Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск з Пэнам і без яго


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі Эфір 29 сакавіка 2007 году

«У 1937 годзе ўвесь Віцебск нечакана ўскаланула жудасная вестка, што ягонага мастака Юрыя Пэна знайшлі забітым у ягонай кватэры на Гогалеўскай вуліцы. Забілі яго ня з мэтай рабунку, бо ў шуфлядзе стала й нават у кішэні забітага захаваліся грошы. Забілі не ўначы, а ўдзень ды ў доме, што знаходзіцца ў самым цэнтры гораду й літаральна за трыццаць крокаў ад паставога міліцыянэра. Яму, сямідзесяцігадоваму дзеду, паводле пратаколу, праламалі чэрап чымсьці падобным да цагліны. Забойцаў доўга не шукалі й знайшлі ў самы дзень забойства. Гэта былі быццам-бы шаснаццацігадовая пляменьніца Пэна і ейны жаніх. І хоць у часе адкрытага суда над імі іхная вінаватасьць відавочна для ўсіх нічым не была даведзеная, іх прысудзілі да найбольшага тэрміну зьняволеньня ў канцэнтрацыйных лягерах. Аднак сам Віцебск іх тады забойцамі не прызнаў.

Тысячы віцяблянаў прыйшлі правесьці Юрыя Пэна ў ягоную апошнюю дарогу. Прыйшлі аддаць яму разьвітальнае „бывай” і прыхільнікі ягонага таленту, і прататыпы ягоных шмат якіх пэрсанажаў і з сваймі дзецьмі ды ўнукамі. На іхных вачах можна было пабачыць шчырыя сьлёзы, як і пачуць іхны непадроблены плач, выкліканы балючай стратай вернага сябра. А за пахавальнай працэсіяй, якая расьцягнулася на два кілямэтры, бегла з гістэрычным крыкам псыхічна хворая пажылая жанчына, што калісьці адбілася на Пэнаўскім партрэце дзяўчыны, звар’яцелай пасьля пагрому».

Юрка Віцьбіч „Люблю я, понимаете, Витебск”, „Новое Русское Слово” 1 верасьня 1971 г.


Вячаслаў Ракіцкі: “Юдаль Пэн быў забіты 70 гадоў таму ў ноч зь лютага на сакавік. Сёньня мы ўжо ведаем ступень праўдзівасьці камуністычнай прэсы і таму не паверым паведамленьню ў тагачаснай “Зьвязьдзе”, што “выдатны мастак загінуў ад рукі клясавага ворага”. А што вядома сёньня пра абставіны трагічнай сьмерці Пэна?”

Сяргей Харэўскі: “Гэту сьмерць камуністы выкарысталі дзеля сваёй прапаганды. Але ж Пэн быў забіты ня з мэтай рабунку, бо ў стале й нават у кішэні забітага захаваліся грошы. Зразумела, што ў 1930-х гадох забойцаў доўга не шукалі, і імі назвалі шаснаццацігадовую пляменьніцу Пэна і ейнага жаніха. Ніхто ў гэта не паверыў, але яны прапалі ў расейскіх канцэнтрацыйных лягерах”.

Ракіцкі: “У вашых словах чуецца намёк, што , магчыма, бальшавікі спрычыніліся да сьмерці Пэна. Аднак, вядома ж, што гэты майстра ўжо ў сталым веку спрабаваў зразумець і камуністычную рэвалюцыю, і рэвалюцыйнае мастацтва. Дзеля чаго ж тады магло спатрэбіцца бальшавіцкаму рэжыму забойства 70-гадовага мастака?”

Харэўскі: “Яно так: Юры Пэн паспрабаваў зразумець рэвалюцыю, працуючы ў 20-х гадох над гэткімі кампазыцыямі, як „Шавец-камсамолец” і „Габрэй-калгасьнік”. Але ў 1930-х гадох пачалося адкрытае цкаваньне Пэна. Ён абвінавачваўся вульгарызатарамі ў „нацыянальнай абмежаванасьці”, „габрэйскім нацыяналізьме”, „прапагандзе юдаізму” і „сыянісцкім трызьненьні”.

Ракіцкі: “Вядома, як пад ціскам бальшавікоў і са зразумелым жаданьнем ўратавацца многія творцы дэманстравалі сваю ляяльнасьць чырвоным уладарам. Дык што, Пэн насамрэч не перайшоў на рэйкі сацыялістычнага рэалізму?”

Харэўскі: “Узорам для бальшавіцкага ладу жыцьця мусіў быць хто іншы. З гонарам і годнасьцю ён заставаўся самім сабою. Да канца дзён. Ён ня мог на патрэбу бальшавікоў імгненна стаць атэістам, бо быў прававерным юдэем і, між іншым, прышчапляў свой сьветапогляд вучням. Пэн настаўляў маладога Шагала: “не малюй казу вышэй сінагогі!”. І не забывайма, што Падзьвіньне апынулася ў 1920-я гады падзеленае ажно на 4 часткі. Радзіма Пэна -- Езяросы -- апынулася ў Літве. Цяпер гэта -- Зарасай. Натуральна, яму куды бліжэй і важней быў лёс супляменьнікаў-адзінаверцаў, блізкіх сваякоў у Польшчы, Латвіі й Літве, чым задачы пабудовы сацыялізму ў прасторах Эўразіі. Мастак апынуўся ў абставінах поўнай ізаляцыі і ў сваіх апошніх змрочных карцінах „Мастак і сьмерць” і „Выскал сьмерці” нібы прадбачыў сваю жудасную сьмерць”.

Ракіцкі: “Але ж, імя Пэна, прынамсі, на маёй памяці, чырвоныя ўлады не пісалі чорнай фарбай”.

Харэўскі: “Пасьля сьмерці мастака ягоную спадчыну савецкія ўлады прысабечылі і выкарыстоўвалі як хацелі. Апошняя перадваенная Ўсебеларуская выстава выяўленчага мастацтва, што адкрылася ў лістападзе 1940 году, мела назву "Ленін і Сталін -- арганізатары БССР". На ёй было шэсьць твораў Пэна: "У гарадзкой управе за пэнсіяй". "Пасьля страйку", "Сьляпы" , "У пякарні", "Вуліца ў Віцебску'''', "Гадзіншчык".

Ракіцкі: “Натуральна ж, сапраўдная мастацкая спадчына Пэна ня ў гэтых карцінах. А ў чым найперш ягоная заслуга перад беларускім мастацтвам?”

Харэўскі : “У стварэньні сваё мастацкай школы, якая была ўнікальнай зьявай ня толькі для Беларусі, а і для ўсясьветнага мастацтва. З пэўнасьцю вызначыць, колькі ж усяго вучняў прайшло праз школу Пэна, немагчыма. Але дакладна можна назваць такія цяпер усясьветна вядомыя імёны, як Лазар Лісіцкі, Саламон Юдовін, Восіп Цадкін, Аскар Мешчанінаў, Давыд Якерсан і, натуральна, Марк Шагал”.

Ракіцкі: “Чаму лёс зьвёў іх менавіта ў Віцебску, а не, напрыклад, у Менску?”

Харэўскі: “Менавіта ў Віцебску ўпершыню зьявіліся чыгунка, вадаправод, электрычнасьць, першыя публічныя бібліятэкі і музэі, першы ў былой Расеі ліфт, і нават трамвай тут зьявіўся раней за Маскву і Пецярбург. Віцебск меў вялізарныя мастацкія традыцыі. Тут жылі й працавалі Іван Хруцкі, Юльян Клевэр, Ільля Рэпін ды дзесяткі іншых творцаў. Віцебск быў мостам між эўрапейскай і расейскай культурамі, каталіцкай, праваслаўнай ды юдэйскай традыцыямі. Паводле ўспамінаў скульптура Заіра Азгура ў кніжцы „Незабыўнае”, Пэн гаварыў: „Люблю я, разумееце, Віцебск. І як гэты горад не любіць! Цудоўная рака! Высокія, дзе абрывістыя, а дзе пакатыя берагі... Я люблю й цэрквы Віцебску, бо яны не падобныя на смаленскія. Разумееце, я люблю партрэтнасьць гораду. Кожны горад павінен мець свой партрэт. А наш Віцебск сваім абліччам адрозьніваецца ад другіх гарадоў”.

Ракіцкі: “Якую ролю адыграла школа Пэна ў гісторыі Віцебску і беларускага мастацтва наогул?”

Харэўскі: “Вялізарную. Перадусім для тутэйшых габрэяў, якім забаранялася жыць за рысаю аседласьці, у этнічнай Расеі. Гэтак у тагачасным Віцебску габрэі складалі 53 адсоткі насельніцтва. Варта было прыдумаць спосаб мець для мільёнаў неадукаваных расейскіх габрэяў сваю мастацкую школу. І яе зьяўленьне мела калясальны рэзананс у малапісьменным артадаксальным габрэйскім сьвеце”.

Ракіцкі: “Гэта была, перадусім, акадэмія мастацтваў для габрэяў? Ці ўсё ж гэта была alma mater для ўсяго шматнацыянальнага беларускага мастацтва?”

Харэўскі: “Так, перадусім для непісьменнай габрэйскай моладзі. Але вучыліся тут і дзесяткі беларусаў, латышоў, расейцаў. Прыкладам, слынныя беларусы Яўхім Мінін і Зянон Грабавец. Гэта быў фэномэн мастацкай культуры Беларусі. Але беларускае мастацтва не існавала асобна ад яго. Не магло не адбывацца ўзаемаўплываў. Беларусы разам з габрэямі і стварылі супольную Віцебскую школу мастацтва”.

Ракіцкі: “Ці можна акрэсьліць нейкія агульныя рысы, што былі ўласьцівыя творчасьці вучняў Пэна?”

Харэўскі: “Калі карціны бытавога й партрэтнага жанраў былі ў Пэна пераважна напоўненыя габрэйскімі матывамі, дык пэйзажны жывапіс цалкам беларускі. Рысы адзінства, агульнасьці, прысутнічаюць ва ўсіх пэйзажах віцебскай школы. Гэта -- эскізнасьць у манеры пісьма, размытыя, як у шэрую гадзіну, контуры, пастэльнасьць у калярыце і сакавітыя, чыстыя лякальныя каляровыя акцэнты”.

Ракіцкі: “А што б было, каб у Віцебску не паўстала такая школа, каб Пэн ці хто іншы абралі б сабе для кропкі апоры іншы горад?”

Харэўскі: “Пэўна, нешта такое магло б паўстаць у Кіеве ці Вільні. Але тады мы ня мелі б гэтага фэномэну і не маглі б разглядаць яго як свой. Менавіта на грунце школы Пэна вырас Віцебскі мастацкі тэхнікум Марка Шагала, дзе стары Пэн выкладаў таксама. З Пэна вырасьлі таксама такія розныя творцы, як Малевіч і Фогт, Лебедзева і Дабужынскі. З гэтага асяродку пачалося і прафэсійнае беларускае мастацтвазнаўства, дзякуючы сьпярша Шчакаціхіну, а пасьля і братам Даркевічам. Нават пасьля ад’езду самых значных творцаў, не зважаючы на брутальныя сталінскія рэпрэсіі, гадаванцамі гэтай школы сталі жывапісцы Масьленікаў, Кроль, Ціхановіч, Хрусталёў, Ахрэмчык, скульптары Азгур, Бембель, Селіханаў і пісьменьнік Васіль Быкаў. Вось і ўявіце цяпер, што было б, каб у 1898 годзе Юдаля Пэна не асьвяціла шчасьлівая думка стварыць тут сваю школу”.

Ракіцкі: “Гэта – Віцебск з Пэнам. А Віцебск бяз Пэна?”

Харэўскі: “Віцебск жыў жа бяз памяці пра Пэна і ягоных вучняў паўстагодзьдзя. Што з гэтага сталася, нам вядома – глухая правінцыйнасьць і цывілізацыйны заняпад. Не было б бяз Пэна і Шагала, а без Шагала не зьявіўся б тут Малевіч. А без Малевіча з Шагалам я не магу сабе нават уявіць, якім было б усясьветнае мастацтва сёньня”.

Ракіцкі: “Як склаўся лёс выпускнікоў Пэна? Ці насамрэч мы можам казаць, што віцебская традыцыя не перарвалася?”

Харэўскі: “Прывяду найкрасамоўнейшы прыклад. Уладыслаў Стрэмінскі -- вучань Пэна, Малевіча і Шагала -- ў 1922 годзе пераехаў у Польшчу, дзе стаў піянэрам авангарду. Ён у Лодзі запачаткаваў уласную мастацкую школу. Сярод вучняў Стрэмiнскага была i беларуская дзяўчына Надзея Хадасевiч, у будучым француская мастачка Надзя Лежэ. Сярод вучняў Стрэмінскага ў Лодзі быў і Анджэй Струміла, выбітны мастак, які нарадзіўся ў Заходняй Беларусі. Стаўшы пазьней прафэсарам, Струміла быў настаўнікам Лёніка Тарасэвіча, самага славутага мастака беларускага паходжаньня ў Польшчы і ў сьвеце. Гэткім чынам, прамяністае сьвятло Віцебска дайшло да нас праз пакаленьні ў жывым, рэчаісным выглядзе як непарыўная традыцыя, якой неўзабаве будзе цэлае стагодзьдзе”.

1 сакавіка сёлета ў Віцебску ўрачыста адкрылі мэмарыяльную шыльду на «сінім доме»ў гонар вядомага мастака Юдаля Пэна. На барэльефе Пэн трымае ў руках палітру, а над подпісам на дошцы абдымаюцца два галубкі. Выдадзены і альбом “Ю.М. Пэн”, у якім таксама зьмешчаны каталёг ўсіх твораў Майстра, што знаходзяцца ў Віцебскім краязнаўчым музэі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG