Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Хадыка: “Мы спадзяемся на саступкі з боку ўладаў...”


Юрась Бушлякоў, Прага Госьцем “Начной Свабоды” ў сераду быў адзін з заяўнікаў рыхтаванага дэмакратычнымі сіламі “Эўрапейскага маршу-2007”, вучоны-фізык, мастацтвазнаўца, палітык Юры Хадыка.

Бушлякоў: Сёньня арганізатары Эўрапейскага маршу на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску паведамілі, што шукаюць кантактаў з уладамі з мэтай забясьпечыць мірнае правядзеньне Эўрапейскага маршу. Скажыце, калі ласка, на сёньняшні дзень – ці атрымалі арганізатары хоць якія адказы ад уладаў? Ці ёсьць, скажам, рэакцыя на саму заяўку на марш – гэтая заяўка перадавалася яшчэ ў жніўні ў Менгарвыканкам?

Хадыка: Ну, зразумела, што чакаць адказу ад Менгарвыканкаму яшчэ зарана вельмі. Бо яны, вядома ж, будуць трымацца нормаў, закладзеных у законе і выдадуць нам адказ менавіта за пяць дзён. А сутнасьць нашай ініцыятывы ў тым, што мы зьвярнуліся са спэцыяльнай просьбай сустрэцца да намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта спадарыні Пяткевіч. Улічваючы, што яна ў свой час, паабяцаўшы не разганяць дэманстрацыю прадстаўніку Дзярждэпу Злучаных Штатаў, гэтае абяцаньне вытрымала. Ну, вынікае, што мабыць у яе ёсьць такія магчымасьці, таму для таго, каб забясьпечыць мірны характар дэманстрацыі, безь зьбіцьця, без аўтазакаў, без чарговых палітзьняволеных, была ўтворана перамоўная група ў складзе Багданкевіч, Марыніч, Саньнікаў, Івашкевіч, Хадыка, і мы ўзялі на сябе ініцыятыву такой папярэдняй сустрэчы з тым, каб дасягнуць пастаўленай мэты – прыцягненьня максымальнай колькасьці людзей і распачаць дыялёг зь беларускім грамадзтвам, распачаць рэалізацыю той тактыкі, якая была ўхвалена 7-ым Кангрэсам дэмакратычных сіл.

Бушлякоў: Чаму менавіта цяпер – сёлета ў кастрычніку? Чаму менавіта Эўрапейскі марш? Чаму вы спыніліся на такой назьве гэтай акцыі?

Хадыка: Па праўдзе кажучы, назвы маглі б быць розныя, але справа ў тым, што эканамічны стан у краіне пагаршаецца, пра што сьведчыць і такая мітусьлівая палітыка сёньняшняга рэжыму па пошуку крэдытаў для затыканьня прарэх у дзяржбюджэце. І такую дапамогу можа даць рэальна толькі дэмакратычны сьвет, Эўропа, якая дасьць іх пры ўмове пэўных саступак рэжыму ў бок дэмакратызацыі грамадзкага жыцьця і эканамічных рэформаў. Паколькі ад нас залежыць і мы зацікаўленыя ў дэмакратызацыі палітычнага жыцьця, гэта вельмі зручная сытуацыя для пачатку меркаванага дыялёгу. Ніхто, вядома, ня можа нам гарантаваць посьпеху, але губляць надзею, я лічу, немагчыма.

Бушлякоў: Арганізатары Эўрапейскага маршу абвяшчалі яшчэ ў жніўні пра маршрут гэтай акцыі – ці гатовыя вы абмяркоўваць з уладамі сам маршрут маршу?

Хадыка: Безумоўна, што мэтай нашай меркаванай сустрэчы зь Пяткевіч было б у першую чаргу ўзгадненьне маршруту, узгадненьне характару дэманстрацыі – мы б маглі браць на сябе абавязкі не палохаць насельнікаў гэтага “Чырвонага дому”, мы не зьбіраліся заклікаць людзей да нейкіх гвалтоўных дзеяньняў. МІрнае шэсьце з папулярызацыяй тых дванаццаці ўмоваў, якія выстаўляе Эўразьвяз Беларусі з абяцаньнем значнай эканамічнай падтрымкі. Паколькі наш народ у гэтым зацікаўлены, то ён зацікаўлены і ў палітычнай дэмакратызацыі.

Бушлякоў: Ці можам мы цяпер казаць, што рыхтаваны на 14 кастрычніка Эўрапейскі марш – гэта агульная акцыя ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі.

Хадыка: Ва ўсякім выпадку перамоўная група мае легітымную падтрымку ад усіх удзельнікаў Аб''яднаных дэмакратычных сіл. Калі вы маеце на ўвазе асаблівае стаўленьне да многіх падзей Руху “За Свабоду”, дык ён – за такія перамовы, а значыць і за Эўрапейскі марш. Я думаю, што гэта будзе агульная акцыя.

Бушлякоў: Сёньня нашая карэспандэнтка правяла апытаньне каля кінатэатру “Кастрычнік”. Яны пыталася ў людзей: “Што можа прымусіць вас удзельнічаць у вулічнай акцыі?”...



... ці былі ў гэтым апытаньні нечаканыя для Вас адказы?

Хадыка: У некаторым сэнсе нечаканым быў той энтузіязм, зь якім маладыя людзі гаварылі, што калі не яны, то хто будзе змагацца за свабоду ў нашай краіне.

Бушлякоў: Як ініцыятары Эўрапейскага маршу зьбіраюцца даносіць інфармацыю пра гэтую акцыю?

Хадыка: Па-першае, ужо праведзеная не адна прэс-канфэрэнцыя, і мы вельмі спадзяемся на падтрымку незалежных сродкаў масавай інфармацыі, бо тая, мэта, якую ставіць перад сабой Эўрапейскі марш – яна безумоўна на карысьць беларускага народу, хоць гэта і пэўная падтрымка існуючаму рэжыму, бо эўрапейская фінансавая дапамога адначасна працягвае існаваньне гэтага рэжыму. Але бяз гэтага нас чакае глыбокі крызыс. Сёньня на прэс-канфэрэнцыі прафэсар Багданкевіч гэта вельмі яскрава праілюстраваў, паказаўшы, што запазычанасьць нашай краіны няўхільна расьце і ў 2012 годзе дасягне велічыні, якая будзе роўная палове ВУП. Усё гэта яскрава сьведчыць, што тыя прагнозы, якім і журналісты незалежных СМІ перасталі верыць – што наш рэжым чакае эканамічная катастрофа – пачынаюць спраўджвацца.

Бушлякоў: Як арганізатары бачаць маршрут Эўрапейскага маршу, арганізацыю акцыі 14 кастрычніка? Адкуль дакуль?

Хадыка: Пададзена заяўка на збор на Кастрычніцкай плошчы і правядзеньне мітынгу каля Нацыянальнай бібліятэкі. Вялікі маршрут. Мы, вядома, будзем згодныя абмяркоўваць месца збору, калі яно будзе выклікаць нейкае асаблівае незадавальненьне рэжыму. Але ва ўсякім выпадку мы будзем прытрымлівацца гэтага накірунку і спадзяемся ўсё ж на саступкі з боку ўлады, бо яшчэ раз хачу падкрэсьліць: мэта маршу – дасягненьне паразуменьня паміж Беларусьсю і Заходняй Эўропай, дэмакратычнымі краінамі, Эўрапейскім зьвязам, якое будзе карысным для народу, як для рэжыму, так і для апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG