Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксёндз Завальнюк: “У Менску будзе помнік Яну Паўлу II”


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ксёндз-магістар, пробашч касьцёлу сьвятых Сымона і Алены ў Менску Ўладзіслаў Завальнюк паведаміў Радыё Свабода, што ад імя вернікаў зьвернецца ў Міністэрства культуры і перадасьць калектыўную просьбу дазволіць усталяваць у Менску помнік папу рымскаму Яну Паўлу ІІ.

Ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк не абмяркоўвае пакуль пытаньня, якім будзе ў Менску помнік Яну Паўлу II. Ён кажа:

“Я хачу спачатку сустрэцца з прадстаўнікамі дзяржавы. Сёньня мы рыхтуем ліст у Міністэрства культуры. Даводзім, што людзі жадаюць, каб гэты помнік у Менску быў. І як толькі адбудзецца сустрэча з чыноўнікамі, то тады я змагу гаварыць больш упэўнена”.

“Ля Чырвонага касьцёлу сапраўды ўтвараецца беларускае духоўнае каралеўства”

Раней Уладзіслаў Завальнюк прычыніўся да ўсталяваньня помніка Адаму Міцкевічу ў сквэры на вуліцы Гарадзкі вал у Менску. Ля Чырвонага касьцёлу ўсталяваная скульптура сьвятога Юр’я, які забівае цмока. Тут жа звон памяці “Уракамі”, прысьвечаны памяці ахвяраў ядзерных экспэрымэнтаў.

Пра новую ініцыятыву ксяндза гаворыць гісторык Захар Шыбека:

“Я даўно ведаю пробашча Чырвонага касьцёлу і адзначаў ягоную беларускасьць ў кнізе “Нарысы гісторыі Беларусі”. Ён ня можа спыніцца ў гэтай справе. І, дзякуй Богу, што вакол Чырвонага касьцёлу сапраўды ўтвараецца Беларускае духоўнае каралеўства. У маім разуменьні гэты касьцёл — сьвятло на ўсю Беларусь”.

У Беларусі тры помнікі Яну Паўлу II — у вёсцы Мосар, у Валожыне і ў Берасьці

На сёньня ў Беларусі тры помнікі Яну Паўлу II — ля касьцёлаў у вёсцы Мосар, у райцэнтры Валожын і ў Берасьці.

Як лічыць культуроляг Сяргей Харэўскі, папа рымскі меў вялікі ўплыў на падзеі ў Беларусі:

“Янам Паўлам II былі каранаваныя пяць абразоў, асабліва шанаваных у Беларусі. Ён цудоўна ведаў гісторыю Беларусі. Я быў сьведкам, як з Вострай Брамы гучаў яго голас па-беларуску. Жаданьне вернікаў аддаць належнае Яну Паўлу II, які ў немалой ступені паўплываў на беларусізацыю касьцёлу ў Беларусі, цалкам зразумелае”.

“Шкада, што для помнікаў такім людзям адводзіцца месца ў дворыках, а не на плошчах”

Меркаваньне прафэсара Захара Шыбекі:

“Шкада толькі, што для помнікаў тым людзям, якія заслугоўваюць быць ушанаванымі, адводзіцца месца толькі ў дворыках, а не на плошчах.

У свой час Аляксандар Казулін стварыў пантэон нашых выдатных дзеячаў ва ўнівэрсытэцкім дворыку. Помнік Тадэвушу Касьцюшку знаходзіцца ў двары амэрыканскай амбасады. Цяпер вось прапануецца ўсталяваць помнік фактычна ў двары Чырвонага касьцёлу. Але хаця б гэтая ідэя ажыцьцявілася”.

• У Валожыне адкрылі помнік папу рымскаму Яну Паўлу II, 7.07.2007 • У Беларусі ўсталяваны помнік Яну Паўлу II, 6.09.2005
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG