Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хоць Корсакі і паходзяць з князёў, а ў зямлю ўбіліся пакаленьнямі – назаўжды!”


Віталь Сямашка, Маладэчанскі раён Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 9 жніўня.

Сустрэчу з Кастусём Корсакам з Вайтэляў мы некалькі разоў пераносілі – падобна да ўсіх фэрмэраў, ён працуе, як тут кажуць, 25 гадзін на суткі. Калі мы нарэшце пабачыліся, з прывабнай самаўпэўненасьцю чалавека, што трывала стаіць на нагах, мой суразмоўца паведаміў:

Корсак: “Я ў сельскай гаспадарцы з 82 году, не раўняючы, нібы нарадзіўся. Я ведаю, калі можна спакойна ўздыхнуць на сяле. Няпраўда, што ай-яй-яй – ад цямна да цямна. Можна на два тыдні й на курорт зьезьдзіць. Сена скасілі, хімпраполкі зроблены, поле дагледжана – ёсьць час!”

Палітычная геаграфія. Вайтэлі, Маладэчанскі раён

Нядзельным ранкам п’ем з гаспадаром гарбату. Кастусь ліхаманкава гартае падораныя кніжкі зь “Бібліятэкі “Свабоды”. Беларускую літаратуру ды паэзію ведае і любіць. Але часу ўсё ж бракуе. І ён сьпяшаецца сказаць адразу галоўнае.

Корсак: “Фэрмэраў баяліся і будуць баяцца. Прафэсіяналізму, падобна, у нас болей. Можна пачытаць кніжкі, цяпер Internet. Але як няма знутры прызваньня, – ня будзе толку. Зьверху паступае каманда дуралома якога-небудзь: тут сей авёс, тут кукурузу. А я ведаю: тут бульбу, тут – кукурузу. А не наадварот! І ніхто не прыляціць у 6 раніцы, на плянэрку ці сэлектарную нараду не пагоніць.Таму фэрмэраў ня любяць вэртыкальшчыкі. І баяцца, калі назваць усё сваімі імёнамі. Што такое аддаць зямлю? Я ж яе не вывезу, яна нідзе не падзенецца. У мяне карані пушчаны, што не выкарчаваць. І я буду гаспадаром! Я ня буду сядзець і думаць, з чаго плаціць заробак. З выручкі! А ў іх цэлае райсельгасупраўленьне, фінансавыя службы... Боязь выпусьціць уладу – вось што гэта!

У фэрмэрстве 46-гадовы былы калгасны інжынэр-мэханік Кастусь Корсак ўжо амаль паўтара дзесяцігодзьдзі. Мае 43 га зямлі з правам перадачы ў спадчыну, блізу сотні сьвіней. Па два трактары, камбайны ды грузавікі. Зьбірае найбагатшы ўраджай збожжа. Як спэцыяліст заўжды цаніўся па вышэйшай шкале. Былы старшыня райвыканкаму, каб прадухіліць ягоны зыход з гаспадаркі, нават прапанаваў аднойчы налічыць яму заробак тысячу даляраў. Але Кастусь ужо тады сьвядома зрабіў выбар. Бо ня мог жыць пад “дурным”, як ён кажа, начальніцкім прымусам. Папросту ж нецікава...

Корсак: “Калгасы – штучнае стварэньне пры камуністых: “усё вакол калгаснае, усё вакол нічыё...” Сытуацыя. Прыходзіць чалавек на мэхдвор. На чый двор ён прыйшоў? Хто тут гаспадар? Старшыня калгасу такі ж наёмнік – сёньня ён ёсьць, заўтра яго з трэскам вымелі. Садзіцца гэты трактарыст на трактар – нічый! На чыё поле едзе? Нічыё! Нічыё насеньне засявае. Паглядзіце ж на сотках у гэтых самых калгасных мэханізатараў што ёсьць. Паглядзіце! Во дзе ўраджай сапраўдны. І гэтыя сродкі дзяржаўныя, што бухаюць, дык як у астраноміі - у чорную дзіру. У прыродзе дзе ўбыло, там прыбыло. А тут усё зьнікае і зьнікае...”

У фэрмэрстве славутая калгасная “халява” не праходзіць. Зь зямлёй тут кожны сам-насам. Дый “добры дзядзька” зьверху ня тое што не дапаможа – будзе чыніць перашкоды. Таму выжываюць толькі наймацнейшыя. Так лічыць спадар Корсак.

Корсак: “Ну, ёсьць сярод фэрмэраў такія, каго лепей бы не было. Хто ідзе на гэта зь няведаньня, хто – 3 гады падаткаў не плаціць: хапнуў і сядзіць ціхенька. Зямля ня любіць гэтага – ня вытрымаеш адзін год тэхналёгіі, дык надта адрыгаецца. Зямлю не падманеш. Дзякуй богу, пазакрываліся й тыя, што прыйшлі на хвалі льготных крэдытаў. Ёсьць у нас такія Гаўрыленкі – дагэтуль з банкам судзяцца, што не закрылі штосьці. А быў Козел – нахапаў зямлі, травой засеяў і людзям прадаў пад сенакос. Ніхто іх ня ціснуў – гультаі! Крэдытаў было колькі хочаш у тыя часы – інфляцыя спрыяла іх зьяданьню. Нават мне – дарогу збудавалі, водаправод правялі, свая падстанцыя, тэлефонная сувязь...”

Натальля: “І вёсцы таксама – яшчэ на 5 двароў прыйшла вада для старых-пэнсіянэраў. Цётка Маня зь дзядзькам Васем колькі жылі – дзякавалі за водаправод...”

Гэта падключылася Кастусёва жонка – як дайшла гамана да спраў надзённых,. Спадарыня Натальля – былы пэдагог. Дзеля фэрмэрскай справы сышла са школы, не дапрацаваўшы да пэнсіі.

Натальля: “100 тысяч у СВК заробак, а яны невядома ў што мільярды ўладаюць!”

Патлумачу. Ужо некалькі год сямейства Корсакаў просіць дазволу падвоіць, а то й патроіць колькасьць арэндаванай зямлі. Балазе, побач “палеглы” СВК імя Янкі Купалы. Дый 58 прэзыдэнцкі Ўказ “Аб фэрмэрскай гаспадарцы” ня тое што дазваляе – змушае мясцовыя ўлады спрыяць атрыманьню надзелаў на вольнае карыстаньне з так званых “зямель запасу”. Але старшыня Маладэчанскага райвыканкаму Касабуцкі, паводле фэрмэраў, кажа ім адкрыта: маўляў, “у сваім калгасе зямлі такім, як вы, не далі – не дамо й тут”.

Зрэшты, тры гады таму ўлады “паслабілі пільнасьць”: аддалі-такі Кастусю калгасны палетак – за бур’яном і трактара не было відаць. Хай, маўляў, пакажа фэрмэрскую спрытнасьць. Тады ўпарты Корсак, кіроўца з 30-гадовым стажам, кульнуўся на трактары з плугам: перад вачыма раптам з зарасьці паўстала насыпаная ў чалавечы рост мяжа. Але тым жа годам, нягледзячы, у дадатак, на буру, сямейства Корсакаў сабрала па 40 цэнтнэраў з га. Пра далейшае мой герой расказвае сам.

Корсак: “Схадзіў да Касабуцкага з сынам: вось табе прэзыдэнцкая праграма затрыманьня моладзі на сяле. Ён: “зь Янкі Купалы не дамо – там МУС РБ будуць шэфы”. Хваліцца – “тры мільярды ўбухалі”. Кажу: хай “эмвэдзяць” у сваёй сфэры! У нас ня 37 год, калі НКУС за ўсё адказвала. А хто ім дае гэтыя мільярды? Яны ж не вытворцы матэрыяльных каштоўнасьцяў! Яны ж нашы падаткі бухаюць у бездань. Хто ім даў такое права?!” Дык хлопца – старшыню калгасу Купалы выкінулі. Ён мне наўпрост сказаў: “мне зьверху пазванілі, каб нічога не падпісваць”. Пазорышча! “Пазвоняць – я табе хоць увесь калгас аддам...”

Некалькі дзён я тэлефанаваў галоўнаму маладэчанскаму вэртыкальшчыку Касабуцкаму. Той, са слоў сакратаркі, пастаянна “ў ад''ездах”. Неўтаймоўны Корсак піша новыя паперы у інстанцыі. Запытваю.

Карэспандэнт: “Вы пераможаце?”

Корсак: “Час пакажа”... (Сьмяецца… )

***

Я не здарма пачаў расповед пра вандроўку ў Вайтэлі знаёмствам зь сямействам Корсакаў. Дайце веры – усе тры дзясяткі жыхароў, пераважна пэнсіянэраў, так ці інакш зь імі зьвязаны гаспадаркай: чацьвёра падпрацоўваюць стала, астатнія – сэзонна. Нормы выпрацоўкі агаворваюцца, аплата – тут жа на рукі. Грашыма альбо тэхнікай ды сельгаспрадукцыяй. Гэтым ня грэбуе нават 83-гадовы старэйшына вёскі, былы бухгальтар спадар Кісель. Міхаіл Аляксандравіч кажа.

Палітычная геаграфія. Вайтэлі, Маладэчанскі раён

Кісель: “Я й сам у іх падпрацоўваў. Ён мне дапамагаў бульбу пасадзіць, палеткі ўзараць. У калгасе коней не было зь лесу дроў прывезьці, зерне памалаціць. Сьвятла няма – ён нейкі такі мужык, што ва ўсім разумее. Захварэлі кабаны. Дзе той вэтурач? Да яго. Ён і укольчык зробіць, і параіць. Папросіш – ніколі не адмовіць. На зямлі гэтыя людзі вельмі неабходныя...”

Вайтэлям, нягледзячы на старажытную гісторыю, што ідзе ад часоў ВКЛ, на росквіт ды дабрабыт не шанцавала. Ня толькі за польскім часам, калі вёска была на самай мяжы з СССР, але ажно з часоў царскай Расеі. Апавядае ўсё той жа спадар Кісель.

Кісель: “Паны не далі зямлі чамусьці. І мала людзей было. У іншых вёсках – во ў Валодзьках па валоцы (21 га ) на сямейства давалі. А ў нас у Вайтэлях і пры сталыпінскай рэформе не далі. Людзі паехалі ў Амэрыку, Францыю на заробкі. А пры Польшчы ніякіх вытворчых аб’ектаў не было, бо былі “крэсы ўсходні”. Таксама дрэнна: скончыў 7 клясаў – і далей нікуды: беларус і праваслаўны. Каля 40 двароў было пад ярмом польскіх паноў. А тады ж былі паны сваёй гадоўлі (сьмяецца )...”

Я сустрэўся з вайтэлеўскай доўгажыхаркай – 95-гадовай спадарыняй Рабушкай. Бабця Зінаіда жвава сядае насупраць і з падмогай 57-гадовай дачкі Валянціны вядзе ўспаміны. Валянціна нарадзілася тут і настала вярнулася на радзіму, зарабіўшы ў Менску пэнсію. А Зінаіда Іванаўна патрапіла сюды ў крывавым 37 мінулага веку. Каток рэпрэсій зачапіў і іхных сваякоў.

Валянціна: “Майго бацькі родная сястра цётка Надзя ў Сібіры пабыла, з даносу. Яны так і памерлі, ня ведаючы, за што ўсю сям’ю вывезьлі. Разам зь дзіцём, мужыком… Недзе яны нешта сказалі... Кароў у каго дзьве, у каго адна. 28 хат. У Міхала, у Максіміхі - па 6, па 10 дзяцей у Вайтэлях было...”

Палітычная геаграфія. Вайтэлі, Маладэчанскі раён

Бабця: “Працавала ў калгасе – і сеялі, і садзілі, і гной з хлявоў выкідалі. Не плацілі. Толькі ўвосень зерне на хлеб давалі – па грам 400 за працадзень. А саўгас стаў, дык 70 капеек заробіш за дзень. Брыгадзір – памятаю – быў у адпачынку, прыслалі агранома: бабкі, выходзіць толькі рубель 30. Мы кажам тады на брыгадзіра: чаму раней гэтак не было. А ён: я ехаў, вецер як даў – і паперы панёс. Гэдак падманваў нас, грошы сабе забіраў...”

Валянціна: “Я маленькая была – у жніво быў самы вялікі заробак – 25 рублёў. Пра калгас добрых спамінаў няма...”

Рэзюмуе ізноў старэйшына Кісель.

Кісель: “Пры саўгасе лімітаваная была патрэба ў працоўных людзях – столькі-та на фэрмах, у брыгадах. Моладзь пайшла ў горад, а старыя засталіся.Будчыня Вайтэляў – катэджы, лецішчы пабудуюць. Але каб вярнуць маладых з гораду – ім трэба даць той заробак, грошыкі. А саўгас ня здольны. За фэрмэрствам будучыня. Калі іх ня будуць душыць. Але яны ўмеюць абыходзіць. Як той казаў, па законе – дык стопча, каля закону – будзеш чысты і харошы (сьмяецца )...”

А гэта ўжо датычыць нашчадкаў Корсака – 24-гадовага Алеся і 22-гадовага Андрэя. Спадар Кастусь распавёў мне гісторыю. 14 год таму калгасная брыгадзірка ехала дарогай часам жніва. І... раптам зьнепрытомнела: поўнай хадой на яе рухаўся трактар з прычэпам, набітым зернем. Кіроўцы не было! Ува ўсялякім выпадку, ня бачна. Бацька на ейны расповед пасьмяяўся: хіба трактар з аўтаматычным кіраваньнем… Брыгадзірка, між іншым, хутчэй паверыла ў такое, чым дапусьціць, што за рулём, нябачны, сядзеў 10-гадовы тады Алесь. Сёньня ён мае вышэйшую адукацыю, а ягоны – брат сярэднюю спэцыяльную. Абодва мэнэджэры-эканамісты. Адназначна кажуць: будучыя фэрмэры. Ня страцілі пакуль вясёлай маладой наступальнасьці. Пачынае Алесь.

Алесь: “Раскажу байку адну. Маміна сястра Ніна прыяжджае: Наташа, пойдзем у лес – прыгажосьць жа! Пахадзілі-пахадзілі, цётка да бацькі гаворыць: “Благі зь цябе фэрмэр! Хацела на тваім полі васількоў нарваць, дык ніводнага не знайшлі”. (Сьмех.) Прыгожа ў нас: да лесу 30 мэтраў, грыбы, ягады. 10 мэтраў у лес зайшоў – кошык поўны! З раніцы бацька выйдзе на 10-15 хвілін, прынясе жменьку грыбоў, мамка ў абед суп зварыць. А ў горадзе што – макароны з сасіскай, якой есьці немагчыма...”

Алеся і Андрэя я знайшоў на невялічкім фэрмэрскім мэхдвары, які самі яны й стварылі. Андрэй часова, пакуль ня зьявяцца ў сямействе новыя землі, сьлясарыць у сталічным мэтрапалітэне. Але думае вяртацца. Бо – кажа – корсакаўскую годнасьць мае.

Андрэй: “Наш род – княжы. З Полацкага княства. Корсакаў там шмат. Вёска нават ёсьць Корсакі. У нас тут ня княства, у нас – фэрмэрская рэспубліка. Думаю, пачалі гэтым займацца, бо ідзе ўсё знутры, з генаў, ёсьць карані. Галоўнае, каб было дзе і з кім жыць...”

Карэспандэнт: “Жонку з гораду давядзецца браць?”

Алесь: “Не, вы што... З гораду – пагуляць, да абеду паспаць... (Сьмех.) Я скажу адно. З 93-га году я працую, ува ўсё ўнікаю. Маю вышэйшую эканамічную адукацыю, але й з “жалезам” праблем не ўзьнікае. Некаторыя зьдзіўляюцца: што, заканчваў “па запчастках”? Ад мамані перадалося імкненьне да нечага лепшага, ад бацькі – працавітасьць. І атрымаўся гэткі індывід. (Сьмяецца.) А бюракраты нас не палохаюць – сёньня былі, заўтра няма. Селянін жа на зямлі быў, ёсьць, будзе. І Вайтэлі нашыя былі, ёсьць, будуць...”

Палітычная геаграфія. Вайтэлі, Маладэчанскі раён
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG