Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта беларускі рубель хочуць “адвязаць” ад расейскага?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: эканамісты Леанід Злотнікаў і Барыс Жаліба. Эфір 17 жніўня

Наступным годам Нацыянальны банк Беларусі мае намер адмовіцца ад прывязкі афіцыйнага курсу беларускага рубля да расейскага рубля. Ці ёсьць у гэтай даклярацыі палітычная аснова? У чым эканамічны сэнс такіх плянаў? Як гэта паўплывае на гандаль з Расеяй, як адаб’ецца на матэрыяльным стане звычайных беларускіх грамадзян?

Эканамічная ці палітычная аснова адмовы ад прывязкі беларускага рубля да расейскага?

Валер Карбалевіч: “У зьвязку з толькі што адгрымелай чарговай газавай вайной між Беларусьсю і Расеяй уся інфармацыя пра дачыненьні дзьвюх краін успрымаецца ў канфліктным кантэксьце. Вось і зьвесткі пра намер Нацбанку наступным годам адмовіцца ад прывязкі афіцыйнага курсу беларускага рубля да расейскага шмат хто ўспрыняў як крок палітычны. Напрыклад, так расцаніў гэта былы кіраўнік Нацбанку С.Багданкевіч. А былы расейскі палітык, цяпер фінансіст Нячаеў заявіў, што гэты крок азначае канец размоў пра пераход Беларусі на расейскі рубель. Дык ці мае гэта даклярацыя палітычную аснову? Альбо гэта чыста эканамічны крок?”

Леанід Злотнікаў: “Нацбанк не прапанаваў абгрунтаваньняў сваёй пазыцыі. Ужо некалькі гадоў звыш паловы нашага замежнагандлёвага абарачэньня забясьпечвае даляр. Каля траціны гэтага абарачэньня забясьпечвае расейскі рубель.

Палітычную аснову такога рашэньня я бачу ў тым, што вэктары разьвіцьця Беларусі й Расеі значна разыходзяцца. І гэта прыводзіць наша кіраўніцтва да патрэбы адгарадзіцца ад Расеі. Каб уплыў Масквы на беларускую эканоміку і палітыку быў меншым”.

Барыс Жаліба: “Думаю, тут дзейнічаюць і эканамічныя, і палітычныя чыньнікі. Існуе ўсясьветная практыка, калі валюта краіны з больш слабой эканомікай прывязваецца да больш моцнай валюты.

Я лічу, што цягам трох апошніх гадоў беларускі рубель прывязаны не да расейскага рубля, а да даляра. І Нацбанк трымае курс рубля нязьменным ужо шмат часу. Паводле пляну Нацбанку, курс беларускага рубля адносна расейскага павінен вагацца ў год у інтэрвале 2-4%. Лічыць гэта за прывязку да расейскага рубля можна вельмі ўмоўна.

Мяркую, што прывязка нашага рубля да даляра апраўдана. Цяпер курс даляра адносна эўра, расейскага рубля і іншых валют зьніжаецца. І ў такой жа прапорцыі зьніжаецца курс беларускага рубля.

Расейскі рубель мацнее за кошт экспарту Расеяй нафты і газу. А ў Беларусі няма рэсурсаў, каб нашы грошы маглі мацнець і нават утрымлівацца ў межах гэтых 2-4%. Таму трэба адвязацца ад рубля і прывязацца толькі да даляра. Нават у гандлі Беларусі з Расеяй каля 50% разьлікаў вытрымліваецца ў далярах. У тым ліку, разьлікі за газ і нафту.

Яшчэ адзін момант: паводле сацыяльна-эканамічных плянаў, разьлік росту заробкаў адбываецца ў далярах. Вось мінулым годам дасягнулі мяжы 300 даляраў, далей заплянаваны рост сярэдніх заробкаў у краіне да 400-500 даляраў. А раз даляр падае, то дасягнуць плянавых заданьняў будзе лягчэй.

Што тычыцца палітычнага кантэксту. Лічу пытаньне пра пераход Беларусі на расейскі рубель закрытым. Яно зьнята з парадку дня. Гэткае рашэньне Нацбанку – сыгнал Расеі, што ніякага грашовага аб’яднаньня ня будзе”.

У чым эканамічны сэнс гэтых плянаў?

Карбалевіч: “З выказваньняў сп. Жалібы вынікае, што прывязка да даляра, з гледзішча Нацбанку, падаецца лепшай, чым да расейскага рубля. Бо даляр слабее, а расейскі рубель памацняецца. І прывязка да даляра хавае паступовую дэвальвацыю беларускага рубля разам з паслабленьнем даляра”.

Злотнікаў: “Гэта так. Эканамічная сытуацыя ў краіне такая, што ўрад імкнецца абмежаваць імпарт тавараў. Таму што патрэбна валюта, каб разьлічвацца з пазыкамі. І лепшым спосабам для рашэньня гэтай задачы было б паніжэньне пакупніцкай здольнасьці беларускага рубля.

Курс валюты любой краіны павінен адлюстроўваць узровень яе эканамічнага разьвіцьця. У Расеі і Беларусі ўмовы разьвіцьця розныя.

Карбалевіч: “Але кіраўніцтва Беларусі панічна баіцца паніжэньня курсу беларускага рубля. Лукашэнка ўжо які раз прыгадвае сытуацыю падчас навагодняга нафтагазавага крызысу, калі шмат людзей пабегла ў банкі здымаць свае ўклады. І ўлады баяцца паўтору гэтай панікі. Таму намагаюцца ўтрымаць курс рубля любой цаной”.

Злотнікаў: “Каб супакоіць людзей, можна павысіць працэнты па ўкладах і такім чынам кампэнсаваць дэвальвацыю”.

Жаліба: “Ува ўладаў ёсьць падставы баяцца дэвальвацыі. Сапраўды, у сьнежні-студзені ўзьнікла паніка, якую Нацбанк цяжка пераадольваў. Сёньня насельніцтва зьяўляецца асноўным донарам нашай банкаўскай сыстэмы. І ў гэтым палягае небясьпека для банкаў. Бо абываталь уважліва адсочвае менавіта курс беларускага рубля да даляра. І калі адбудзецца хоць невялікая дэвальвацыя, то, верагодна, насельніцтва кінецца ў банкі канвэртаваць рублёвыя ўклады ў валютныя. І гэта можа за кароткі тэрмін паваліць нашы банкі. Таму кіраўніцтва дзяржавы спрабуе ўсімі сродкамі ўтрымліваць курс беларускага рубля да даляра”.

Злотнікаў: “Усё гэта так. Але ўтрыманьне курсу беларускага рубля супярэчыць інтарэсам нашых экспартэраў. Прадпрыемствы, якія экспартуюць прадукцыю, зацікаўлены ў паслабленьні рубля.

Гэту супярэчнасьць можна было б вырашыць цягам пераходу да свабоднага курсу беларускага рубля. Бо дзеля падтрымкі курсу нацыянальнай валюты да нейкай усясьветнай – напрыклад, да даляра, трэба мець валютныя запасы. А яны ў нас невялікія”.

Жаліба: “Я не лічу, што курс беларускага рубля ў нас падтрымліваецца адміністрацыйнымі мэтадамі. Заўважце: курс беларускага рубля зьніжаецца адносна эўра і расейскага рубля разам з далярам. А гэта ёсьць элемэнтам рынкавага курсаўтварэньня”

Як пляны Нацбанку паўплываюць на гандаль з Расеяй?

Карбалевіч: “Калі гэтыя намеры Нацбанку будуць рэалізаваны, то ці ня створыць гэта праблем у гандлі з Расеяй, на якую прыпадае каля 50% нашага замежнагандлёвага абарачэньня?”

Жаліба: “Сапраўды, нашым экспартэрам выгодная дэвальвацыя беларускага рубля. Увогуле экспартэрам любой краіны выгодная дэвальвацыя нацыянальнай валюты. І калі мы зусім адвяжамся ад расейскага рубля, які мацнее параўнальна з далярам, то нашым прадпрыемствам-экспартэрам гэта будзе выгодна. Таму што за атрыманую валютную выручку яны змогуць больш купіць на ўнутраным рынку. Але карэнных зьмен у гандлі з Расеяй ня будзе”.

Злотнікаў: “Значнага ўплыву на гандаль Беларусі з Расеяй ня будзе. На замежных рынках цэны на нашы тавары і паслугі складаюцца з многіх чыньнікаў. Цэны на расейскім рынку ў даляравым вымярэньні ня зьменяцца.

Як паўплываюць пляны Нацбанку на матэрыяльны стан звычайных грамадзян?

Карбалевіч: “Ці адаб’ецца такі намер Нацбанку на дабрабыце беларускіх грамадзян? Альбо, можа, гэта ніяк іх не зачэпіць?

Жаліба: “Калі наш рубель будзе дэвальвавацца адносна расейскага рубля большымі тэмпамі, чым прадугледжана прагнозамі Нацбанку, то страцяць укладчыкі, якія маюць дэпазыты ў беларускіх рублях. І выйграюць укладчыкі, якія маюць уклады ў расейскіх рублях. Таксама выгадаюць банкі, якія маюць вялікія дэпазыты ў расейскіх рублях”.

Злотнікаў: “Усё залежыць ад хуткасьці дэвальвацыі беларускага рубля адносна расейскага рубля. Калі хуткасьць будзе невысокая, то асаблівых страт ці здабыткаў можна й не заўважыць.

А вось у сытуацыі хуткіх зьмен людзі, якім трэба канвэртаваць беларускія рублі ў расейскія, будуць мець страты. І наадварот, уладальнікі расейскіх рублёў выйграюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG