Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Марачкін абнавіў каплічку ў Курапацкім лесе


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ва ўрочышчы Курапаты мастак Аляксей Марачкін абнавіў каплічку, усталяваную паводле ягонана эскізу на месцы расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Аднак у Курапатах зноў пабывалі вандалы.

Каплічка ўсталяваная побач зь вялікім крыжам на ўваходзе ў Курапацкі лес. На ёй выява абраза маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных. Яна была ўсталяваная на Дзяды ў 2003 годзе. У сьнежні 2005 году на абразе невядомыя вандалы намалявалі свастыку. Тады ж былі апаганеныя і іншыя курапацкія памятныя знакі.

Сёньня мастак Аляксей Марачкін прымацаваў на каплічцы новую выяву абраза.

“Тое, што тут апаганілі рэпрадукцыю абраза Маці Божай Курапацкай, арыгінал якой знаходзіцца ў Чырвоным касьцёле, — гэта яшчэ раз гаворыць пра тое, што нашы ўлады не зацікаўленыя, каб гэтае месца стала па-сапраўднаму сьвятым.

Калі ўсё замоўчваецца тое, што тут адбылося, калі аднаўляецца “Лінія Сталіна”, калі замяняюць гэтыя сымбалі нечым іншым, то, безумоўна, знаходзяцца людзі, асабліва моладзь, якая робіць такую шкоду.

Курапаты — нібы баромэтар сёньняшняй маралі, сумленьня, і гэта сымбаль пакутнікаў Беларусі”.

Зьявіліся новыя факты вандалізму ва ўрочышчы Курапаты. Моцна пабітая і пашкоджаная мэмарыяльная шыльда, якая сьведчыць, што гэтае месца ёсьць гістарычна-культурнай каштоўнасьцю. Рэшткі яе прымацаваныя скочам да сасны.

На пачатку году зьнік кавалак мэмарыяльнай лавы, якую падараваў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан падчас візыту ў Беларусь.

Паводле актывіста КХП БНФ Юрася Беленькага, пра факты вандалізму паведамляецца міліцыі, аднак дагэтуль вінаватых не знаходзілі. Грамадзяне штогоду праводзяць тут талокі, прыбіраюць.

Спадар Беленькі сказаў:

“Калі мы ладзім талокі, тады зьяўляюцца міліцыя, КДБ, пачынаюць высьвятляць, хто працуе, ці ёсьць якія друкаваныя матэрыялы. Аднаго разу нават прыляцела абласное начальства. Яны, відаць, бачаць небясьпеку ў тых талоках, калі мы ўпарадкоўваем тут”.

Апошнім часам у Курапатах зьявілася многа новых крыжоў, тэрыторыя прыбраная.

Аляксей Марачкін сказаў:

“Я думаю, што ўсё роўна сюды сумленныя людзі ходзяць і сумленьне, беларускі патрыятызм усё ж пераможа. Усё роўна людзі застануцца людзьмі, нягледзячы на гэты вандалізм”.

Вядоўца: Сябры КХП БНФ падалі заяўку ў Менскі гарадзкі й абласны выканкамы на правядзеньне шэсьця й мітынгу на Дзяды, 28 кастрычніка. Яны просяць дазволу сабрацца ў 11 гадзінаў у Менску каля гадзіньнікавага заводу і ў 14.30 правесьці мітынг у Курапацкім лесе.

Менск, 5.10.2007. Марачкін абнавіў каплічку ў Курапацкім лесе. Пабітая шыльда прымацаваная да сасны Пабітая шыльда прымацаваная да сасны

Менск, 5.10.2007. Марачкін абнавіў каплічку ў Курапацкім лесе. Так выглядала каплічка Так выглядала каплічка

Менск, 5.10.2007. Марачкін абнавіў каплічку ў Курапацкім лесе. Алесь Марачкін мяняе апаганены абраз Маці Божай на каплічцы ў Курапатах Алесь Марачкін мяняе апаганены абраз Маці Божай на каплічцы ў Курапатах

Менск, 5.10.2007. Марачкін абнавіў каплічку ў Курапацкім лесе. Мэмарыяльная лава, якую ўсталяваў прэзыдэнт ЗША, разьбітая Мэмарыяльная лава, якую ўсталяваў прэзыдэнт ЗША, разьбітая

Менск, 5.10.2007. Марачкін абнавіў каплічку ў Курапацкім лесе. Новыя крыжы ў Курапацкім лесе Новыя крыжы ў Курапацкім лесе

• Шэсьць гадоў таму паўстала кругласутачная вахта памяці ў Курапатах, 25.09.2007 • У Курапатах — новы акт вандалізму, 21.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG