Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Якубовіч ляціць у Ізраіль як пасланьнік прэзыдэнта?


Радыё Свабода Беларускі прэзыдэнт дасылае ў Ізраіль свайго прадстаўніка, каб улагодзіць сытуацыю ў сувязі з выказваньнямі, якія ўспрынялі як антысэміцкія, піша сёньня ізраільская газэта “Jerusalem Post”. Як паведаміў выданьню ў сераду амбасадар Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня, Павал Якубовіч, галоўны рэдактар прэзыдэнцкай газэты “Советская Белоруссия” на наступным тыдні сустрэнецца з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў Ізраілю і журналістамі.

Павал Якубовыч -- габрэй паводле нацыянальнасьці, яго лічаць набліжанай да прэзыдэнта асобай, піша “Jerusalem Post”.

Газэта нагадвае пра выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў. “Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсьці! Сьвінушнік быў! Гэта ў асноўным быў габрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі…”.



Міністар замежных справаў Ізраілю Цыпі Ліўні скрытыкавала выказваньні Аляксандра Лукашэнкі. Яна заявіла, што “роля кіраўнікоў дзяржаваў — змагацца з антысэмітызмам, дзе б ён толькі ні ўздымаў сваю агідную галаву, ва ўсім сьвеце, а не заахвочваць яго! Антысэмітызм — гэта найперш індыкатар грамадзтва, у якім ён узьнікае, і яго кіраўнікоў”.

Прэсавы сакратар беларускай амбасады ў Ізраіле Сяргей Рычэнка сказаў, што частка камэнтароў Аляксандра Лукашэнкі была недакладна перакладзеная, піша “Jerusalem Post”.

Амбасадар Ігар Ляшчэня, які працаваў раней памочнікам прэзыдэнта, гаварыў пра тое, што Аляксандар Лукашэнка “добра ставіцца да габрэйскага народу”. Газэта цытуе беларускага амбасадара, які сьцьвярджае, што ў часе прыватных сустрэчаў Аляксандар Лукашэнка ніколі не выяўляў анытсэмітызму.

Беларускі амбасадар спадзяецца, што візыт пасланьніка прэзыдэнта адкрые новы этап у стасунках паміж Ізраілем і Беларусьсю. Выданьне таксама паведамляе пра сустрэчу амбасадара Ляшчэні з новым намесьнікам кіраўніка дэпартамэнту Ўсходняй Эўропы і Эўразіі МЗС Ізраілю Піні Авіві, падчас якой абмяркоўваўся візыт Паўла Якубовіча ў Ізраіль. Піні Авіві заявіў, што Ізраіль прыме прэзыдэнцкага пасланьніка і тое, што ён хоча данесьці, піша “Jerusalem Post”

Галоўны рэдактар газэты Адміністрацыі прэзыдэнта “Советская Белоруссия” Павал Якубовіч не стаў адказваць на пытаньне Радыё Свабода наконт ягонага візыту ў Ізраіль.

• МЗС Ізраілю адклікала пасла зь Беларусі для кансультацыяў, 18.10.2007 • Амбасадара Ізраілю засмучае, што вінаватых у праявах антысэмітызму ў Беларусі не знаходзяць, 17.10.2007 • Л.Рубінштэйн: “Праява антысэмітызму ў Бабруйску — разбураныя могілкі”, 17.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG