Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітаньне з Уладзем Каткоўскім на “Свабодзе”


Радыё Свабода Сёньня на Радыё Свабода адбылася жалобная цырымонія разьвітаньня з нашым калегам Уладзімерам Каткоўскім. Родныя і блізкія, сябры й калегі ўшанавалі памяць самага маладога супрацоўніка беларускай Свабоды, які пайшоў з жыцьця 25 траўня пасьля адзінаццацімесячнага змаганьня – ён заставаўся ў коме пасьля няшчаснага выпадку, які здарыўся мінулым летам.

На цырымоніі гучаў голас Уладзі – які наагул рэдка бываў у нашым эфіры – гэта фрагмэнт перадачы з нашых архіваў, дзё ён расказвае пра сайт “Мэмарыял”, прысьвечаны ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў.

Прага, 31.05.2007. Разьвітаньне з Уладзем Каткоўскім.



Цырымонію адкрыла Мішэль Дзюбак, дырэктар радыёвяшчаньня Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа:

Прага, 31.05.2007. Разьвітаньне з Уладзем Каткоўскім. Гаворыць Мішэль Дзюбак

“Мы сабраліся тут у Празе і ў Вашынгтоне, каб разьдзяліць смутак ад страты дарагога мужа, сына і сябра – Уладзімера Каткоўскага. Але сёньня мы ня толькі смуткуем, мы ўслаўляем ягонае жыцьцё. Уладзімір – сапраўдны першапраходзец што датычыць вэбсайтаў. Ён спрычыніўся да ператварэньня беларускай Свабоды ў кругласутачную інфармацыйную службу. Ён быў ключавой асобай у камандзе, якая летась у сьнежні атрымала прыз “За найлепшае асьвятленьне гарачых навінаў”. І ён зноў быў ключавым зьвяном у камандзе, якая ўжо сёлета заваявала прыз “За найлепшыя дасягненьні ў канвэргенцыі”.



Дырэктар Беларускай службы Аляксандар Лукашук гаварыў пра тое, што зрабіў і не пасьпеў зрабіць Уладзя:

Прага, 31.05.2007. Разьвітаньне з Уладзем Каткоўскім. Гаворыць Аляксандар Лукашук

“Калі раптоўна і брутальна абрываецца такое маладое і таленавітае жыцьцё, як жыцьцё Ўладзімера, наша страта падвойваецца. Мы страчваем жыцьцё, якое было, а таксама тое, якое магло б быць. Апроч мінулага зьнікае абяцаная будучыня, якая не зьдзяйсьняецца.

У дачыненьні да Ўладзімера гэта так і ня так.

Ня трэба тлумачыць, чаму так. А ня так – таму што ён змог, зрабіў, здолеў столькі і так, што яго жыцьцё набыло багацьце і паўнату, вартую любога завершанага шляху. Але ў беларускім Інтэрнэце, у сусьветным сеціве, у сэрцах родных і сяброў – шлях Уладзімера не завершаны.

Вечная памяць”.

Сяргей Шупа знаёмы з Уладзімерам зь сярэдзіны 90-х:

Прага, 31.05.2007. Разьвітаньне з Уладзем Каткоўскім. Гаворыць Сяргей Шупа.

“Уладзя быў адным зь першых беларусаў, які ўвайшоў у сусьветнае сеціва – яшчэ на пачатку 90-х, падчас навучаньня ў ЗША ў рамках праграмы “Акту ў падтрымку свабоды”. Ён адразу захапіўся гэтым новым сусьветам і стаўся адным з самых вядомых беларускіх кібэрнаўтаў.

Стваральнік дзясяткаў наватарскіх вэб-праектаў, аўтар беларускага інтэрфэйсу Гугла, заснавальнік беларускай Вікіпэдыі, адзін зь першых беларускіх блогераў – ён нёс сьвету добрыя (і дрэнныя) весткі пра Беларусь.

Ён быў сапраўдным амбасадарам Беларусі ў кібэрпрасторы...”

Праз сатэлітную сувязь нашую жалобу дзялілі з намі калегі ў Вашынгтоне. Апошняе слова ўзяў Джэф Трымбл, дырэктар стратэгічнага плянаваньня нашага радыё:

Прага, 31.05.2007. Разьвітаньне з Уладзем Каткоўскім. Джэф Трымбл на сувязі з Вашынгтону

“Уладзімер пакінуў нас зарана. Яму яшчэ столькі заставалася зрабіць. Але ён зрабіў так шмат! Ён увайшоў у маё жыцьцё ў вельмі своеасаблівы момант – калі мы спрабавалі зразумець і асэнсаваць – што такое “канвэргеныя” і “мультымэдыі”. І вось прыходзіць гэты энэргічны, разумны, надзвычай зацікаўлены беларускі хлопец, якому трошкі за 20, гатовы працаваць да раніцы, і цярпліва тлумачыць сваю працу, свае ідэі, свой сьвет – мне, чалавеку іншага пакаленьня, іншага стылю мысьленьня. Больш за ўсё я памятаю яго надзвычайны энтузіязм у працы, яго настойлівасьць, а таксама ягоны нязьменны добры настрой...

Адна з трагедыяў Беларусі – з прычыны нягодаў гісторыі, а часам і з прычыны нечыіх злых намераў – палягае ў тым, што яна страціла шмат сваіх герояў маладымі. Максім Багдановіч – заснавальнік сучаснай беларускай паэзіі – памёр у 25 гадоў... ”

Джэф Трымбл скончыў чытаньнем перкладу верша Максіма Багдановіча “Цёплы вечар, ціхі вечар”.



Сымбалічна, што Уладзя пакінуў сьвет у адзін дзень з Максімам Багдановічам – роўна праз 90 гадоў. А нарадзіўся ў адзін дзень з Васілём Быкавым...

Прага, 31.05.2007. Разьвітаньне з Уладзем Каткоўскім.

Усе, хто ведаў Уладзю асабіста або праз сеціва, могуць прыйсьці разьвітацца зь ім у суботу, 2-га чэрвеня, да 15-00 гадзін па адрасе: г.Менск, вул.Шаранговіча, д. 52 кв.161. А 15-ай гадзіне жалобная працэсія накіруецца на могілкі Пятроўшчына (скрыжаваньне вул.Чыгуначнай і пр.Дзяржынскага), дзе адбудзецца пахаваньне.
XS
SM
MD
LG