. А вось як быць Беларусі?”

У сваім лісьце Ўладзіслаў Міцкевіч таксама апісвае ўражаньні ад нядаўняга наведваньня Латвіі:

“Кошты на тавары ў нашых дзьвюх краінах амаль аднолькавыя, калі ня лічыць праезду ў гарадзкім транспарце і алькаголю (гэта ў нас крыху таньней). 300—400 латаў там — не такі ўжо вялікі заробак (пры тым, што 1 лат ужо больш за 4 тысячы беларускіх рублёў).

Адчуваецца недахоп працоўнай сілы, бо моладзь павыяжзджала на заробкі ў Данію, Галяндыю, Англію. Выехаць туды для грамадзяніна Латвіі не складае ніякай праблемы.

Адзін мой знаёмы, папрацаваўшы два месяцы ў дацкага фэрмэра, вярнуўся адтуль з грошамі, ды яшчэ і не на абы-якім легкавіку. Цяпер працуе падсобным рабочым на будоўлі за 800 латаў у месяц. Зразумела, што на працу ў Расею з Латвіі ніхто ня едзе”.

Расея імкнецца атрымаць альтэрнатыўны канал для паставак свайго газу ў Заходнюю Эўропу. Вінаваціць яе ў гэтым выпадку ў імпэрскіх амбіцыях наўрад ці варта, спадар Міцкевіч.

Яна ўжо ня раз сутыкалася з газавым шантажом з боку Ўкраіны і Беларусі, якія спрабавалі несанкцыянавана забіраць паліва з транзытнай трубы альбо ўвогуле перакрывалі газавы вэнтыль, дамагаючыся зьніжэньня кошту паліва.

Альтэрнатыўны маршрут газавай трубы праз Балтыку значна больш дарагі, чым новая нітка Ямал –— Заходняя Эўропа празь Беларусь і Польшчу. Але ў выніку транзытныя краіны страчваюць сваё манапольнае становішча на рынку, а значыць, ня здолеюць дыктаваць коштаў транзыту.

Гэтак сама Беларусь, Украіна і балтыйскія дзяржавы могуць (і вымушаныя) шукаць альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі, каб не залежаць толькі ад расейскіх паставак, бо гэта і эканамічна, і палітычна небясьпечна.

Даўні сябар “Свабоды” Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну ў сваім новым лісьце сярод іншага паведамляе пра якасьць будаўніцтва так званых “прэзыдэнцкіх” домікаў — жыльля, якое ўзводзіцца ў аграгарадках коштам дзяржаўнага бюджэту:

“Вось сям’я Касянюкоў атрымала такі дом, з радасьцю ў яго засялілася. А празь месяц пачалі рушыцца перагародкі: ледзь дзеці ад іх не пацярпелі. Гаспадыні давялося зьвяртацца ў пракуратуру, бо будаўнікі адмовіліся рабіць рамонт. Цяпер рамонтныя працы вядуцца. Але будуюць на пяску, цэмэнт кідаюць толькі для выгляду. Як яно будзе стаяць?

І ў Макранах аналягічная сытуацыя. Далі домік Федарчуку Вячаславу. Ён усяліўся і выявіў: калі не замацаваць падмурак, дык цэгла пойдзе ўніз. Бо завужаныя падмуркі. Дык выпраўлялі, далівалі бэтон, кладучы сетку. Але ці выратуе гэта?”

На будаўніцтве гэтых домікаў улады эканомяць: ёсьць адпаведнае ўрадавае распараджэньне. Раней прадпісвалася ўкласьціся ў 20 тысяч даляраў за жылы дом — у выніку жытло ў многіх мясьцінах атрымоўвалася з выгодамі на вуліцы і з гаспадарчымі пабудовамі, падобнымі на сабачыя будкі.

Пазьней, калі ў выніку інфляцыі й татальнага росту коштаў на будаўніцтва тую пастанову перагледзелі, сытуацыя павінна была зьмяніцца. Але, як відаць зь ліста слухача, зьмены адбыліся ня ўсюды.

Самі будаўнічыя арганізацыі, якія ўзводзяць такое жыльлё, найчасьцей спасылаюцца на тое, што гэтыя аб’екты не прыносяць ім прыбыткаў і што ў іх не хапае кваліфікаваных будаўнікоў. Найлепшыя будаўнічыя кадры, як вядома, уцякаюць зь Беларусі на будоўлі Масквы, Польшчы і краінаў Балтыі.

Пра ўласныя праблемы паведамляе ў сваім лісьце Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску:

“Афіцыйна я пакуль не ў турме, але што такое для творчага чалавека быць бяз грошай, быць безь людзей (маю на ўвазе творчы калектыў). На сёньня я — беспрацоўны калека. Ну, і што з таго, што пішу вершы на абедзьвюх мовах, пішу музыку, займаюся графікай (галоўным чынам пэйзажам)?

Калі кантактую з чынавенствам аб працаўладкаваньні, такое ўражаньне, што я рос не на іх вачах, не пад іх узьдзеяньнем, а прыляцеў аднекуль з Марсу.

…Якія ворагі й адкуль могуць пераўзысьці бюракратыю? Яна развальвала ўсё, усюды. Заўсёды.

Падкажыце лепш, дзе знайсьці й як атрымаць хоць нейкі заробак? Апошнім часам апускаюцца рукі, часта бываю нястрыманым, а так хацеў бы зрабіць шмат карыснага. Баюся, не пасьпею…”

Аляксандар Яцкевіч таксама даслаў верш, у якім ёсьць такія радкі:

Ў Беларусі Яцкевіч адзіны. Больш, напэўна, такіх ня будзе. Ад улады цярплю толькі кпіны, Можа, рыла маё ў брудзе? …Ці патрэбны мае ім песьні, Што народ мой не дасьпявае? І тлумач сабе, хоць ты трэсьні. А яны, нібы воўчая зграя…

Час цяпер у Беларусі такі, спадар Яцкевіч, што вершаскладаньнем, напісаньнем песьняў ды жывапіснымі працамі ня могуць зарабіць сабе на хлеб нават вядомыя паэты, кампазытары ды мастакі, у якіх у мінулым — і шматлікія зборнікі, і выставы, і прызнаньне, і дзяржаўныя ўзнагароды. Што ўжо казаць пра творцаў самадзейных і малавядомых.

Можа, паспрабаваць знайсьці занятак у іншай сфэры? Паводле афіцыйнай статыстыкі, узровень беспрацоўя ў Беларусі — каля аднаго працэнта. Да гэтай лічбы, вядома, можна ставіцца зь недаверам, але вакантных месцаў на многіх прадпрыемствах і ўстановах у такіх буйных гарадах, як Віцебск, сапраўды, нямала. А з творчасьцю вас, спадар Яцкевіч, усё роўна ніхто не разлучыць — дзе б вы ні працавалі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG