Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Тарас: “Адамовіч належыць гісторыі. Гэта вялікая постаць”


Ганна Соўсь, Менск Cёньня адзначаюць 80-ю гадавіну з дня нараджэньня пісьменьніка і грамадзкага дзеяча Алеся Адамовіча. Да гэтай даты Саюз беларускіх пісьменьнікаў выдае перапіску Алеся Адамовіча з Васілём Быкавым, а таксама прысьвячае яму верасьнёўскі нумар “Літаратурнай Беларусі”. Афіцыйных ўрачыстасьцяў да 80-годзьдзя Алеся Адамовіча ня будзе.

Мінула трынаццаць гадоў па сьмерці Алеся Адамовіча, але ягоныя творы, выступы, публіцыстыка застаюцца надзвычай актуальнымі, кажа сябар пісьменьніка Валянцін Тарас.

“Таму што амаль нічога не зьмянілася. Для мяне існуюць нібы два Адамовічы. Адзін Адамовіч — гэта проста Саша, чалавек, зь якім я быў блізкі. Пазнаёміўся зь ім недзе ў 1951 годзе, і жыцьцё прайшло побач — нават і тады, калі ён быў ня тут.

А з другога боку — Адамовіч, які ўжо аддзяліўся ад мяне, які ня мне належыць, ня толькі мне, і ня толькі іншым. Гэта Адамовіч, які належыць сапраўды гісторыі, належыць пэўнаму часу, эпосе. Адамовіч — вялікая постаць, Адамовіч — вялікі пісьменьнік, вялікі грамадзкі дзеяч”.

У Беларусі няма шыльды Алеся Адамовіча

У Беларусі няма шыльды ні на адным доме, дзе жыў Алесь Адамовіч. У Менску няма вуліцы, якая б насіла ягонае імя. Аднак нядаўна ў пасёлку Калодзішчы дзякуючы ініцыятыве жыхароў зьявілася вуліца Алеся Адамовіча. Ёсьць невялічкая вуліца імя пісьменьніка і ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёну, дзе ён жыў.

Па сьмерці пісьменьніка за трынаццаць гадоў выйшла некалькі кнігаў. У 1995 годзе першы том Поўнага збору твораў, у 2004-м “Мастацкая літаратура “ выдала “Хатынскую аповесьць” і “Карнікаў”.

У 2003-м дзякуючы намаганьням грамадзкасьці выйшла кніга “Vixi” з трыма апошнімі аповесьцямі Адамовіча — накладам 200 асобнікаў.

І сёлета накладам тысяча асобнікаў да 20-годзьдзя чарнобыльскай катастрофы і да 80-годзьдзя Адамовіча выдалі кнігу “Імя гэтай зоркі — Чарнобыль”. Яе ўкладальніца — дачка пісьменьніка Натальля, якая шмат гадоў зьбірае літаратурную і публіцыстычную спадчыну бацькі.

“Я, канечне, трошкі зьдзіўленая, што сёлета зьнятыя тры дакумэнтальныя фільмы пра бацьку (адзін зь іх на расейскім канале “Культура”). Але і прэса таксама не забыла... “Звязда”, “Комсомолка”, “Советская Белоруссия”, што мяне таксама зьдзівіла.

Праўда, там шмат памылак зроблена. Напісана, што Адамовіч быў акадэмікам, а акадэміка яму не далі найперш з-за Даніэля і Сіняўскага і, па-другое, з прычыны ягонай пазыцыі па Чарнобылі. Па-другое, там напісана, што Адамовіч меў камуністычныя погляды. Ён усё жыцьцё з гэтым змагаўся”, — адзначае Натальля Адамовіч.

У “Дзеяслове” выйдзе перапіска Адамовіча з Быкавым

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч кажа, што не ўдалося атрымаць дазвол на арэнду памяшканьня ў Доме літаратара, каб правесьці вечарыну да 80-годзьдзя з дня нараджэньня Алеся Адамовіча. Аднак да гэтай даты Саюз беларускіх пісьменьнікаў рыхтуе шэраг публікацыяў.

“Маштабная перапіска Адамовіча і Быкава выйдзе у восеньскім нумары часопісу “Дзеяслоў”. Дачка, спадарыня Натальля, нам перадала гэтую перапіску. Гэта, па сутнасьці, новы погляд на Адамовіча-палітыка, на Адамовіча-пісьменьніка. Надзвычай актуальныя гэтыя лісты”.

Карэспандэнтка: “Якіх гадоў гэтая перапіска?”

“Пачынаючы ад знаёмства і да апошніх дзён. І асобна матэрыялы будуць зьмешчаныя ў “Літаратурнай Беларусі”. У верасьні нумар будзе прысьвечаны юбілею Алеся Адамовіча”, — паведаміў Алесь Пашкевіч.

Ва ўсіх энцыкляпэдыях дата нараджэньня Алеся Адамовіча — 3 верасьня 1927 году, аднак насамрэч пісьменьнік нарадзіўся на год раней, і 3 жніўня. Некалі маці ў дакумэнтах “падмаладзіла” сына, каб яго не накіравалі на прымусовыя працы ў Нямеччыну.

Аднак ўжо больш за дзесяць гадоў па сьмерці пісьменьніка 3 верасьня Беларускі ПЭН-цэнтар ганаруе ляўрэатаў літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча. Сёлета яе атрымаў Павал Севярынец за цыкль эсэ “Лісты зь лесу”.

Ляўрэатамі прэміі Алеся Адамовіча ў розныя гады былі Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Валянцін Акудовіч, Сяргей Навумчык, Павал Шарамет, Валянцін Жданко, Віталь Цыганкоў, Сяргей Шупа, Ганна Соўсь, Валер Дранчук, Міхась Скобла, Сяргей Дубавец ды іншыя.

Алесь Адамовіч — пісьменьнік, літаратурны крытык, грамадзкі дзеяч. Скончыў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве, выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце.

З 1987 году — дырэктар Навукова-дасьледчага інстытуту кінамастацтва ў Маскве. Народны дэпутат СССР (1989). Член-карэспандэнт АН БССР, доктар філялягічных навук, прафэсар. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру з 1989 году.

Алесь Адамовіч — аўтар твораў “Вайна пад стрэхамі”, “Хатынская аповесьць”, “Карнікі”, “Апошняя пастараль”, “Я з вогненнай вёскі...” (разам зь Янкам Брылём), “Блякадная кніга” (разам з Даніілам Граніным). Паводле ягоных твораў пастаўлены фільм “Иди и смотри”, які заняў першае месца на Ўсясьветным кінафэстывалі ў Маскве ў 1985 годзе.


• Юбілей Адамовіча афіцыйнымі мерапрыемствамі не адзначаецца,03.09.2007

• Алесь Адамовіч: “Гэты развал — вялікае шчасьце…” ,02.09.2007

• У Менску прэзэнтавалі кнігу Алеся Адамовіча,10.03.2007

• Натальля Адамовіч: “Гэтую кнігу падтрымаў ці бацька, ці Бог, ці нейкая сіла”,11.03.2007
XS
SM
MD
LG