Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка правёў прэсавую канфэрэнцыю


Ганна Соўсь, Менск Аляксандар Лукашэнка правёў прэсавую канфэрэнцыю для кіраўнікоў беларускіх дзяржаўных і незалежных СМІ. Падчас яе ён зрабіў шэраг заяваў — у тым ліку пра свайго будучага пераемніка, пра атамную электрастанцыю ў краіне й пра тое, што Беларусь ня будзе за эканамічную дапамогу выконваць прапанаваных Захадам умоваў дзеля дэмакратызацыі.

Прадстаўнікі беларускіх незалежных выданьняў апошні раз мелі магчымасьць наўпрост задаць пытаньне прэзыдэнту каля пяці гадоў таму.

Тым ня менш, падчас прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што ён абавязаны сустракацца з рознымі журналістамі, і што ён робіць гэта двойчы на год.

Адказваючы на пытаньні, кіраўнік Беларусі часам цытаваў “Народную волю”. Спачатку ён ня мог згадаць назву штотыднёвіка “Белорусы и рынок”, а потым назваў ягонага рэдактара забясьпечаным чалавекам.

Найчасьцей ён зьвяртаўся да галоўнага рэдактара “Народнай волі” Ёсіфа Сярэдзіча, якога называў сваім настаўнікам.

“Мае дзеці што — горшыя за дзяцей апазыцынэраў?”

Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што ў прэсе яго найбольш кранае тое, як пішуць пра яго асабіста і пра ягоную сям’ю.

Ён даволі эмацыйна адрэагаваў на просьбу рэдактара “Народнай волі” дазволіць газэце друкавацца ў Беларусі й распаўсюджвацца праз сыстэму “Белсаюздруку” і “Белпошты”.

А.Лукашэнка: “Знайдзіце яшчэ ў сьвеце такога дурня, на якога ў гэтых, як Вы кажаце, недзяржаўных СМІ, на яго сям’ю і яго дзяцей бруд такі нясуць”.


Лукашэнка: “Знайдзіце яшчэ ў сьвеце такога дурня, на якога ў гэтых, як Вы кажаце, недзяржаўных СМІ, на яго сям’ю і яго дзяцей бруд такі нясуць. І Вы да мяне зьвяртаецеся й просіце: “Вярніце нас у друкарні”.

Я не забараняю той друкарні Вас друкаваць. Але, калі друкуючы вас, друкарня парушыць наш закон, яны за гэта адкажуць І пры гэтай умове яны з вамі ніколі не заключаць дамовы.

Як вы катуеце маіх дзяцей? Мае дзеці што — горшыя за дзяцей апазыцынэраў?”

Ці будуць сыны пераемнікамі? “Ніколі – ні адзін, ні другі”

Адказваючы на наступнае пытаньне Ёсіфа Сярэдзіча пра свайго магчымага пераемніка, Аляксандар Лукашэнка зазначыў:

А.Лукашэнка: “...самага малодшага буду рыхтаваць у пераемнікі. Унікальны чалавек. Можа, мы не дачакаемся, але іншыя пакаленьні беларусаў дачакаюцца”.


“Я б свайму Віктару сказаў, што ён сёньня і заўтра яшчэ будзе слабейшы за цяперашняга прэзыдэнта. Дык нашто слабейшага падтрымліваць і прасоўваць?

А калі гаварыць пра пераемніка, то самага малодшага буду рыхтаваць у пераемнікі. Унікальны чалавек. Можа, мы не дачакаемся, але іншыя пакаленьні беларусаў дачакаюцца. Мае дзеці вось так наеліся маім прэзыдэнцтвам — ніколі: ні адзін, ні другі. Можа, трэці толькі будзе прэзыдэнтам”.

Стасункі з Захадам: “Мы не пацерпім панукваньняў”

Падчас прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка чарговы раз падкрэсьліў, што ня будзе выконваць прапанаванага Захадам шэрагу ўмоваў для наладжваньня супрацоўніцтва. Пры гэтым прэзыдэнт кажа, што нас “эканоміка штурхае мець нармальныя стасункі з Захадам”.

А.Лукашэнка: “Эўразьвяз, дзякуючы сваёй “інэрцыі”, прапаноўвае нам сьпіс захадаў, якія яму загадзя напіша беларуская апазыцыя”.


“У нас ня вельмі добрыя стасункі з Захадам. Напэўна, і нашая віна тут ёсьць. Але галоўная віна ня тут, ня ў Менску. І вы добра ведаеце, чаго хоча ад нас Захад. Я заўсёды гаварыў, што мы не пацерпім панукваньняў — калі Эўразьвяз, дзякуючы сваёй “інэрцыі”, прапаноўвае нам сьпіс захадаў, якія яму загадзя напіша беларуская апазыцыя”, — заявіў Лукашэнка.

Што да магчымага дыялёгу ўлады з апазыцыяй для разьвязаньня чарнобыльскіх праблемаў, то Аляксандар Лукашэнка прапанаваў апазыцыі зьвярнуцца да Захаду па дапамогу для пацярпелых раёнаў.

“Атамную станцыю мы пабудуем”

Дарэчы, кіраўнік Беларусі яшчэ раз заявіў пра тое, што ў Беларусі будзе будавацца атамная электрастанцыя:

А.Лукашэнка: “Мы ў такой сытуацыі, што толькі дурань ня будзе будаваць гэтай станцыі. Тым больш пры такой залежнасьці. Заўтра будзем сядзець з лучынамі ды сьвечкамі”.


“Атамную станцыю мы пабудуем, таму што нам падзецца няма куды. Як бы сёньня апазыцыянэры ні крычалі — вось Чарнобыль паказаў! А што ён паказаў? Гэты рэактар, што дыхае, у нас пад бокам. Мы акружаныя гэтымі станцыямі. Лепш бы ў нас на тэрыторыі хаця б адна была.

Мы ў такой сытуацыі, што толькі дурань ня будзе будаваць гэтай станцыі. Тым больш пры такой залежнасьці. Заўтра будзем сядзець з лучынамі ды сьвечкамі”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе ўдзельнічаць у падрыхтоўцы асымэтрычнага адказу на разгортваньне ў Эўропе амэрыканскай сыстэмы супрацьпаветранай абароны.

Ён таксама падкрэсьліў, што Беларусь ніколі не прапусьціць праз сваю тэрыторыю танкаў у бок Масквы.

Пазыцыя Расеі ў гандлёвых стасунках – “манапалізм”

У той жа час прэзыдэнт згадваў і пра наступствы гандлёвай беларуска-расейскай вайны. Кшталту, “няўжо аграмадная Расея баіцца на сваіх рынках беларускага цукру й мяса”. А пазыцыю Расеі ў пастаўцы энэрганосьбітаў Аляксандар Лукашэнка ацаніў як вынік адсутнасьці канкурэнцыі й манапалізм, які ёсьць удаўкай для Беларусі.

Прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі доўжылася больш за дзьве гадзіны. Узялі ў ёй удзел журналісты, якіх адмыслова запрасіла прэсавая служба прэзыдэнта — у тым ліку галоўныя рэдактары й журналісты недзяржаўных выданьняў “Народная воля”, “Белорусы и рынок”, “Белгазета”, “Комсомольская правда в Белоруссии” і агенцтва БелаПАН.

Гл. таксама:

Лукашэнка: Мой сын Віктар ня будзе пераемнікам на пасадзе прэзыдэнта
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG