Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Маракоў: “Імёны катаў я назаву 29 кастрычніка”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 31 сакавіка).

Па неафіцыйных зьвестках за гады сталінскага тэрору ў Беларусі было рэпрэсавана больш за мільён грамадзянаў. Дасьледчык Леанід Маракоў лічыць, што найбольш пацярпелі сьвятары: зь дзьвюх з паловай тысяч праваслаўных прыходаў у розны час падпалі пад перасьлед уладаў больш за 1800 сьвятароў і служыцеляў царквы. 29 сакавіка ў сталічным Палацы мастацтва Беларускі Экзархат ладзіў прэзэнтацыю энцыкляпэдычнага даведніка Леаніда Маракова «Рэпрэсаваныя праваслаўныя сьвяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі: 1917—1967».

Міхась Скобла: “Леанід, энцыкляпэдычны двухтомавік — вялікая праца, аналягаў якой я нават не прыгадаю. Колькі часу прайшло ад першай напісанай вамі біяграмы да выхаду даведніка?”

Леанід Маракоў: “Першую біяграфію рэпрэсаванага сьвятара я склаў у пачатку 1997 году. Апошнюю — у канцы 2006-га. Але, ведаеце, гэтыя 10 гадоў праляцелі, як адно імгненьне. На жаль, апошні год цяжкая хвароба не дазваляе мне займацца пошукам і дасьледаваньнем жыцьцяпісаў рэпрэсаваных на поўную сілу. Дзякуй Богу, удалося завершыць гэты двухтомавік. У гісторыю будуць вернутыя сотні і тысячы несправядліва забытых імёнаў. Імёнаў тых, хто служыў Госпаду да апошняга дыханьня”.

Скобла: “Перад 1917 годам у Беларусі існавалі амаль 3.500 праваслаўных прыходаў. Прыканцы атэістычных 1950-х іх засталося толькі 369. Колькасьць рэпрэсаваных сьвятароў і царкоўнаслужыцеляў паводле вашага даведніка — 1800. Атрымліваецца, царква — самая “рэпрэсаваная” сфэра грамадзкага жыцьця?”

Маракоў: “Так і атрымліваецца. Але справа ў тым, што ў 1913 годзе на мапах сьвету не было краіны пад назвай Рэспубліка Беларусь. А значыць, не было і яе межаў, і, зразумела, немагчыма падлічыць, колькі і дзе было цэркваў. Калі казаць пра колькасьць храмаў, якія дзейнічалі ў межах цяперашняй Беларусі, дык іх было, па маіх падліках, ня больш за 1800—1900. Глядзі сам: Менская губэрня складалася з 9 паветаў. У кожным у сярэднім дзейнічалі 50—60 цэркваў. Памножым і атрымаем 500—600 прыходаў. У Магілёўскай губэрні таксама існавалі каля 500 храмаў, нават менш. Віцебская налічвала прыблізна 300. Віленская — ня больш. Гродзенская — таксама. Атрымліваем усяго каля 2000 храмаў. Але часткі Віленскай, Віцебскай і Гарадзенскай губэрняў цяпер не належаць Беларусі. Карацей, у 1920-я—1940-я былі рэпрэсаваныя фактычна усе сьвятары, якія служылі ў Беларусі. Хто быў закатаваны і расстраляны без суду і сьледзтва ў 1918-м, хто этапаваны ў Салавецкі канцлягер у 1920-я, хто асуджаны цягам пятнаццаці хвілінаў тройкай НКВД да расстрэлу ў 1937-м, хто высланы ў Сыбір, на Далёкі Ўсход ці ў ледзяную Комі АССР у 1939—1941-я гады. І калі мы возьмем любы храм, пабудаваны да 1917 году, дык у даведніку будзе часткова і ягоная гісторыя. Пры тым, адзначым, гісторыя, якая пачынаецца з сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя, бо ў выданьні нярэдка падаюцца і жыцьцяпісы бацькоў сьвятароў, як правіла, таксама зьвязаных з царквою. Прыводзяцца ў даведніку — калі ўдалося адшукаць — і зьвесткі пра сем’і сьвятароў”.

Скобла: “Чаму абраны менавіта гэты адрэзак часу: 1917—1967?”

Маракоў: “У 1917 годзе бальшавікі распачалі сваю чорную справу, апагей якой прыпаў на 1937-ы, відаць, у гонар дваццацігодзьдзя кастрычніцкага перавароту. У першай палове 1960-х гадоў “дэмакрат” Мікіта Хрушчоў адзначыўся ня толькі “наездам” на мастакоў і літаратараў. У яго была мэта — зьнішчэньне храмаў дашчэнту. Пасьля прыходу да ўлады Леаніда Брэжнева рэпрэсіі супраць сьвятароў не спыніліся, але набылі меншыя маштабы. А зьвінаваціць сьвятара ў антысавецкай дзейнасьці было вельмі проста. Сьвятар нагадваў людзям пра Божыя законы “не забі”, “не падмані”. Акурат гэтыя законы і парушала савецкая ўлада цягам сямідзесяці гадоў”.

Скобла: “Паводле якіх крытэрыяў вы адбіралі пэрсаналіі? Што ўлічвалася найперш — месца нараджэньня, службы?”

Маракоў: “У даведнік уключаныя жыцьцяпісы сьвятароў, якія нарадзіліся ў Менскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гарадзенскай і Віленскай губэрнях (зразумела, у межах цяперашняй Беларусі) і сьвятары, якія паходзілі зь іншых краінаў, але служылі ў беларускіх храмах. Таму праз біяграфіі сьвятароў, як ужо я казаў, можна, часткова, скласьці гісторыю амаль кожнай царквы”.

Скобла: “Нездарма гаворыцца, што сьмерць аднаго чалавека — гэта трагедыя. А сьмерць тысяч — гэта статыстыка. Згадайце колькі чалавечых лёсаў, што трапілі ў ваш даведнік, хай прагучаць імёны”.

Маракоў: “Трагічны лёс чакаў сьвятара Кузьма-Дзям’янаўскай царквы вёскі Сьвяда Барысаўскага павету Міхала Садоўскага. Па ўспамінах родных, у адну з начэй чэкісты ўварваліся ў яго дом, зьвязалі шасьцідзесяцігадовага сьвятара, прывязалі да возу і валаклі, пакуль ён не памёр. Родныя забралі цела бацюшкі і пахавалі пры Сьвядаўскай царкве. Праз два дні чэкісты вярнуліся, выкапалі цела сьвятара і выкінулі сабакам. Адбывалася гэта ў 1920-я гады.

Ці яшчэ адзін выпадак. Гэта было ў 1918 годзе пасьля задушэньня сялянскага антысавецкага паўстаньня ў Вяліжы. Чырвонаармейцы вялі сьвятара Ціхана Абрадзіна на расстрэл. Спыніўшыся за вёскай, загадалі капаць магілу. Сьвятар капаў і чытаў малітву. Калі выкапаў, камандзір загадаў салдатам яго расстраляць, але тыя адмовіліся. І тады чэкіст сам стрэліў сьвятару проста ў твар і штурхнуў яго ў яму. Потым доўга, быццам вар’ят, рагатаў. Але вар’ятам ён ня быў. Ён быў зьверам… А насупраць “зьвера”, з другога боку магілы, дрыжаў і заліваўся сьлязьмі дзесяцігадовы сын сьвятара. І падобных жахлівых выпадкаў было безьліч”.

Скобла: “Вы нястомна выкрываеце злачынствы сталінскага рэжыму. Але вось факты: у Беларусі збудаваная “лінія Сталіна”, барэльеф “бацькі народаў” адноўлены на фасадзе Сувораўскай вучэльні, у Менску выйшла кніга “Сталіну, Европа, поклонись”... Як не дапусьціць вяртаньня сталіншчыны?”

Маракоў: “Сталінізм ня вернецца, як ня вернецца і гітлерызм, і ленінізм. Гісторыя ўвогуле не вяртаецца. І прыказка пра тое, што ўсё новае ёсьць добра забытае старое — абсалютна ўмоўная. Прагрэс не спыніць, і рана ці позна ўсе людзі будуць людзьмі, а ня толькі некаторая іх частка. Сталінізм я разумею як масавае зьнішчэньне людзей. Цяпер у нас нешта іншае, але не сталінізм”.

Скобла: “Сёлета спаўняецца 70 гадоў ад страшнага 1937 году. Зразумела, што ўлада і пальцам не варухне, каб адзначыць гэтую гадавіну. Што можа і што павінна зрабіць грамадзтва?”

Маракоў: “Што могуць зрабіць людзі, адукаваных продкаў якіх выразалі два пакаленьні таму? Каб пазбавіцца генэтычнага рабства, страху, патрабуецца, думаю, ня менш за тры пакаленьні. Але ў наша біякампутарнае ХХІ стагодзьдзе пакаленьні зьмяняюцца па законах прагрэсу, а гэта ўжо не 35—40 гадоў, а прыкладна 15—20. І мы ўжо “дажываем” трэцяе пакаленьне”.

Скобла: “Пытаньне дасьледчыку, які адзін працуе за цэлы інстытут. Колькасьць ахвяраў у Беларусі ў Другой усясьветнай вайне ўвесь час удакладняецца: то быў “кожны чацьвёрты”, то цяпер ужо “кожны трэці”. А колькі нашых суайчыньнікаў загінула падчас сталінскага тэрору?”

Маракоў: “Расстраляна, думаю, каля 100 000 чалавек. Арыштавана, выслана за межы радзімы або зьняволена ў турмах і канцлягерах больш за мільён. Але я лічу, што былі рэпрэсаваныя ўсе нашы продкі. Рэпрэсаваныя жабрацкім жыцьцём, рабскай, амаль бясплатнай працай. Уявіце сабе такі факт. 1934 год, у ЗША пабудаваны хмарачос больш чым на сто паверхаў, а ў вёску ў Гомельскай вобласьці, дзе нарадзілася мая маці, толькі праз 30 гадоў у хаты правялі электрычнае сьвятло”.

Скобла: “Калі я чытаю вашы мастацкія кнігі, то адчуваю: вы ненавідзіце савецкую ўладу. На чым узрасло гэтае вашае пачуцьцё?”

Маракоў: “Быў рэпрэсаваны амаль увесь наш род. Проста ледзь не выразалі пад корань. Спачатку арыштавалі майго дзеда — старшыню царкоўнай рады Козыраўскай царквы ў Менску. З 1933 па 1935 год у той радзе ладзіліся кансультацыі для сялянаў — як адбіцца ад калгасаў. Потым у раду пралез правакатар, узьнікла справа “дваццаці пяці”, па якой, дарэчы, праходзіў менскі архіяпіскап Фэафан. На закрытым працэсе дзеда, сьвятароў і архіяпіскапа асудзілі на розныя тэрміны пакараньня. Пакуль дзед знаходзіўся ў лягеры, арыштавалі майго дзядзьку — паэта Валерыя Маракова. Яго расстралялі ў кастрычніку 1937-га. Але чэкісты трохі не дапрацавалі. І нарадзіўся я, чый абавязак — выкрыць усе злачынствы гэтай чалавеканенавісьніцкай сыстэмы”.

Скобла: “Пералічу некаторыя вашы кнігі, што выйшлі цягам апошняга дзесяцігодзьдзя: зборнікі апавяданьняў “Трое”, “Непамяркоўныя”, даведнік “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі: 1794—1991” (чатыры тамы), і вось двухтомавік рэпрэсаваных праваслаўных сьвятароў... Пры такой прадукцыйнасьці ваш працоўны дзень павінен складаць гадзінаў дваццаць. Колькі гадзінаў у суткі вы сьпіце?”

Маракоў: “Мне трэба задаваць трохі іншае пытаньне: колькі гадзін вы сьпіце ў тыдзень… На пошук зьвестак пра рэпрэсаваных сьвятароў пайшлі ўсе апошнія гады. Без выходных і адпачынкаў зьбіралася інфармацыя, адшукваліся новыя зьвесткі, набіраліся тэксты. Цяпер, калі я бачу гэты двухтомавы даведнік, мне здаецца, што я ня мог укласьці яго адзін, дапамагалі яны — рэпрэсаваныя сьвятары. Дапамагалі сваёй мужнасьцю трымацца на допытах, мужнасьцю не адмовіцца ад веры ў Госпада, мужнасьцю з высока ўзьнятай галавой ісьці на расстрэл”.

Скобла: “Раней у перадачы “Дом літаратара” вы абяцалі назваць імёны катаў, супрацоўнікаў НКУС. Вам нешта перашкаджае гэта зрабіць?”

Маракоў: “Імёны я ведаю, але называць пакуль не буду. Яшчэ не прыйшоў час. Імёны катаў я назаву 29 кастрычніка 2007 году”.

Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG