Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Законьнікаў: “Я веру ў перамогу здаровага сэнсу”


Радыё Свабода Сяргей Законьнікаў- удзельнік праграмы “Ў што я веру”

У сёньняшнім няўстойлівым сьвеце, дзе ў спрадвечным паядынку не заўсёды дабро перамагае зло, любому чалавеку, нават самаму аптымістычнаму і мужнаму, жыць вельмі няпроста. Нагрувашчваньне глябальных і ня менш складаных лякальных праблемаў цісьне на ягоную псыхіку, прыводзіць у такі маральны і нават фізычны стан, калі ў адчаі нямее душа, у зьнямозе апускаюцца рукі. Але наперакор усім усясьветным прыродным і экалягічным, палітычным і сацыяльным катаклізмам, хіжым мясцовым вятрам цемрашальства, манкурцтва і дачасьніцтва, якія зараз наскрозь прадзімаюць душы суайчыньнікаў, маю родную Беларусь, я ўсё роўна цьвёрда веру ў лепшае. Я веру ў тое, што надыходзіць новы час новага чалавека, які павінен жыць не старымі мітамі і ідэалягічнымі догмамі, не камандамі, пад пастаянным страхам і ў рабскай пакоры, а тым, што даецца яму з малаком маці -- адчуваньнем свабоды, усьведамленьнем разумнасьці свайго існаваньня і прадвызначэньня, хараства і сілы зямнога быцьця. Такі чалавек плённа спалучыць нацыянальную ўгрунтаванасьць і ўстойлівасьць, лепшыя рысы беларускага характару з цывілізацыйнымі набыткамі, зь неабмежаванымі сучаснымі навуковымі, тэхнічнымі, тэхналягічнымі магчымасьцямі. Я веру ў трываласьць генэтычнага коду народа, які трымае нас на плянэце ўжо не адно стагодзьдзе і дапаможа захавацца надалей у рознагалосай, шматфарбнай чалавечай супольнасьці. Я веру ў беларускую моладзь, у мілых майму сэрцу дзяцей і ўнукаў, якім выпала складаная, але такая радасная і шчасьлівая доля -- быць нястомнымі працаўнікамі вялікага нацыянальнага Адраджэньня, клапатлівымі будаўнікамі нарэшце сваёй, сувэрэннай дзяржавы. Я веру ў неўміручасьць беларускай мовы, якая прайшла праз неймаверныя зьдзекі, пакуты, выпрабаваньні, якая і зараз несправядліва і неразумна кінутая нашым грамадзтвам на занядбаньне, але абавязкова ацалее, узмацнее, каб жыватварыць сёньняшні і наступны дзень беларусаў. Безь яе нічога талковага ў нас ніколі не атрымаецца. Толькі на грунце роднай мовы вырастае нацыянальная культура -- галоўная адзнака і глыбінная сутнасьць нацыі. Існаваньне любога народа без стварэньня сваёй культуры, вечных духоўных набыткаў, якія перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне, абсалютна марнае. І ўрэшце, я веру ў перамогу здаровага сэнсу. Пакуль што беларусы добра не ўсьведамляюць, хто яны такія, дзеля чаго існуюць, да чаго павінны імкнуцца. Але такое разуменьне паступова прыходзіць, высьпявае. Нам трэба больш настойліва і бязьлітасна выціскаць са сваіх сэрцаў і душаў даўні мясцовы мазахізм, комплекс непаўнавартаснасьці, непавагу і нелюбоў да саміх сябе. Толькі так, у сьмелым, рашучым, стваральным самасьцьвярджэньні, мы станем сапраўднай, жыцьцяздольнай нацыяй, пабудуем сваю сувэрэнную дзяржаву, якая будзе стаяць на Зямлі вечна.

*** Сяргей Законьнікаў – знаны беларускі паэт і грамадзкі дзеяч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG