Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізстан: рэвалюцыя працягваецца?


Юры Дракахруст, Прага Другі дзень прыхільнікі кіргіскай апазыцыі праводзяць масавы мітынг у цэнтры Бішкеку з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнта Курманбэка Бакіева і зьменаў у Канстытуцыю. Масавыя акцыі ўзначальвае былы кіраўнік ураду Фелікс Кулаў.

З 1991 году маніфэстацыяў у Кіргізстане праходзіла больш, чым у любой іншай краіне Цэнтральнай Азіі. Але, як адзначаюць назіральнікі, пасьля рэвалюцыі 2005 году яны сталі ледзь не штодзённымі.

Альянс двух лідэраў рэвалюцыі Бакіева і Кулава даўно распаўся, былы прэм’ер-міністар Кулаў цяпер узначальвае апазыцыю прэзыдэнту Бакіеву. Эдзіл Байсалаў, кіраўнік кааліцыі Кіргізстану за дэмакратыю і грамадзянскую супольнасьць, лічыць, што насамрэч рэвалюцыя, якая выкінула з пасады прэзыдэнта Акаева і спарадзіла велізарныя чаканьні, ня вырашыла амаль нічога:

“Праз два гады пасьля сакавіка 2005 году можна сказаць, што большасьць лёзунгаў цюльпанавая рэвалюцыя ня спраўдзіліся. Толькі зьмяніліся шыльдачкі на кабінэтах высокіх асобаў . Маральная рэвалюцыя, на якую мы спадзяваліся , не адбылася. Карупцыя і чынавенская пыха ня толькі ня зьніклі, многія людзі скажуць вам, што гэтага стала яшчэ больш”, - кажа апазыцыйны лідэр Эдзіл Байсалаў.

Экспэрт у справах Цэнтральнай Азіі, супрацоўнік лёнданскага Інстытуту вайны і міру Джон Маклаўд кажа, што тактыка, якая дала плён у 2005 годзе, стала для палітыкаў своеасаблівай чароўнай палачкай:

“Культура дэманстрацый захавалася з сакавіцкай рэвалюцыі 2005 году і пратэстаў, якія прывялі да яе. Разуменьне, што можна нешта зьмяніць вулічнымі акцыямі бяз гвалту, пусьціла карані. На жаль, цяпер гэта адбываецца занадта часта, так што значэньне масавых дзеяньняў абясцэньваецца”.

На думку Джона Маклаўда, тое, што адбываецца цяпер у Бішкеку – банальная і непрыхаваная барацьба за ўладу паміж Кулавым і Бакіевым. На думку экспэрта людзі насамрэч абураюцца кепскім станам эканомікі і карумпаванасьцю чынавенства, але каб выказаць гэтыя свае пачуцьці, ня маюць іншай магчымасьці, як уключыцца ў барацьбу на тым ці іншым баку. А самі лідэры ў сваю чаргу ўскладаюць усе свае спадзяваньні на чароўную моц разгневаных масаў.

“На жаль, вялікай зацікаўленасьці ў перамовах пакуль я ня бачу. На мой погляд аднымі мітынгамі нічога ня вырашыш. Мы бачым, што ў Кіргізстане апошнім часам ужываецца вуліца для таго, каб вырашаць палітычныя спрэчкі”, - лічыць кіраўнік Цэнтральнаазіяцкай крызыснай групы Майкл Хол

Фотагалерэя: Мітынг апазыцыйных сілаў у Бішкеку 11 красавіка 2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG