Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зацішша на рынку нерухомасьці. Перад восеньскай бурай?


Ігар Карней, Менск Рыэлтары прагназуюць чарговы скачок цэнаў на нерухомасьць. Здарыцца гэта, паводле спэцыялістаў, ужо на пачатку верасьня. Пры тым, што меней чым за паўтары тысячы даляраў за квадратны мэтар жылой плошчы ў Менску кватэры ўжо ня купіш, чарговае падвышэньне цэнаў робіць жыльлёвае пытаньне для дзясяткаў тысяч беларусаў практычна невырашальным. Што рыхтуе заўтрашні дзень для рынку нерухомасьці?

Цягам ліпеня-жніўня супрацоўнікі агенцтваў нерухомасьці ў масавым парадку сыходзяць у адпачынкі. Прычым такая практыка для рыэлтараў застаецца звыклай нават у самыя складаныя моманты “рэвалюцыйных скалананьняў” на рынку жыльля.

За ціхім летам – бурная восень?

Гэты год менавіта такі. Ад пачатку і да сярэдзіны 2007 году, паводле спэцыялізаванага парталу realt.by, у Менску кошт квадратнага мэтра аднапакаёвай кватэры ў сярэднім вырас ад 1660 даляраў да 2030-ці. Мэтар квадратны двухпакаёвай кватэры вырас у цане ад 1520 да 1945 даляраў. Лідэрамі ў цэнавым спрынце – трохпакаёўкі: рост за паўгоду склаў 21 %, у эквіваленце – ад 1380 да 1950 даляраў за мэтар. Але вось ужо больш за месяц цэны практычна ня рухаюцца. Ці надоўга такое зацішша?

Пытаюся ў экспэрта рынку нерухомасьці, рыэлтара Алены Бялан:

“Так, цяпер зацішак, але ён хутка скончыцца. Думаю, што скончыцца ўжо ў верасьні. Апошнія два тыдні людзі толькі пачалі больш-менш варушыцца, тэлефанаваць, нешта шукаць. Дагэтуль было шмат прапаноў, але амаль не было пакупнікоў. І вось так амаль усё лета, прынамсі, другую яго палову”.

Карэспандэнт: “І ўсё ж кошт зьменшыўся ці проста зафіксаваўся на месцы?”

Бялан: “Трошку зьменшыўся. Цяпер аднапакаёўку можна набыць і за 60 тысяч даляраў. Але гэта будзе, вядома, самая маленькая “хрушчоўка”. Хутка, відаць, цэны зноў скочаць. Праўда, не магу прагназаваць, да якой мяжы, аднак тое, што ўвосень гэта адбудзецца, пачнецца прыкметны рост – гэта факт. І яшчэ ёсьць такое меркаваньне: калі кошт на газ зноў падскочыць, людзі пачнуць актыўна прадаваць вялікія кватэры, мяняць на меншыя – трохпакаёўкі на двухпакаёўкі і гэтак далей”.

Карэспандэнт: “Ці можна акрэсьліць сярэдні кошт квадратнага мэтра жыльля ў Менску?”

Бялан: “Мэтар квадратны ў Менску? Ну, меней чым за 1500 – 1600 даляраў амаль што не прадаецца. Да 2000 сягаюць новабудоўлі ў Менску, і нават трошкі болей бывае, залежна ад камфортнасьці кватэры, прэстыжнасьці раёну і г.д. Самыя дарагія кватэры – гэта “сталінкі” на праспэкце Незалежнасьці і, безумоўна, новабудоўлі. Асабліва ў такіх раёнах, як Уручча, Захад. Там, дзе будуюцца прыгожыя дамы падвышанай камфортнасьці, па арыгінальных праектах, не тыповыя. Дык вось, там самае дарагое жытло”.

Праз аўкцыён – ізноў да рынкавых цэнаў

Цалкам натуральна, што пры існуючых цэнах на нерухомасьць зусім нязначная колькасьць людзей можа дазволіць сабе набыцьцё ня тое што элітнага, але нават самага сьціплага жыльля. Тым ня меней мясцовыя ўлады спрабуюць і ў такой сытуацыі выцягнуць максымум з пакупнікоў, якія маюць канкрэтную цікавасьць да жылплошчы і, што самае важнае, рэальныя грошы.

15 жніўня ў Менску адбыўся трэці аўкцыён па продажы новых кватэраў. Выстаўлялася 31 кватэра без “аддзелкі” ня ў самым элітным раёне па вуліцы Прытыцкага. Першапачатковы кошт выглядаў надзвычай “дэмакратычным” – усяго 930 даляраў за мэтар квадратны. Аднак падчас таргоў цэны ўрэшце вырасьлі ў 2,2 разу, дасягнуўшы ўсё тых жа рынкавых 2000 даляраў за мэтар. Аднак – прададзены ўсе кватэры. Іншымі словамі, кватэра плошчаю сто мэтраў пайшла з аўкцыёну за 200 тысяч даляраў.

Ня меней балючым за цэнавы фактар застаецца пытаньне даверу да агенцтваў нерухомасьці. Як “жоўтыя”, так і сур’ёзныя выданьні падаюць дзясяткі выпадкаў людзей, якія зрабіліся ахвярамі афэрыстаў – у тым ліку і тых, якія выступалі ад канкрэтных агенцтваў. Відавочна: ва ўмовах апэраваньня завоблачнымі сумамі важна знайсьці пасярэдніка, які б ня толькі паквапіўся на добры ганарар ад падбору кватэрных варыянтаў, але насамрэч дапамог разабрацца ў тонкай спэцыфіцы рынку.

За аднаго “казла” ўсе адкажуць

Цяпер у Беларусі працуе болей за 130 рыэлтарскіх кампаніяў. Гэта амаль удвая меней ад той колькасьці, якая існавала яшчэ нядаўна. Вялікая колькасьць нядобрасумленных “памагатых” прывяла да таго, што некалькі дзясяткаў кантораў давялося пусьціць “пад нож”. Аднак, як кажуць самі прадстаўнікі галіны, нарвацца на непрыемнасьці рэальна дагэтуль.

Расказвае рыэлтар Вольга Крупнікава:

“Той, хто працуе даўно і стабільна, на дробязі і глупствах не “залятае”. Яны не дазваляюць сабе ніколі і нічога падобнага. Што, дарэчы, досыць часта бывае з малымі агенцтвамі. І ў той жа час плюс “чысткі” ў тым, што тыя ж рыэлтэры, якіх на сёньня дастаткова шмат, таксама ня будуць сабе дазваляць рэчы, якія сабе шмат хто дазваляў. З-за аднаго “казла”, як гаворыцца, можа пацярпець увесь статак (я, вядома, прашу прабачэньня). Але гэта адназначна праўда, таму што, шчыра кажучы, нават у нашым асяродку здараюцца выпадкі, калі нас жа нашы калегі і “кідаюць”.

Рынак нерухомасьці застаецца адным з самых прыбытковых для яго актыўных гульцоў. Аднак, суцяшаюць зацікаўленыя асобы, беларускія рэаліі відавочна саступаюць ажыятажнаму попыту на нерухомасьць ў суседняй Расеі, дзе коштам 5 тысяч даляраў за квадратны мэтар ужо нікога ня зьдзівіш.

“З восені цэны на нерухомасьць зноў пачнуць расьці” 4.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG