Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Р. Гэйтс: “ЗША ўсё яшчэ лічаць Расею стратэгічным партнэрам”


Юрый Дракахруст, Прага Пра гэта міністар абароны заявіў у інтэрвію нашаму Радыё падчас наведваньня Прагі.

Кіраўнік амэрыканскага абарончага ведамства наведаў Чэхію для чарговага раўнду перамоваў з кіраўніцтвам гэтай краіны аб разьмяшчэньні ў Эўропе элемэнтаў амэрыканскай супрацьракетнай сыстэмы. На сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з кіраўніком чэскага ўраду Мірэкам Тапаланэкам Робэрт Гэйтс сказаў, што Вашынгтон разгледзіць магчымасьць ня ставіць супрацьракеты на баявое дзяжурства, пакуль Злучаныя Штаты ня будуць мець дакладных доказаў ракетнай пагрозы з боку Ірану.

У інтэрвію нашаму радыё міністар запярэчыў меркаваньню, што супярэчнасьці паміж Масквой і Вашынгтонам па праблемам Ірану, Косава і супрацьракетнай абароны вярнулі адносіны паміж дзьвюма краінамі ў стан “халоднай вайны”.

Гэйтс:” Гэта зусім іншы сьвет. Часам рыторыка бывае жорсткай, але ёсьць шмат галінаў, дзе мы можам супрацоўнічаць і дзе мы супрацоўнічаем. Няма нічога падобнага на глябальны канфлікт, які існаваў, калі людзі непакоіліся, што нашы ракеты нацэленыя адны на іншых. Я мяркую. Што гэта зусім іншы сьвет”.

Міністар заявіў, што нягледзячы на праблемы ў адносінах, Злучаныя Штаты дагэтуль лічаць Расею. Сваім стратэгічным партнэрам.

Гэйтс:”Я мяркую, што наш падыход павінен палягаць у тым, што Расея будзе нашым стратэгічным партнэрам да таго часу, пакуль ня будзе даказана адваротнае. Было шмат рыторыкі, але ў тым, што тычыцца канкрэтных крокаў, Расея не зрабіла пакуль ніякіх незваротных дзеяньняў”.

Амэрыканскі міністар абароны выказаў меркаваньне, што шанцы на дэмакратыю ў Расеі яшчэ ня страчаныя, ён падкрэсьліў, што пасьля краху СССР і эканамічнага хаосу, дэмакратыя ў сьвядомасьці расейцаў пачала асацыявацца са зьбядненьнем, злачыннасьцю, панаваньнем алігархаў і крадзяжом. Аднак Робэрт Гэйтс не губляе аптымізму адносна Расеі.

Гэйтс: “Пабудова інстытутаў дэмакратыі патрабуе часу. Толькі наяўнасьць выбараў не азначае, што вы маеце дэмакратыю. І мы глядзім на Расею, якая ня мела дэмакратыі ніколі ў сваёй тысячагадовай гісторыі. Я лічу, што мы павінны спрыяць разьвіцьцю свабоды ў Расеі. Мы павінны спрыяць разьвіцьцю там дэмакратычных інстытутаў. Але мы павінны разумець, што гэта патрабуе часу”.

Міністар абароны ЗША сказаў, што спробы Масквы ствараць саюзы, альтэрнатыўныя НАТА – Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, Дамову аб калектыўнай бясьпецы СНД , не павінны выклікаць занепакоенасьці Захаду. Паводле Гэйтса, НАТА – самы моцны саюз, які калі-небудзь ведаў сьвет. “Ня трэба баяцца ўласнага ценю” – сказаў міністар.

Ён таксама падкрэсьліў, што пытаньне сяброўства ў НАТА Грузіі не павінна стаць разьменнай манетай ў перамовах паміж Вашынгтонам і Масквой, гатовасьць Грузіі да ўступленьня ў Альянс павінна вызначацца, заходзячы зь яе ўнутраных чыньнікаў. Што тычыцца ўступленьня ў НАТА Ўкраіны, Робэрт Гэйтс сказаў, што гэтая пэрспэктыва “не зьяўляецца імавернай ў бліжэйшы час” з прычыны адсутнасьці згоды па гэтай праблеме ва ўкраінскім грамадзтве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG