Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень кангрэсу: Раскол альбо аб’яднаньне?


Алесь Дашчынскі Менск Сёньня дэлегаты Кангрэсу дэмакратычных сілаў ухвалілі эканамічную плятформу, малую канстытуцыю і стратэгію дзеяньня аб''яднаных дэмакратычных сілаў. Сустаршынямі Палітычнай рады сталі старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня Камуністычнай партыі беларускай Сяргей Калякін, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька выканальнік абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анатоль Ляўковіч.

Сёньняшні дзень пачаўся з падвядзеньня вынікаў фармаваньня фракцыяў кангрэсу. Іх створана 8 і самая вялікая – 201 дэлегат– фракцыя паплечнікаў Аляксандра Мілінкевіча “Рэгіёны за свабоду”.

Усяго 6 фракцыяў набралі неабходную колькасьць сяброў, каб мець права вылучыць сваіх прадстаўнікоў у прэзыдыюм Палітычнай рады аб’яднаных дэмсілаў. Гэта фракцыі “Рэгіёны за свабоду”, “Грамадзянскае дзеяньне”(АГП), партыі БНФ, ПКБ, “Справядлівая і салідарная Беларусь” (паплечнікі Аляксандра Казуліна) і фракцыя “Саюз працы”Аляксандра Бухвостава.

Лідэры фракцыяў прэзэнтавалі свае пазыцыі, а потым пачалося абмеркаваньне дакумэнтаў вынесеных на кангрэс – стратэгіі, эканамічнай плятформы і Малой канстытуцыі.

Спрэчкі вяліся вакол стратэгіі. Нагадаю, супольную стратэгію выпрацавала Палітрада. Але Мікола Статкевіч прапанаваў альтэрнатыўны варыянт – стратэгію “Эўрапейскай кааліцыі”. Яе падтрымаў рух “За Свабоду”. Паводле аўтараў – гэта стратэгія дзеяньня і эўрапейскага выбару.

Аляксандар Мілінкевіч ў сваім выступе заявіў, што ў стратэгіі Палітрады дадзена няправільная ацэнка сытуацыі. А калі ёсьць разыходжаньні ў дыягназе, то ёсьць разыходжаньні і ў дзеяньнях.

Спадар Мілінкевіч назваў свае асноўныя каштоўнасьці – дэмакратыя, незалежнасьць й інтэграцыя ў Эўропу.

Бальшынёй галасоў дэлегаты падтрымалі эканамічную плятформу і Малую канстытуцыю, а таксама ўхвалілі шэраг рэзалюцый і зваротаў кангрэсу.

Але найбольшую інтрыгу мела галасаваньне па стратэгіі. Дэлегаты нават правялі адмысловую перарэгістрацыю. У выніку 611 дэлегатаў зарэгістравалася.

Рэдакцыйная камісія прапанавала прыняць за аснову стратэгію Палітрады. Праект альтэрнатыўнай стратэгіі ня быў уключаны для галасаваньня, бо, маўляў, ён не паступіў і не было магчымасьці яго разгледзець.

Павал Севярынец і Мікола Статкевіч заклікалі галасаваць супраць стратэгіі Палітрады. Станіслаў Шушкевіч заклікаў наводзіць масты паміж стратэгіямі.

Пасьля першага галасаваньня выявілася, што многія дэпутаты галасавалі “за” і “супраць”. Пры паўторным галасаваньні 365 выказаліся “за”, 185 “супраць”, 20 – устрымаліся. Такім чынам, стратэгія Палітрады была прынята за аснову.

Потым адбылося галасаваньне складу новай Палітрады – калектыўнага кіроўнага органа аб’яднаных дэмсілаў. Тут асноўныя спрэчкі выклікала прадстаўніцтва прадпрымальнікаў, якія ў Палітрадзе прадстаўлены дзьвюма структурамі.

Таму старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка прапанаваў уключыць у склад Палітрады прадстаўнікоў другой прадпрымальніцкай структуры. Урэшце, вырашылі, што гэтае пытаньне вырашыць сама Палітрада.

Кангрэс ухваліў склад Палітрады з 45 чалавек. У яе ўвайшлі сябры Партыі БНФ, сацыял-дэмакратаў, АГП, ПКБ, жаночай партыі “Надзея”, “Маладога фронту”, аргкамітэту Беларускай партыі працы, руху “За свабоду”, партыі “Зялёныя”, аргкамітэту Партыі свабоды і прагрэсу.

Мікола Статкевіч адмовіўся ад сяброўства ў новай Палітрадзе, хаця ягоныя паплечнікі там ёсьць. Статкевіч заявіў "Свабодзе", што кангрэс ня здолеў прыняць эфэктыўную, пераможную стратэгію, стратэгію дзеяньня. Ён заявіў, што асноўная ўвага была сканцэнтравана на тым, каб з’есьці Мілінкевіча.

Аляксандар Мілінкевіч, падводзячы вынікі кангрэсу заявіў, што застаецца ў кангрэсе і падпарадкоўваецца яго рашэньню. Ён адмовіўся ад сустаршынёўства і сяброўства ў Палітрадзе. Ён мяркуе, што цяпер нельга казаць пра аб’яднаныя дэмсілы і цяпер будуць рэалізоўвацца дзьве стратэгіі. А. Мілінкевіч заявіў, што цяпер зоймецца стварэньнем руху “За свабоду”.

На кангрэсе не абышлося без скандалаў. Сябра незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Зьміцер Хведарук заявіў, што арганізатары перашкаджалі ўдзелу ў кангрэсе сябрам “Маладога фронту”. Да прыкладу, у прадстаўніцы Артура Фінькевіча, якія цяпер адбывае “хімію”, спачатку адабралі, а потым са скандалам вярнулі дэлегацкі мандат.

Журналісцкай акрэдытацыі была пазбаўлена сябра “Маладога фронту”Алена Макарэвіч. Паводле кіраўніка прэсавай службы кангрэсу Сяргея Вазьняка, Макарэвіч нібыта актыўна ўдзельнічала ў групе падтрымкі Ааляксандра Мілінкевіча, скандавала і махала рукамі.

Павал Севярынец заклікаў дэлегатаў кангрэсу праявіць салідарнасьць і заўтра прыйсьці да суду ў Менску, дзе будуць судзіць сябраў "Маладога фронту".

Гл. таксама:

• Пасьля заканчэньня Кангрэсу адбылася прэсавая канфэрэнцыя сустаршыняў Палітрады

• В.Вячорка: у межах прынятай стратэгіі ёсьць праца "кожнаму адказнаму лідэру"

• П.Севярынец: “Частка апазыцыі хоча займацца апазыцыйнай бюракратыяй”

• Онлайн рэпартаж з Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Другі дзень

• Фотарэпартаж з Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Другі дзень

• Пытаньне лідэрства ў апазыцыі мае вырашыцца ў нядзелю 26.05.2007

• Канфлікт прынцыпаў і пакаленьняў? 26.05.2007

• Кангрэс падзяліў дэлегатаў на прыхільнікаў дзьвюх стратэгіяў 26.05.2007

• Онлайн рэпартаж з Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Першы дзень 26.05.2007

• Фотарэпартаж з Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Першы дзень 26.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG