Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вакцыны супраць грыпу: панацэя ці самаперакананьне?


Радыё Свабода Сэзонную эпідэмію грыпу адмыслоўцы сёлета прагназуюць пры канцы студзеня – напачатку лютага. Але ад мінулага тыдня ўжо пачалі рабіць прышчэпкі супраць грыпу дзецям да трох гадоў. А сёньня ў Менску пачалася бясплатная вакцынацыя насельніцтва, якая ўваходзіць у “групы рызыкі”. Ці эфэктыўныя прышчэпкі ад грыпу, ці ўсім яны дапамагаюць і ад чаго гэта залежыць? Тэма сёньняшняга досьледу “Начной Свабоды”.

Каму вакцына не дапаможа?

Коштам бюджэту дзяржава набыла 310 тысяч антыгрыпозных дозаў вакцыны для дзяцей і 596 тысяч – для дарослых. Лекар-эпідэміёляг Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Раіса Жук зазначае, што бясплатная вакцынацыя разьлічана на некалькі катэгорыяў грамадзянаў. З аднаго боку, гэта тыя, каму ўскладненьні пасьля перанесенага грыпу пагражаюць цяжкімі наступствамі і нават сьмерцю:

“Гэта хранічныя хваробы: дыхальнай, сардэчна-сасудзістай і эндакрынных сыстэмаў, з парушэньнямі функцыі нырак ці гемаглябіннай паталёгіі, з імунадэфіцытамі, у тым ліку ВІЧ, таксама хваравітым дзецям, старэйшым за 6 месяцаў, і людзям старэйшым за 65 гадоў”.

Зь іншага боку, як кажа спадарыня Жук, у катэгорыю высокай рызыкі захварэць на грып трапляюць людзі, якія рызыкуюць захварэць непасрэдна на працы:

“Мэдычны пэрсанал, супрацоўнікі школ, садкоў, дзіцячых дамоў і інтэрнатаў, дамоў дзіцяці, птушкаперапрацоўчых прадпрыемстваў, вэтэрынарныя спэцыялісты, арнітолягі ды іншыя”.

Вакцынацыі падлягае толькі здаровы чалавек

Астатнія групы насельніцтва могуць скарыстацца камэрцыйнымі прапановамі мэдычных структур. У мэдычным цэнтры «Ладэ» расказалі, што папулярнасьць прышчэпак супраць грыпу – устойлівая. Ёсьць шмат кліентаў, якія прышчапляюцца штогод:

«Чалавек трыста... У большасьці гэта – карпаратыўныя кліенты, калі цэлымі прадпрыемствамі, фірмамі, калектывамі вакцынуюцца. Таксама ёсьць, натуральна, і сем''і – але гэта ўжо папросту нашыя кліенты, якія ня толькі прышчэпкі робяць, але наглядаюцца нашымі спэцыялістамі. Цяпер акурат той час, калі трэба рабіць прышчэпку, не цягнуць, як пачнецца эпідэмія – бо ў вакцыны яшчэ інкубацыйны тэрмін ёсьць».

Паводле мэдыкаў, прышчэпку рабіць можна толькі здароваму чалавеку. Пры першых прыкметах прастуды – насмарку ці болю ў горле – вакцынавацца нельга.

Больш псыхалягічны, чым лекавы фактар

А вось піяр-мэнэджэра Натальлю Расьцевіч, як на дзіва, некалі ад грыпу выратаваў менавіта насмарк:

«Я тады працавала ў «Агенцтве Граўцова». Там гэткая карпаратыўная палітыка: у здаровым целе – здаровы дух. І таму ўсю кампанію безь выключэньня вырашылі прышчапіць ад грыпу. Выклікалі лекара. Адзіная, каго не прышчапілі, была я – таму што тады крыху прастыла: насмарк і невялічкая тэмпература была, нельга. Праз тыдзень ці два з грыпам зьлёг увесь офіс, апроч мяне. Натуральна, пасьля гэтага выпадку я наўрад калі-небудзь рызыкну рабіць прышчэпку».

Вытлумачваецца гэтая зьява проста: вірус грыпу мае некалькі тыпаў. Адзін з самых небясьпечных і зьменлівых – тып «А». З-за яго зьменлівасьці штогод даводзіцца зьмяняць хімічны склад вакцыны. Мяняюць яго на падставе досьледаў, прагнозаў і рэкамэндацый Міжнароднай арганізацыі аховы здароўя.

На думку мэдычнай сястры Кацярыны, прышчэпкі ад грыпу засьцерагаюць ад хваробы яшчэ і псыхалягічна. Яна робіць сабе прышчэпкі ад грыпу ўжо тры гады запар:

«Вось я зрабіла прышчэпку і пэўная, што я не захварэю. Ёсьць сэнс. Тры гады запар я не хварэла грыпам – так, былі нейкія дробныя прастуды, але ня гэтак, каб сысьці на бюлетэнь».

У кожным разе, перафразуючы вядомаю прымаўку, на вакцыну спадзявайся, а сам не губляйся. Адмыслоўцы розных мэдычных прафэсыяў згодныя ў адным: аптымістычны настрой і здаровы лад жыцьця абараняюць ад хваробаў ня меней за хімічныя прэпараты.

У Менску аб''явілі эпідэмію грыпу, 22.02.2007
XS
SM
MD
LG