Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі фэномэн Смаленшчыны


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Эфір 30 жніўня 2007 году Удзельнічае гісторык Алег Трусаў

На пачатку восені 1739 году жонка небагатага памешчыка, уладальніка вёскі Чыжова Духаўшчынскага ўезду, Дар’я Васілеўна, якая чакала дзіцяці, убачыла незвычайны сон – на яе накацілася сонца. Неўзабаве нарадзіўся сын. Жыць яму было наканавана ўсяго крыху болей за 50 гадоў. Але якога жыцьця! Надпіс на шыкоўным пахавальным катафалку паведамляў:

“...найруплівейшы сын Айчыны, далучальнік да Расейскай імпэрыі: Крыму, Тамані, Кубані, заснавальнік і сатваральнік пераможных флётаў на паўднёвых марах, ... заснавальнік і сатваральнік многіх гарадоў, апякун навукаў, мастацтваў і гандлю...” І гэта не было перабольшваньнем. Сапраўды, ён з тых людзей, якія складаюць славу і гонар Расеі, Смаленшчыны. Яго імя – князь Грыгорый Аляксандравіч Пацёмкін-Таўрычаскі.


Вячаслаў Ракіцкі: “Няўжо сапраўды князь Пацёмкін беларус?”

Алег Трусаў: “І ня толькі князь Пацёмкін. Уся смаленская шляхта, паводле паходжаньня, беларуская, і продкі Пацёмкіна жывуць на Смаленшчыне аж з 16-га стагодзьдзя”.

Ракіцкі: “А навошта беларусам сёньня далучаць да сваёй гісторыі, да сваёй сьвядомасьці такую не самую прывабную асобу, ня вельмі адназначную нават для расейскай гісторыі?”

Трусаў: “Трэба ведаць заснавальніка Чарнаморскага флёту, заснавальніка такіх гарадоў, як Хэрсон, Севастопаль, Сімфэропаль. І, дарэчы, Пацёмкін быў уладальнікам Крычаву. У Крычаве стаіць трохпавярховы палац, збудаваны гэтым князем. Так што гэта асоба на ўсе сто адсоткаў належыць беларускай гісторыі”.

Ракіцкі: “А кім ён сябе сам лічыў?”

Трусаў: “Цяжка сказаць. Але ўся смаленская шляхта добра ведала беларускую мову. У часе перапісу 1897году 65-70 адсоткаў жыхароў амаль усіх уездаў Смаленшчыны назвалі сябе беларусамі. А на пачатку 20-га стагодзьдзя колькасьць людзей, якія называлі сябе беларусамі, ужо дасягала 75-80 адсоткаў. Гэта – статыстыка савецкіх часоў”.

Ракіцкі: І тым ня меней, гэта – кароткі для гісторыі адрэзак часу. Смаленская ж гісторыя налічвае стагодзьдзі. І землі Смаленшчыны шмат разоў пераходзілі з рук у рукі – то дадаваліся да Вялікага Княства Літоўскага, то да Расейскай імпэрыі”.

Трусаў: “Смаленскія землі – этнічна чыстыя. На іх спрадвеку жылі перадусім крывічы. І нават вядомы савецкі акадэмік Барыс Рыбакоў пісаў, што “Смаленшчына – гэта дзяржава крывічоў сярод рускіх зямель”. Крывіцкія вытокі Смаленшчыны не адмаўлялі нават савецкія гісторыкі. А калі крывічы – не беларусы, дык хто яны?”

Ракіцкі: “Гісторыкі не маглі абвергнуць, але, мы гэта добра ведаем, часам уладары спрабуюць перахітрыць гісторыю, і на пэўны час ім гэта нібыта і ўдаецца. Прынамсі, перахітрыць тых жа гісторыкаў. Дык як жа так здарылася, што на гэтых землях не адбылося той агрэсіўнай русыфікацыі, якая была палітыкай Расейскай імпэрыі?”

Трусаў: “Смаленшчына трапляла ў Расейскую імпэрыю па частках. Першая частка разам са Смаленскам канчаткова трапіла ў склад Масковіі пасьля вайны сярэдзіны 17-га стагодзьдзя, калі ў 1667годзе ў вёсцы Андрусаве Смаленск перадалі Маскве. Аднак, перадалі разам з усім насельніцтвам. І беларуская шляхта, каб ня страціць свае валоданьні, прысягнула на вернасьць расейскаму цару, і цар ня стаў яе высяляць, як у іншых рэгіёнах, у Сыбір ці на поўнач. А потым, калі забралі наступную частку Смаленшчыны – Мсьціслаўшчыну – пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай, уся актыўная русыфікацыя пайшла на захад. Русыфікавалі перш-наперш Магілёўшчыну, Віцебшчыну, Меншчыну, крыху пазьней – Гарадзеншчыну. А пра Смаленшчыну нібы забыліся, бо шляхта служыла верна, уся яна перайшла ў праваслаўе. Смаляне заставаліся беларусамі, болей за тое – іх умацавалі насельніцтвам, вывезеным з цэнтральнай Беларусі”.

Ракіцкі: “Дык хто вінаваты ў тым, што Смаленшчына так і не русыфікавалася? Шляхта ж служыла верай і праўдай расейскаму цару. Шляхта ж прыняла праваслаўе”.

Трусаў: “І потым, у другой палове 19 стагодзьдзя, гэта шляхта прыме самы актыўны ўдзел у беларускім адраджэньні”.

Ракіцкі: “Чаму?”

Трусаў: “Таму што Смаленск быў цэнтрам беларускага гуманітарнага асяродку. У 15-16-м стагодзьдзях менавіта ў Смаленску былі створаныя ўсе беларуска-літоўскія летапісы. Тут быў напісаны славуты Разівілаўскі летапіс, які мае каля тысячы малюнкаў. Смаленск быў культурным цэнтрам сярэднявечнай Беларусі. Расейцы заўсёды патрабавалі ад суседзяў, каб яны аддалі Смаленск і Кіеў. Яны лічылі, што калі завалодаюць гэтымі гарадамі, дык тады ўся гэтак званая “руская” зямля, а гэта значыць, Украіна і Беларусь, стане расейскай”.

Ракіцкі: “Вернемся да асобы Пацёмкіна. А ці магло б быць так, што раптам, пры пэўных умовах, ён адчуў бы сябе беларусам? І што тады было б?”

Трусаў: “Каб, прыкладам, Рэч Паспалітая ўзмацнілася, і каб Аўгуст Панятоўскі, які таксама мае беларускія карані, быў моцным каралём, дык ня выключана, што на пэўных умовах Пацёмкін з усёй сваёй тэрыторыяй і з усёй гэтай шляхтай зноў бы вярнуўся ў Рэч Паспалітую, як ня раз і было са смаленскай шляхтай. Яна ўвесь час выбірала мацнейшага сабе ўладара, і ня раз перабягала то з ўсходу на захад, то з захаду на ўсход”.

Ракіцкі: “І Пацёмкін стаў бы заваёўваць новыя гарады ўжо для Вялікага Княства Літоўскага, Беларусі?”

Трусаў: “Не сумняваюся. Тым больш, што ўся смаленская шляхта была вельмі ваяўнічай. Яна ад Пятра Першага нават атрымала пахвальную грамату, бо яны ваявалі асобна ад расейцаў, мелі свае ўласныя драгунскія палкі. Дарэчы, смаленская шляхта разам з полацкай узялі Ізмаіл”.

Ракіцкі: “Як і калі да жыхароў Смаленшчыны ўсё ж прыйшла беларуская самасьвядомасьць?”

Трусаў: “Яна прыйшла ў другой палове 19-га стагодзьдзя, дзякуючы вядомаму дзеячу Насовічу. Жывучы на Смаленшчыне, у Мсьціславе, Насовіч стварыў першы вялікі беларуска-расейскі слоўнік. І ў гэтым слоўніку мы бачым смаленскі дыялект. Потым возьмем дынастыю Гарэцкіх, якая паходзіць з Багацькаўшчыны Смаленскага ўезду. І нават у савецкі час мы знаходзім там выдатных дзеячаў, якія не адмаўляліся ад свайго беларускага паходжаньня. Прыкладам, выдатны паэт Аляксандар Твардоўскі. Само прозьвішча паказвае на ягоную беларускасьць, што ён са смаленскай шляхты”.

Ракіцкі: “Чаму тут, на самым усходзе Беларусі, адбыліся такія ўнікальныя для беларускай гісторыі працэсы?”

Трусаў: “Яны адбыліся на мяжы дзьвюх культураў. Яшчэ са збору Кіркора прымавак Смалешчыны станавілася зразумелым, што самай папулярнай прымаўкай там была “бойся маскаля – маскаль горш за чорта”. На Смаленшчыну ўвесь час нападалі прадстаўнікі эўраазіяцкай культуры. Смаленшчына і Вільня былі двума стаўпамі беларушчыны. Там пісаліся летапісы. Там будаваліся храмы. Там стваралася беларуская гісторыя. І канчатковая страта Вільні і Смаленску адначасна, а гэта адбылося ў 1919 годзе, прывяла Беларусь да заняпаду, уласьцівага ёй на працягу амаль усяго 20-га стагодзьдзя”.

Ракіцкі: “Чытаем гістарычную літаратуру, выдадзеную ў Расеі. Чуем праз расейскія сродкі масавай інфармацыі, што Смаленск – “исконе и истинно русский город». Калі ён такім стаў?»

Трусаў: «Першая спроба назваць яго такім была зроблена ў самым пачатку 16-га стагодзьдзя. Гэта – 1503-1504 гады, калі расейскія ўлады, а тады яны называліся маскоўскімі, выставілі прэтэнзіі на Смаленск і Кіеў. Менавіта з гэтага часу яны ўсюды называлі гэты горад «истинно русским».

Ракіцкі: “Прыяжджаю ў Смаленск. Бачу гэты горад. Але ня бачу ў ім беларускасьці. Што сталася з гэтым горадам у 20-м стагодзьдзі, якое адбіваецца ў нашым усьведамленьні?”

Трусаў: “У 20-м стагодзьдзі апошні ўздым беларушчыны на Смаленшчыне быў у 20-х гадох. Тады беларускі савецкі ўрад ставіў пытаньне аб перадачы часткі Смаленшчыны ў склад БССР і былі пэўныя дамоўленасьці ў гэтай справе. Гэта – памежныя ўезды ці паветы, і там існавалі беларускамоўныя школы, выходзілі на беларускай мове газэты. Магчыма, да канца 30-га году яшчэ чатыры ці пяць паветаў Смаленшчыны сталі б беларускімі. Аднак, пачаліся сталінскія рэпрэсіі. А потым жахлівая вайна гэтаму цалкам перашкодзіла. Фронт там стаяў два гады – з 1941-га па 1943-і. І аўтахтоннае насельніцтва Смаленшчыны было фізычна альбо зьнішчана, альбо вывезена ў эвакуацыю далёка, у Сыбір. І засялялі ўжо Смаленшчыну людзі з усяго Савецкага Саюзу. Толькі 29 тысяч жыхароў Смаленшчыны цяпер называюць сябе беларусамі”.

Ракіцкі: “Што адбывалася з гэтымі землямі напрыканцы 20-га стагодзьдзя?”

Трусаў: “Заўсёды, калі пачынаецца адраджэньне, Смаленшчына актыўна ў ім удзельнічае. Так адбылося і напрыканцы мінулага стагодзьдзя. Якраз у 1990 годзе я быў у складзе беларускай дэпутацкай дэлегацыі, якая ў Маскве сустракалася з дэпутатамі расейскага парлямэнту ад Смаленшчыны і вяла зь імі перамовы аб магчымым вяртаньні часткі Смаленшчыны ў Беларусь шляхам рэфэрэндуму. Тады якраз у СССР быў прыняты Закон аб рэфэрэндуме. І мы зьдзівіліся апантанасьці ўсіх смаленскіх дэпутатаў у гэтым пытаньні. Яны, як высьветлілася, добра ведалі сваё этнічнае паходжаньне. І яны сказалі нам: “Хлопцы, як толькі будзе рэфэрэндум, мы пойдзем у Беларусь, бо ў Беларусі жывецца лепш”. І каб ня хуткі развал Савецкага Саюзу, ня выключана, што мы б маглі зьдзейсьніць тое, што ня здолелі зьдзейсьніць у канцы 1920-х гадоў нашы папярэднікі – вярнуць хоць бы некалькі самых беларускіх раёнаў Смаленшчыны. Самае цікавае, што як толькі Лукашэнка і Ельцын прыдумалі гэтак званую саюзную дзяржаву, эліта Смаленску тут жа выступіла з прапановай сталіцу саюзнай гэтай нібыта дзяржавы стварыць у Смаленску. Яны нават паказалі мэмарыяльныя дошкі, што менавіта там была створана БССР”.

На перамовах з пасламі Вялікага Княства Літоўскага ў 1503-м і 1504-м гадох расейскія дыпляматы заявілі, што вечны мір зь Вялікім Княствам ня можа быць падпісаны, пакуль пад уладаю літоўскіх князёў застаюцца расейскія землі:

“Ано не то одно наша отчина, кои города и волости и ныне за нами: и вся Русская земля, Киев и Смоленск и иные города... з божьею волею, из старины, от наших прародителей наша отчина”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG