Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прэзыдэнт паабяцаў залатыя горы, і сотні рук пацягнуліся да кармушкі”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 10 верасьня ў розныя гады.

“Савецкая Беларусь” у 1927 годзе пад загалоўкам “Колькі важыць кропка над “і” піша: “З якой дакладнасьцю можна важыць у сучасных лябараторыях, паказвае наступны вопыт. Вопыт рабілі так: на кавалачку паперы было напісана слова, у якое ўваходзіла літара “і”, прычым кропка над ёй спачатку ня была пастаўлена. Паперку зважылі, затым паставілі кропку і зноў зважылі. Розьніца вагі дала чыстую вагу кропкі. Аказалася, што кропка важыць адну 800.000 долю грама”.

“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1957 году пад загалоўкам “Дэструктары” разважае: “Кажнае палітычнае дасягненьне, царкоўнае, культурнае, навуковае ці мастацкае адразу сустракае ў іх лаянку. Складаецца перакананьне, што іхныя друкаваныя “ворганы” спэцыяльна й існуюць дзеля разбуральнай дзейнасьці. Варта толькі здарыцца нейкаму канструктыўнаму чыну на карысьць Беларусі, як выходзяць іхныя бульварныя газэткі, каб ачарніць здабытае зь вялікімі цяжкасьцямі дасягненьне”.

“Свободные новости” на гэтым тыдні 1997 году адзначаюць: “Памылка была ў тым, што ў БПСМ адпачатку быў закладзены адвечны пазыў да апаратнай барацьбы. Прэзыдэнт паабяцаў залатыя горы, і сотні рук пацягнуліся да кармушкі. Але “раскрутка” ідэі паразытавальнага патрыятызму наўрад ці ўваходзіла ў ягоныя пляны. У гутарцы адзін зь сябраў ЦК скардзіўся: вось ужо два месяцы не атрымліваў зарплаты... А Янчэўскі падчас паездкі на Кубу, як кажуць сьведкі, выдаткаваў у эквіваленце каля 50 млн. рублёў...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG