Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Часлава Семяновіч


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні памерла сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Часлава Семяновіч. Яна нарадзілася ў 1930 годзе на Смаргоншчыне. Удзельнічала ў справах Гарадзенскай рады БНФ “Адраджэньне”. Спадарыня Часлава была адной з самых актыўных сябраў арганізацыі.

Пра Чаславу Семяновіч успамінае гарадзенскі журналіст, афіцыйны прадстаўнік Радыё Рацыя ў Беларусі, былы дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Мікола Маркевіч:

“Яна была беларускай і каталічкай, мела моцны характар. Яна цэмэнтавала, злучала вакол сябе людзей. Апошнім часам яе моцна засмучала, што ў Беларускім Народным Фронце, якому яна аддала шмат сілаў, адбываюцца калатнечы. Яна балюча перажывала, але не адыходзіла ад дзейнасьці.

Я ведаю, што ў гэтай жанчыны ў сэрцы заўсёды была Беларусь, заўсёды была вера, аптымізм і вялікае жаданьне шчасьця свайму народу, дзеля гэтага яна й жыла”.

Кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Мальчык успамінае, што Часлава Семяновіч брала ўдзел ва ўсіх палітычных акцыях, а падчас выбарчых ды іншых кампаніяў ня мела роўных — магла сабраць подпісы за палову арганізацыі:

“Часлава Антонаўна была настолькі адданая таму, што яна робіць, што рабіла гэта часта самастойна, не зьвяртаючы ўвагі ні на асабістыя праблемы, ні на свой стан здароўя. Яна ўмела пераконваць людзей, таму што сама была перакананая. І заўсёды была шчырая”.

Аднойчы яна зламала нагу, але ўсё роўна на мыліцах пайшла па кватэрах зьбіраць подпісы, гаворыць спадар Мальчык:

“Для Чаславы Антонаўны вельмі цяжкім момантам быў падзел БНФ. Яна засталася з Пазьняком, яна вельмі шчыра верыла яму. Але і ўвесь час была з намі, прыходзіла на паседжаньні нашай Рады. Мы часта спрачаліся, дыскутавалі зь ёю, бо для яе гэта быў крытычны момант. Я гэта бачыў, як яна раздвойвалася душой.

Гэты чалавек — звычайны шэраговы фронтавец, які ціха, спакойна рабіў сваю справу. На такіх людзях Фронт і трымаецца, і вельмі шкада, што яе ня стала”.

Гаворыць Ірына Салей, якая была з Чаславай Семяновіч у адной суполцы КХП БНФ:

“Яна хацела бачыць Беларусь свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай краінай. І дзеля гэтага яна не шкадавала ні здароўя, ні часу. Яна была сапраўднай патрыёткай, і мне вельмі шкада, што Часлава Антонаўна не дачакалася яснага сьветлага дня ў Беларусі”.

Часлава Семяновіч хварэла на сэрца. Яе пахавалі сёньня на старых гарадзенскіх могілках.
XS
SM
MD
LG