Жаліба: “Сёньня Беларусь мае праблемы з валютай”
Валер Карбалевіч: “Ужо колькі дзён ідуць напружаныя перамовы паміж дэлегацыямі беларускага ўраду і “Газпрому” аб адтэрміноўцы аплаты за газ.
Паводле студзеньскага пагадненьня паміж урадамі Беларусь у першым паўгодзьдзі плаціла толькі 55 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў газу замест 100 даляраў. Назьбіралася запазычанасьць каля 500 мільёнаў даляраў, якую беларускі бок павінен быў выплаціць да 23 ліпеня. Аднак дата прамінула, запазычанасьць ня выплачаная.
Менск просіць чарговай адтэрміноўкі альбо рэструктурызацыі запазычанасьці.
Здаецца, нельга сказаць, што плаціць няма чым. Беларусь мае прафіцыт бюджэту. Зусім нядаўна беларускі бюджэт атрымаў 625 мільёнаў даляраў ад “Газпрому” за 12,5% акцыяў “Белтрансгазу”. Але гэтых грошай урад Беларусі траціць ня хоча і просіць у Расеі крэдыт. Але Масква з крэдытам не сьпяшаецца.
Якія прычыны такой пазыцыі кіраўніцтва Беларусі? Чаму яно чарговы раз імкнецца зьмяніць правілы падчас гульні?”
Барыс Жаліба: “Перамовы адбываюцца за зачыненымі дзьвярыма, ніякай інфармацыі мы ня маем. Але можна меркаваць, што сёньня Беларусь мае праблемы з валютай. Расьце дэфіцыт замежнагандлёвага балянсу. За паўгоду ён дасягнуў 1,5 мільярда даляраў. Гэта рэкордная сума.
Пасьля Новага году, калі зьмяніліся ўмовы гандлю з Расеяй, значна скараціўся экспарт нафты і нафтапрадуктаў. Расейскі ўрад заявіў, што чарговы раз павышае нафтавае мыта. Як вынік, нафта для нашых нафтаперапрацоўчых заводаў, якія сёньня і так працуюць амаль што з нулявой рэнтабэльнасьцю, стане яшчэ даражэйшая. Гэта створыць яшчэ большыя праблемы для прытоку валюты ў краіну.
Ёсьць і іншыя чыньнікі. Напрыклад, сукупная запазычанасьць Беларусі (карпаратыўны і дзяржаўны доўг) расьце вялікімі тэмпамі з пачатку году. Цяпер яна дасягнула таксама рэкорднай лічбы — амаль 8 мільярдаў даляраў.
Што тычыцца прафіцыту бюджэту, то ён у пэўным сэнсе штучны. У прыватнасьці, ён ствараецца коштам грошай Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.
Таму на тле валютнай напружанасьці існуе пагроза падзеньня курсу беларускага рубля. Калі гэта здарыцца, то адаб’ецца на даходах насельніцтва. Таму ўрад пойдзе на вялікія ахвяры, каб не дапусьціць дэвальвацыі. Усё гэта і тлумачыць пазыцыю беларускага боку на перамовах з “Газпромам”.
Карбалевіч: “Магчыма, урад імкнецца адтэрмінаваць выплату запазычанасьці да канца году, а там зьявіцца расейскі крэдыт, і можна будзе неяк выйсьці з сытуацыі”.
Раманчук: “23 ліпеня ўвойдзе ў нашу гісторыю як дзень першага тэхнічнага дэфолту”
Яраслаў Раманчук: “Найперш віншую беларусаў з сумнай падзеяй. 23 ліпеня ўвойдзе ў нашу гісторыю як дзень першага тэхнічнага дэфолту. Бо Беларусь ня выканала сваіх фінансавых абавязкаў паводле дамовы. І гэта прыкра.
Цяперашняя пазыцыя беларускага ўраду тлумачыцца трыма прычынамі. Па-першае, яго некампэтэнтнасьць. Даўно было вядома, што за газ давядзецца плаціць 100 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў і прадугледзець гэта ў бюджэце. А так атрымоўваецца, што з прадпрыемстваў урад бярэ 100 даляраў, ёсьць прафіцыт бюджэту на 850 мільёнаў даляраў, а запазычанасьць “Газпрому” нібыта плаціць няма чым.
Па-другое, у кіраўніцтва краіны няма палітычнай волі да зьмены эканамічнай палітыкі.
Па-трэцяе, Лукашэнку патрэбен яшчэ адзін скандал з Расеяй, каб патлумачыць насельніцтву, чаму яно павінна плаціць больш высокія камунальныя плацяжы, і чаму прадпрыемствы апынуліся ў яшчэ больш цяжкім стане.
Час працуе на Расею. Яна можа зацягваць перамовы, цягнуць з выдаткоўваньнем крэдыту. Увогуле тэхнічны крэдыт сьведчыць супраць тэзы пра ўстойлівасьць і стабільнасьць беларускай мадэлі”.
Карбалевіч: “Тэза пра першы тэхнічны дэфолт — гэта, мусіць, занадта. Не ўпершыню Беларусь затрымлівае плацяжы за газ. У 90-я гады мінулага стагодзьдзя гэта была звыклая сытуацыя. Тады “Газпром” шмат разоў учыняў скандал, патрабаваў неадкладна ліквідаваць запазычанасьць, пагражаў перакрыць пастаўкі газу”.
Раманчук: “Цяперашняя сытуацыя адрозьніваецца прынцыпова. Бо абодвума бакамі была вызначаная дата, да якой Беларусь павінна была ліквідаваць запазычанасьць. Гэтага не адбылося. Паводле міжнародных правілаў гэта і ёсьць дэфолт”.
Карбалевіч: “Магчыма, гэта шантаж Расеі афіцыйным Менскам? Вы не даяце крэдыту, мы ня будзем плаціць запазычанасьці. Але звычайна той бок, які дае крэдыт, і дыктуе ўмовы. А адтэрміноўка плацяжоў за газ — гэта, у існасьці, крэдыт. А тут адбываецца ўсё наадварот, умовы спрабуе дыктаваць бок, які атрымаў крэдыт”.
Раманчук: “Калі Лукашэнка кажа пра сувэрэнітэт, то гэта прадугледжвае разьвіцьцё ва ўмовах усясьветных цэнаў”.
Жаліба: “Расея запатрабуе разьлічвацца за газ прадпрыемствамі”
Жаліба: “Урад у канцы мінулага году павінен быў пралічыць усе варыянты зьмены цэнаў на энэрганосьбіты. У мяне складаецца такое ўражаньне, што яны гэтага не зрабілі. Бюджэт быў складзены з улікам старых цэнаў на газ і нафту. І нават сёньня ён ня зьменены. Я баюся, што Расея, карыстаючыся гэтай сытуацыяй, запатрабуе разьлічвацца за газ прадпрыемствамі”.
Карбалевіч: “Сапраўды, прадстаўнікі “Газпрому” намякаюць, што гатовыя пайсьці на саступкі і ў цане газу, і ў тэрмінах аплаты, калі Беларусь прапануе выгадныя ўмовы прыватызацыі высокаліквідных беларускіх прадпрыемстваў.
Дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Барадзін заявіў, што паводле ягонай інфармацыі Менск гатовы прапанаваць на продаж прадпрыемствы нафтахіміі. Можа, якраз у гэтым пытаньні й ідзе гандаль?”
Раманчук: “Я не лічу, што кіраўніцтва Беларусі прыціснутае з усіх бакоў і пойдзе на прыватызацыю. Да таго часу, пакуль дэфіцыт бюджэту не дасягне 5% валавога ўнутранага прадукту, ня спыняцца прадпрыемствы, прыватызацыі ня будзе.
Мне бачыцца ў дзеяньнях кіраўніцтва краіны разгубленасьць і адсутнасьць плянаваньня. Існуе толькі тактыка затыканьня дзірак. Праблема ў створанай у краіне эканамічнай сыстэме.
У першай палове году банкі атрымалі больш 1 мільярда даляраў замежных крэдытаў. Але праз год такой шчодрасьці ад замежных крэдытораў ня будзе.
Расейскія банкі будуць даваць крэдыты, каб завалодаць беларускімі актывамі. Лукашэнка, зацягваючы з рэформамі, лье ваду на млын расейскіх алігархаў”.
Жаліба: “Беларускі бок сасьпявае да неабходнасьці прадаваць Расеі свае флягманы прамысловасьці. Паколькі пэрспэктывы нашага экспарту дрэнныя, узьнікаюць праблемы з валютай для аплаты газу, то магчымасьці гандлю з Расеяй у пытаньні ўдзелу яе кампаніяў у нашай прыватызацыі невялікія”.
Карбалевіч: “Такім чынам, імкненьне беларускага боку адкласьці выплату запазычанасьці сьведчыць пра эканамічныя цяжкасьці, у якіх апынулася краіна. Прыкра тое, што беларускія афіцыйныя асобы фактычна не тлумачаць сваіх дзеяньняў.
Ня выключана, што рыхтуецца нейкая ўгода за сьпінай грамадзтва, прыватызацыя можа адбыцца без шырокай грамадзкай дыскусіі”.