Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Польскіх шпіёнаў” пакаралі. Адвакаты адмовіліся ад камэнтароў


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня вынесьлі прысуд групе грамадзянаў Беларусі, абвінавачаных у здрадзе дзяржаве. Суд прызнаў іх вінаватымі ў наўмысным шпіянажы, які пашкодзіў зьнешняй бясьпецы і абароназдольнасьці Беларусі.

Афіцэраў Уладзімера Рускіна, Віктара Богдана, Паўла Пяткевіча і Сяргея Карнілюка суд пакараў пазбаўленьнем волі. Пяткевічу і Карнілюку далі 7 гадоў кожнаму, Богдану — 9, а Рускіну — 10 гадоў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Уладзімера Рускіна прызналі таксама вінаватым у арганізацыі шпіянажу замежным грамадзянінам, які зьбіраў і перадаваў зьвесткі на заданьне замежнай выведкі.

Уладзімера Рускіна, Віктара Богдана, Паўла Пяткевіча і Сяргея Карнілюка пазбавілі вайсковых званьняў — старшага лейтэнанта запасу, маёра, маёра запасу, капітана запасу адпаведна.

Судзьдзя Аляксандар Лупіновіч заявіў:

“Прысуд ня можа быць абскарджаны і апратэставаны ў касацыйным парадку”.

Судзьдзя зачытаў толькі тую частку прысуду, якая ня ўтрымлівае сакрэтаў. Да прыкладу, пра рэчавыя доказы:

“Рэчавыя доказы ў справе: два мабільныя тэлефоны “Нокія”, лічбавы фотаапарат “Кэнан”, вогнетушыльнік, аўтамабіль “Мэрсэдэс-бэнц”, які належыць Рускіну, сыстэмны блёк кампутара і два мабільныя тэлефоны “Нокія”, якія належалі Богдану, сканфіскаваць у прыбытак дзяржавы. Аўтамабільную бірульку “Аўдзі” — зьнішчыць”.

Частка іншых рэчавых доказаў будзе захоўвацца ў справе.

Рускіна і Богдана затрымалі 5 студзеня, а Пяткевіча і Карнілюка — 31 студзеня. Нагадаем, што КДБ паведаміла пра затрыманьне “польскіх шпіёнаў” толькі ў ліпені, незадоўга да адстаўкі старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі.

Разгляд справы пачаўся 4 верасьня і праходзіў пры зачыненых дзьвярах. На абвяшчэньне прысуду запрасілі журналістаў. Аднак яны мусілі пакінуць на ўваходзе ў залю фотаапараты і мабільныя тэлефоны. Відэаздымкі падчас абвяшчэньня прысуду таксама былі забаронены.

Чатырох “польскіх шпіёнаў” ахоўвалі шасьцёра міліцыянтаў. Яны не дазволілі пасьля абвяшчэньня прысуду падысьці нават да адвакатаў. Журналісты не дачакаліся адвакатаў і каля ўваходу ў Вярхоўны Суд.

Сакратарка Вайсковай калегіі Вярхоўнага Суду адмовілася назваць прозьвішчы абаронцаў:

“Я не магу вам даць такой інфармацыі. Нельга. Сёньня ж адвакаты не захацелі пагутарыць з прэсай. Мне забаронена даваць такую інфармацыю”.

Пракурор пасьля працэсу сказаў, што прасіў практычна тое самае пакараньне, якое вынесла Вайсковая калегія.

Некаторым адвакатам удалося датэлефанавацца, але яны адмовіліся ад камэнтароў.

Адна з адвакатак, якую замянілі за некалькі дзён да працэсу, сказала, што адносна Карнілюка наагул заяўлялася хадайніцтва аб спыненьні справы.

Іншая адвакатка спаслалася на тое, што яе падабаронны ня хоча, каб ягонае імя недзе фігуравала ў прэсе.

Адвакат Богдана заявіў, што ня можа даць камэнтар, бо яшчэ ня размаўляў са сваім падабаронным.

Праваабаронца і адвакат Гары Паганяйла так пракамэнтаваў прысуд:

“Прысуд, канечне, вельмі жорсткі, нават празьмерна. Бо, калі верыць прэсе, стратаў дзяржаве іх дзеяньні не нанесьлі. Іх шпіёнская дзейнасьць была спыненая ў самым пачатку, калі яны яшчэ не пасьпелі перадаць матэрыялаў замежным службам”.

Адносна паводзінаў адвакатаў спадар Паганяйла сказаў:

“Адвакатура даўно пад кантролем дзяржавы. Запужаныя адвакаты. Тыя справы, якія вядзе КДБ, яны спэцыфічныя і ў выбары адвакатаў. КДБ выбірае якраз тых адвакатаў, якія найбольш паслухмяныя. Я не зьдзіўлюся, калі там былі парушэньні права абвінавачаных на абарону”.

Раней абвяшчалі, што прысуд “польскім шпіёнам” вынесуць 12 верасьня. Аднак, паводле прадстаўніка Вайсковай калегіі Вярхоўнага Суду, адзін з падсудных у апошнім слове нечакана памяняў паказаньні. Пасьля гэтага аднавілі сьледзтва. Учора працэс скончыўся.

Менск, 14.09.2007. Суд над польскімі шпіёнамі. Прозьвішчы “польскіх шпіёнаў” на невялікім цэтліку – гэта ўсё, што далі журналістам у Вярхоўным судзе Прозьвішчы “польскіх шпіёнаў” на невялікім цэтліку – гэта ўсё, што далі журналістам у Вярхоўным судзе

Менск, 14.09.2007. Суд над польскімі шпіёнамі. На трэцім паверсе будынку Вярхоўнага суду адбываўся зачынены працэс над “польскімі шпіёнамі”. Фатаграфаваць можна было толькі будынак На трэцім паверсе будынку Вярхоўнага суду адбываўся зачынены працэс над “польскімі шпіёнамі”. Фатаграфаваць можна было толькі будынак

• Адзін з “польскіх шпіёнаў” памяняў паказаньні, 12.09.2007 • Адвакаты “польскіх шпіёнаў” адмаўляюцца ад камэнтароў, 06.09.2007 • “Польскіх шпіёнаў” судзяць за зачыненымі дзьвярыма, 04.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG