Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліквідатары зьвяртаюцца да міжнароднай супольнасьці


Любоў Лунёва, Менск Уладзімер Лузан, ліквідатар-чарнобылец з Мазыра, атрымаў адмову на сваю заяву ў Першамайскім судзе Менску. Уладзімер праз суд дабіваўся адмены рашэньня экспэртнай камісіі, якая адмовілася зьвязваць яго захворваньні з наступствамі ўзьдзеяньня радыяцыі. Больш за пяцьсот ліквідатараў падалі аналягічныя пазовы ў суды.

У суд Першамайскага раёну Менску прыйшлі больш за дзясятак чалавек, каб падтрымаць Уладзімера Лузана. Сярод іх ліквідатары з розных рэгіёнаў, а таксама прадпрымальнікі і дэпутаты мясцовых саветаў.

Уладзімер Лузан пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС шэсьць месяцаў працаваў у чарнобыльскай зоне ў атрадзе дэзактывацыі. Мае шэраг захворваньняў і перанес некалькі апэрацыяў.

Паводле заключэньня Гомельскай мэдычнай камісіі інваліднасьць наступіла з-за ўзьдзеяньня радыяцыі. Але летась яму анулявалі інваліднае пасьведчаньне.

Паводле новага рашэньня Найвышэйшай экспэртнай камісіі, захворваньні не зьвязаныя зь ліквідацыяй наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Члены экспэртнай камісіі заявілі, што раней гомельскія мэдыкі памыляліся.

Гаворыць Уладзімер Лузан:

“Абурае стаўленьне да мяне. Я фактычна застаўся без усялякіх сродкаў дадатковых, якія я мог патраціць на лячэньне, на лекі, нават на тыя ж сокі... У мяне ёсьць сям’я, двое дзяцей. Усе пакутуюць, бо мне цяпер яшчэ шмат даводзіцца даказваць, каб вярнуць свой статус”.

У такой сытуацыі апынуліся тысячы ліквідатараў.

Аляксандар Ваўчанін, дырэктар праўленьня рэспубліканскага аб’яднаньня “Ліквідатар”, прысутнічаў на судзе. Ён апавёў, што ліквідатараў пачаў кансультаваць прафэсар Юры Бандажэўскі.

Расейская і ўкраінская арганізацыі “Чарнобыль” прапанавалі беларускім ліквідатарам правесьці міжнародную канфэрэнцыю ў Маскве. Днямі сваю дапамогу прапанавалі ліквідатары зь Літвы і Латвіі. Яны выказалі салідарнасьць зь беларускімі калегамі.

“Ня самі ліквідатары мусяць бараніць сябе ў судах і даказваць, што іхныя хваробы зьвязаныя з узьдзеяньнем радыяцыі. Сёньня нават дзеці ведаюць, што на здароўе вельмі кепска ўплывае радыяцыя. А мы вымушаныя даказваць чыноўнікам з вышэйшай адукацыяй, што нам неабходная мэдычная дапамога і санаторнае лячэньне. Яны глядзяць, нібыта нічога пра гэта ня ведаюць. Ня мы мусім даказваць, а дзяржава мусіць нам дапамагаць”, — заявіў Ваўчанін.

На суд прыехаў і ліквідатар Васіль Сіліверст з Калінкавічаў. Ён апавёў “Свабодзе”:

“Улады вельмі баяцца сацыяльнага выбуху. Чыноўнікі рознага ўзроўню на месцах нас баяцца і нават не даюць нам магчымасьці сустракацца. Яны перасьледуюць актывістаў на месцах, каб яны маўчалі. У Беларусі больш за 120 тысяч ліквідатараў, і іх паважаюць у грамадзтве, бо рызыкавалі сваім жыцьцём і здароўем дзеля ўсіх людзей”.

Уладзімер Лузан паведаміў, што будзе адстойваць свае правы ва ўсіх судовых інстанцыях. Ён мае намер зьвярнуцца ў міжнародныя структуры.

Разам зь ім будуць падаваць скаргі некалькі соцень ліквідатараў, якія страцілі сваё здароўе падчас ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Віктар Гарбачоў, лідэр барысаўскіх прадпрымальнікаў, паведаміў, што ў ліпені адбудзецца канфэрэнцыя прадпрымальнікаў і ліквідатараў.

Цяпер вядзецца кампанія падрыхтоўкі сацыяльнага маршу 30 верасьня, у якім плянуюць удзельнічаць ліквідатары, прадпрымальнікі, донары, студэнты, інваліды і пэнсіянэры.

У Беларусі зьявілася новая чарнобыльская арганізацыя 19.05.2007 Вырашаецца лёс ільготаў ліквідатараў аварыі на ЧАЭС 03.05.2007 Ці выслухае Натальля Пяткевіч патрабаваньні ліквідатараў? 03.05.2007 В.Сіліверст: “Арганізацыя ліквідатараў будзе ў Беларусі адной з найбуйнейшых" 27.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG