Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Расея выступае супраць пляну Ахцісаары?


Юры Дракахруст, Прага Расея вельмі крытычна выказваецца наконт пляну міжнароднага пасярэдніка Марці Ахцісаары, які прадугледжвае наданьне сэрбскай правінцыі Косава абмежаванай незалежнасьці. Масква заяўляе, што ня ўхваліць гэты плян, пакуль супраць яго выступае Сэрбія.

Апошні раз на тэму Косава расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін выказаўся ў мінулую суботу падчас энэргетычнага форуму ў Санкт-Пецярбургу. Расейскі лідэр сустрэўся з кіраўніком ураду Сэрбіі Воіславам Каштуніцам, які чарговы раз выказаў катэгарычна адмоўную пазыцыю Бялграду адносна незалежнасьці Косава. Пуцін распавёў Каштуніцу, што на саміце “Вялікай васьмёркі” ён выказаўся супраць пляну Ахцісаары, які прадугледжвае наданьне Косаву абмежаванай незалежнасьці пад кантролем ААН.

Зь якіх матываў Масква займае такую жорсткую пазыцыю у гэтым пытаньні? Паводле Яўгена Волка, кіраўніка маскоўскай філіі дасьледнага цэнтру Heritage Foundation, справа – у геастратэгічных інтарэсах Расеі ў рэгіёне:

“Інтарэс – захаваць свае пазыцыі на Балканах. Расея традыцыйна падтрымлівае Сэрбію як апошняга саюзьніка, які ў яе застаўся ў рэгіёне. Калі Масква прызнае незалежнасьць Косава, Бялград будзе вельмі расчараваны і Сэрбія сямімільнымі крокамі пойдзе шляхам, якім ідуць іншыя былыя югаслаўскія рэспублікі – у НАТА і Эўразьвяз. А Расея хоча гэта ўсімі сіламі прадухіліць”.

На думку экспэртаў, Масква, нягледзячы на пазыцыю заходніх краінаў і найперш Злучаных Штатаў, пойдзе ў пытаньні Косава да канца, у рэшце рэшт скарыстаўшы сваё права вэта як сталага сябра Рады бясьпекі ААН.

Афіцыйная пазыцыя Расеі палягае ў тым, што статус Косава павінен быць вызначаны шляхам перамоваў паміж косаўскімі альбанцамі і сэрбскімі ўладамі. На думку Марці Ахцісаары, такое пагадненьне немагчымае: Бялград ня згодны ні на што большае, чым аўтаномія Косава, косаўскія альбанцы – ні на што меншае, чым незалежнасьць.

Прэзыдэнт Буш на мінулым тыдні падчас сваіх візытаў у Альбанію і Італію заявіў, што праблема Косава павінна быць вырашаная неадкладна і рашэньне – гэта наданьне краю незалежнасьці.

Аднак калі Расея заблякуе гэтае рашэньне ў Радзе бясьпекі ААН, магчымае толькі аднабаковае прызнаньне незалежнасьці Косава асобнымі краінамі. А гэта ў сваю чаргу адкрывае магчымасьці для Крамля узмацніць падтрымку прарасейскіх сэпаратыстаў у постсавецкіх краінах.

Гаворыць расейскі палітык Барыс Нямцоў.

“Калі ЗША будуць ціснуць, каб рэалізаваць плян Ахцісаары адносна Косава, я лічу, што гэта будзе вялікай памылкай Буша. Пуцін будзе выкарыстоўваць гэтую памылку для падтрымкі сэпаратыстаў у краінах вакол Расеі. У першую чаргу ў Грузіі. Ён неадкладна арганізуе рэфэрэндумы ў Абхазіі і ў Паўдзённай Асэтыі. І яны дадуць 90% падтрымкі незалежнасьці ад Грузіі на самым сумленным рэфэрэндуме. Пасьля гэтага Пуцін зробіць тое самае і атрымае такую ж велізарную падтрымку ў Прыднястроўі.

І што Злучаныя Штаты змогуць адказаць на гэта? Гэта ж сытуацыя абсалютна аналягічная косаўскай”.

Нямцоў зьвяртае ўвагу на тое, што на прыгаданым энэргетычным саміце ў Санкт-Пецярбургу грузінскі прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі падчас сустрэчы з Пуціным заявіў, што згодны з расейскай пазыцыяй наконт Косава.

Заходнія палітыкі і дыпляматы заяўляюць, што косаўская сытуацыя ня мае нічога агульнага з сэпаратызмам на постсавецкай прасторы – у справе Косава яшчэ ў 1999 годзе Рада бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю, якая робіць сувэрэнітэт Сэрбіі над гэтай правінцыяй фармальным, тады за гэта галасавала і Расея. У дачыненьні да непрызнаных дзяржаваў у краінах СНД такога рашэньня ААН няма.

Аднак сцэнар, акрэсьлены Нямцовым, цалкам магчымы – і Крэмль, і самі сэпаратысты могуць палічыць няслушнымі аргумэнты пра поўную адрознасьць косаўскай сытуацыі ад абхаскай ці прыднястроўскай. І калі ня будзе знойдзены кампраміс, выглядае, што косаўская праблема яшчэ больш абвострыць дачыненьні паміж Расеяй і заходнімі краінамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG