Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьяўляецца судзьдзя ў працэсе “яйкаквадратаў” абанэнтам МТС?


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Вярхоўным судзе пачаўся разгляд грамадзянскай справы аб абароне аўтарскіх правоў. Паэт Алесь Разанаў і мастак Віктар Маркавец дамагаюцца ад апэратара мабільнай сувязі “Мабільныя Тэлесыстэмы” прызнаць іх аўтарамі сымбаля, які ад мінулага году выкарыстоўвае кампанія МТС – яйка ў квадраце.

Творцы настойваюць: гэта яны яшчэ 15 гадоў таму прыдумалі “яйкаквадрат”, якому прысьвечаныя філязофскія трактаты, кнігі і выставы. Прадстаўнікі МТС адказваюць, што да “яйкаквадратаў” ня маюць ніякага дачыненьня і карыстаюцца легальным брэндам, зарэгістраваным у Дзяржаўным патэнтным камітэце.

Тры папярэднія сустрэчы у Вярхоўным судзе плёну ня мелі і бакі засталіся на сваіх пазыцыях. Ад сёньня спрэчка за “яйка ў квадраце” будзе вырашацца ў судовым парадку.

На працэс адмыслова прыехаў Алесь Разанаў, які апошнім часам жыве ў Нямеччыне. Ягоныя інтарэсы ў часе суду будзе прадстаўляць адвакат Яўген Партной, абаронцам Віктара Маркаўца -- Надзея Буднік.

На пачатку слуханьняў Разанаў і Маркавец заявілі пра недавер судзьдзі Іне Цысік і запатрабавалі яе адводу. Яны выказалі сумнеў у яе аб''ектыўнасьці, паколькі падчас апошняй сустрэчы бакоў 28 верасьня Цысік не задаволіла запыт Маркаўца на капіяваньне шэрагу статутных дакумэнтаў МТС.

Гэтаксама пазоўнікамі было агучана меркаваньне: калі судзьдзя Цысік зьяўляецца абанэнтам апэратара мабільнай сувязі МТС, яна ня можа ўдзельнічаць у працэсе як незаангажаваная асоба. З аналягічнымі хадайніцтвамі выступілі і адвакаты Разанава і Маркаўца. Судзьдзя тройчы выходзіла ў так званы “узгадняльны пакой” і не знайшла падставаў, каб задаволіць прэтэнзіі пазоўнікаў.

Прысутны на судзе намесьнік начальніка юрыдычнага ўпраўленьня МТС Дзьмітрый Ходас не ўдакладніў, ці ёсьць судзьдзя Цысік абанэнтам кампаніі.

Трэцім бокам “без самастойных патрабаваньняў на баку адказьніка” у працэсе выступаюць прадстаўнікі шэрагу СМІ, якія на сваіх старонках друкавалі рэкляму МТС. Гэта газэты “Советская Белоруссия”, “Звязда”, “Рэспубліка”, “Комсомольская правда в Беларуси”, “Аргументы и факты в Беларуси”, “Белорусы и рынок”, а таксама часопіс “Мобильная связь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG