Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатаў, якія скасавалі льготы, хочуць адклікаць


Алесь Дашчынскі, Менск У шэрагу выбарчых акругаў Беларусі грамадзяне плянуюць адклікаць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Кампанія распачалася ў Барысаве, Гомелі, Жлобіне, Наваполацку і Мар''інай Горцы.

Пытаньне аб адкліканьні дэпутата можа быць узьнята на сходзе. Ініцыяваць яго правядзеньне можа група колькасьцю 150 выбарцаў. У некаторых акругах для гэтага ўжо сабраныя подпісы.

У Барысаве група выбарцаў мяркуе ініцыяваць адкліканьне дэпутата Леаніда Козіка, старшыню Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Актывіст кампаніі Віктар Гарбачоў сказаў:

“Людзі цудоўна разумеюць, што чалавек пры такой пасадзе і галасуе за адмену льгот... Таму падтрымка насельніцтва ёсьць. Козік наадварот мусіць змагацца за абарону сацыяльных ільгот, а ён падняў руку. У нас ёсьць матэрыялы зь ягонымі абяцаньнямі, і мы пакладзем разам і пакажам: вось што ён абяцаў, і вось што адбылося”.

У Жлобіне выбарцы плянуюць адклікаць дэпутатку Ніну Кабернік. Яны ўжо сустрэліся з дэпутаткай і спыталі, чаму ж яна падтрымала адмену сацыяльных ільготаў? Актывіст Валеры Рыбчанка:

“Яна сказала, што па льготах яна галасавала сьвядома, бо вельмі цяжкае становішча ў краіне. Трэба яго папраўляць, і яна прагаласавала, каб гэтыя грошы засталіся ў бюджэце. Мы напісалі заяву і зьбіраем подпісы”.

У Пухавічах чакаюць сустрэчы з дэпутатам Ігарам Катляровым. Актывіст Сяргей Абразоўскі сказаў:

“Калі ён ішоў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, у яго было 14 пунктаў. На мой погляд, ён ня выканаў ніводнага. Запрасілі, сабралі подпісы, бо інакш ён ня едзе на сустрэчу ў наш рэгіён, дзе мы жывём. Чаму ён ня едзе на сустрэчу з выбарцамі? Не выконвае свае 14 пунктаў? Таму й запушчана працэдура яго адкліканьня”.

У Наваполацку ініцыятары адкліканьня дэпутатаў, якія галасавалі за скасаваньне льготаў, атрымалі буйныя штрафы. Яны сабралі больш за тры тысячы подпісаў выбарцаў. Іх зьвінавацілі ў парушэньні патрабаваньняў Выбарчага кодэксу.

Апазыцыйны палітык Валеры Ўхналёў ацэньвае ход кампаніі:

“Там, дзе гэта пайшло актыўна, там ёсьць і адказ улады. Людзей ужо судзілі. За год да складаньня паўнамоцтваў дэпутата яго нельга адклікаць. Чаму ўлады і зацягваюць, бо празь месяц нельга ўжо пачынаць гэту працэдуру. Але мы паказваем стаўленьне выбарцаў да сваіх дэпутатаў, да іх абяцанкаў”.

Сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік з гэтай нагоды заявіў:

“Існаваньне закону аб адкліканьні дэпутата якраз і дае магчымасьць адклікаць некампэтэнтных дэпутатаў, якія сябе скампрамэтавалі. Гэта вельмі складаная працэдура, і я ня ведаю, не сустракаўся з такімі дэпутатамі, у якіх у акрузе было б 20 працэнтаў праціўнікаў”.

• Студэнты хочуць адклікаць дэпутатаў, 17.07.2007 • Захацелі адклікаць дэпутатаў? Селі на лаву падсудных, 25.09.2007 • Наваполацак: за спробу адклікаць дэпутатаў — буйныя штрафы, 25.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG