Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>У Гомеля былі свае Курапаты</B>


Радыё Свабода Інфармацыю пра масавыя пахаваньні людзей прыкладна за два кілямэтры на паўднёвы ўсход ад Гомеля падалі ў ваенкамат мясцовыя жыхары. І вось нядаўна салдаты 52-га спэцыялізаванага пошукавага батальёну Міністэрства абароны выявілі месцы гэтых магіл. Яны знаходзяцца ў сасновым лесе, парослым маладым падлескам.

Магілы адшукалі з дапамогаю мэталічных прутоў-шчупаў ды мінашукальнікаў. На паверхню паднятыя дзясяткі чалавечых парэшткаў.

Камандзір узводу пошукавага батальёну лейтэнант Бахановіч выкладае афіцыйную вэрсію паходжаньня масавых пахаваньняў людзей:

“Тут, паводле інфармацыйнага ліста і пляну, лічыцца пахаваньне мірных жыхароў часоў другой усясьветнай вайны. Мы выклікалі сюды таксама супрацоўнікаў пракуратуры – сьледчы прыяжджаў гомельскі і судмэдэкспэрт. Яны ўзялі косныя парэшткі людзей на экспэртызу”.

Ваенком Гомельскага раёну Уладзімер Дарафееў, таксама яшчэ да заключэньня экспэртызы, зьвязаў паходжаньне магіл з гомельскімі апалчэнцамі 1941 году. Але ў такім разе незразумела, ад каго абаранялі апалчэнцы Гомель з усходу, ды яшчэ на левабярэжжы ракі Сож? Бо добра вядома, што супраціў чырвонаармейцы ды гараджане аказвалі фашыстоўскаму наступу з супрацьлеглага боку абласнога цэнтру – захаду й паўночнага захаду.

Не стасуецца з баявымі дзеяньнямі і характар раненьняў ахвяр, адкапаных цяпер у лесе пад Гомелем.

Распавядае салдат тэрміновай службы пошукавага батальёну – удзельнік раскопак:

“У асноўным у чарапах бачныя дзіркі ад куляў – ад стрэлаў у галаву, у патыліцу і лоб”.

Салдаты сьцьвярджаюць, што на месцы раскопак знаходзілі і ржавыя кулі. Яны таксама павінны быць занесеныя ў журнал уліку і перададзены на экспэртызу.Так патрабуе інструкцыя Міністэрства абароны аб парадку вядзеньня раскопак.

У магілах выяўленыя падэшвы ботаў, бахілаў, кускі зрэбнай кашулі. Праўдападобна, што тут сапраўды маюць месца масавыя расстрэлы мірных жыхароў у гады сталінскіх рэпрэсіяў.

Дарэчы, для ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у сярэдзіне 90-х гадоў цяпер ужо мінулага стагодзьдзя пры шашы Гомель-Чарнігаў быў усталяваны крыж. Акурат за нейкія два кілямэтры ад знойдзеных масавых пахаваньняў.

Нашчадкі рэпрэсаваных, хто мае сілы, на Дзяды прыходзяць сюды пакласьці кветкі ды запаліць памінальныя сьвечкі.

У свой час гамяльчук Уладзіслаў Ясінскі расказваў ля крыжа такую гісторыю:

“Два бацькавы браты – Янка й Петрык – расстраляныя. Яны расстраляныя тут, на 9-м кілямэтры. А жылі яны ў Буда-Кашалёўскім раёне ў вёсцы Любавін. Яны ні ў чым не вінаватыя. Адзін быў міліцыянтам, другі працаваў у калгасе. Абвінавачаньне адно: зьвязаны з Польшчай і г.д. Тады баяліся сустракацца адзін з адным, а ня тое што быць шпіёнам ці дывэрсантам”.

Пра расстрэлы мірных жыхароў менавіта на 9-м кілямэтры гараджане ведаюць з пакаленьня ў пакаленьне.

Крыху больш за дзесяцігодзьдзе таму масавыя пахаваньні былі выяўленыя так званымі “чорнымі капальнікамі” і па правы бок Чарнігаўскай шашы, у Шчыкатоўскім лесе. Той самы почырк: дзіркі ў чарапах, побытавыя рэчы.

Пракуратура Гомельскага раёну зрабіла тады выснову, што там расстраляныя ў гады вайны мірныя жыхары.

Дасьведчаныя ў гісторыі гамельчукі, грунтуючыся на знаходках, у тым ліку і кулях ад зброі, якую мелі супрацоўнікі НКВД, зрабілі супрацьлеглую выснову – там ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсій.

Улічваючы гэты факт, аб’яднаныя дэмакратычныя сілы рэгіёну прапанавалі цяпер абласному Савету стварыць адмысловую камісію дзеля высьвятленьня усіх прычынаў масавых пахаваньняў, знойдзеных нядаўна ў лесе паблізу абласнога цэнтру па левы бок шашы Гомель-Чарнігаў.

• Хто ініцыяваў раскопы ў месцах сталінскіх расстрэлаў пад Гомелем?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG