Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што лепш: клясычная прыгажосьць ці новы твар?


Іна Студзінская, Менск У сталіцы Беларусі прайшоў кастынг на конкурс “Міс Менску”. Са 100 удзельніц адабрана 16, прычым 5 зь іх – рудавалосыя. Неўзабаве хтосьці зь іх атрымае карону “Міс Менск-2007” і 8 верасьня прадставіць сталіцу ў нацыянальным конкурсе “Міс Беларусь”. Як складваецца лёс беларускіх прыгажуняў, якія перавагі даюць тытулы “Міс Менск" і “Міс Беларусь”?

Самы першы конкурс прыгажосьці ў Беларусі праходзіў у 1988 годзе і называўся “Міс Менск”. Тады пераможцай стала 18-гадовая студэнтка Ліка Ялінская, зараз вядомая як беларуска-расейская сьпявачка Анжаліка Агурбаш.

З 1998 году нацыянальныя конкурсы прыгажосьці ладзяцца раз на два гады. Яны праходзяць пад патранатам Міністэрстваў культуры, адукацыі, Нацыянальнай школы прыгажосьці і фонду прэзыдэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Ня раз фіналы конкурсу наведваў і Аляксандар Лукашэнка.

“Міс Беларусь” атрымлівае 6 тысяч даляраў

Пераможцамі конкурсаў “Міс Беларусь” станавіліся ў розныя гады Сьвятлана Крук з Горадні, Ганна Стычынская з Магілёву, Вольга Неўдах з Берасьця, Вольга Антропава зь Віцебску і Кацярына Літвінава з Магілёву. “Міс Беларусь” атрымлівае пераходную карону зь белага золата і дыямэнтаў, 6 тысяч даляраў і права прадстаўляць Беларусь на міжнародных конкурсах прыгажосьці. Ляўрэаты конкурсу атрымліваюць ад 3 да 5 тысячаў даляраў. Усім 24-м фіналісткам пакідаюць ўсё адзеньне ад вядучых мадэльераў і бальныя сукенкі ў падарунак.

“Міс Фота Беларусі-2002”, ляўрэат “Міс Эўропы-2003”, дырэктарка Нацыянальнай школы прыгажосьці Вольга Сярожнікава распавяла, што для студэнткі ці дзяўчыны, якая толькі што скончыла школу, гэта істотная падтрымка:

“Такія сумы часьцяком атрымліваюць нават на міжнародных конкурсах. Да таго ж, пасьля гэтага дзяўчаты не застаюцца ў забыцьці, яны пачынаюць езьдзіць на міжнародныя конкурсы прыгажосьці. Пераможцы працуюць як мадэлі, здымаюцца ў рэкляме. Некаторыя дагэтуль працуюць у мадэльным бізнэсе”.

Беларуская прыгажуня Вольга Антропава працуе ў Маямі

Лёсы прыгажуняў складваюцца па-рознаму. “Міс Беларусь 1998” Сьвятлана Крук, да прыкладу, працуе ў мадэльным агенцтве ў Маскве, здымаецца для “Cosmopolitan”, выйшла замуж, нарадзіла дзіця. Вольга Курышка працуе на Беларускім тэлебачаньні. Вольга Стычынская – у агенцыі Сашы Варламава. Вольга Неўдах нядаўна нарадзіла дзіця. Каця Літвінава – твар вядомай польскай кампаніі, працуе як мадэль. Вельмі ўдала склаўся лёс пераможцы 2004 году Вольгі Антропавай, кажа Вольга Сярожнікава:

“Яна адразу паехала на “Міс сьвету” ў Варшаву, дзе было 108 удзельніц. Наша Вольга заняла трэцяе месца, і ёй адразу прапанавалі працаваць у агенцыі “IMG” ў Маямі. Там зусім іншыя ганарары. Усе імкнуцца працаваць ва ўсясьветна вядомых агенцыях, там магчымасьцяў болей – вокладкі часопісаў, рэкляма”.

І ў Беларусі Вольга Антропава – нарасхват, здымаецца ў рэкляме, на білбордах, на вокладках. Вольга Сярожнікава кажа, што ўсё залежыць ад саміх прыгажуняў: хтосьці знайшоў сябе ў іншай прафэсіі, хтосьці робіць мадэльную кар’еру.

“На конкурсах прыгажосьці шукаюць клясычную прыгажуню, на мадэльных конкурсах – новы твар”

Але на шматлікія міжнародныя конкурсы прыгажосьці езьдзяць не абавязкова пераможцы “Міс Беларусі”. Днямі Юлія Богук і Яўгенія Ганчар едуць на адборачны тур “Супэрмадэлі сьвету”, вельмі шчасьлівага конкурсу для беларусак: летась Каця Даманькова перамагла ў гэтым конкурсе, сёлета Вікторыя Махота стала віцэ-міс.

Распавядае кіраўнік Цэнтру моладзевай моды БДУ Саша Варламаў:

“Зараз у Маскву едуць дзьве нашы дзяўчыны з фэстывалю “Млын моды”. Прыехалі арганізатары конкурсу “Супэрмадэль сьвету”, паглядзелі, зрабілі кастынг і сказалі: “Гэта менавіта тыя, якія нас задавальняюць”. Калі прадстаўнікі “Ford models” выбралі, значыць, яны ім спадабаліся”.

А вось тлумачэньні дырэктара Нацыянальнай школы прыгажосьці Вольгі Сярожнікавай:

“Калі на конкурсах прыгажосьці шукаюць клясычную прыгажуню, то на мадэльных конкурсах заўсёды шукаюць новы твар. Яны ўдзельнічаюць у паказах, працуюць мадэлямі. А дзяўчатам, якія перамаглі ў конкурсах прыгажосьці, зусім не абавязкова працаваць мадэлямі, асабліва пераможцам міжнародных конкурсаў. Яны выконваюць прадстаўнічыя функцыі – прыгажуні, якія наведваюць розныя акцыі, ад дабрачынных да камэрцыйных”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG