Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Чарот


Уладзімер Арлоў, Менск 7.11.1896, м. Рудзенск (цяпер Пухавіцкі раён) — 29.10.1937, Менск.

У энцыкляпэдычным даведніку “Беларускія пісьменьнікі” аб’ёмам бібліяграфіі да прысьвечанаму яму артыкулу Міхась Чарот спаборнічае з клясыкамі. Зласьліўцы казалі, што выдаваць па тры кнігі на год і надзвычай часта друкавацца ў пэрыёдыцы яму дапамагалі найперш кіроўныя пасады. Аднак рэдактар газэты “Савецкая Беларусь”, сябар ЦВК БССР, стваральнік аб’яднаньня “Маладняк” і ўладальнік ягонага пасьведчаньня № 1 пры ўсіх ягоных літаратурных рэвэрансах у бок улады (а часам і проста ідэалягічных агітках) быў надзелены несумнеўным талентам, што, як вядома, бывае надзвычай аўтаномным ад асобы свайго ўладальнікі.

Усхадзілася завея — Вее, вее, вее... І даліна Ў белы іней — Гіне, гіне, гіне... А палозьзі гурбы рэжуць Падкаванымі нагамі І мінаюць гай за гаем... Сівагрывых Чутна ржаньне...

Ці шмат хто лепей напісаў пра зімовы шлях?

Самы вядомы Чаротаў твор — паэма “Босыя на вогнішчы” — таксама вытрымала выпрабаваньне дзесяцігодзьдзямі і друкуецца цяпер у хрэстаматыях, часам набываючы нечаканыя, незалежныя ад волі аўтара падтэксты:

...І вы, хто гімны пеў гаротным, Хто ў цемру слаў жыцьця праменьні,— Ў руках трымаеце каменьні І нас пабілі бы ахвотна...

Чарот назаўсёды застаўся і ў гісторыі беларускага кінэматографу: паводле ягонага сцэнару рэжысэр Юры Тарыч зьняў у 1926-м першы айчынны мастацкі фільм “Лясная быль”.

У 1930-я паэт з такімі заслугамі перад нацыянальнай культурай ня мог застацца па-за ўвагаю “органаў”. Трывожным званком была страта пасадаў, у выніку чаго паэт, якога яшчэ нядаўна афіцыйна ставілі побач з Янкам Купалам, мусіў зарабляць на хлеб кансультантам у кабінэце маладога аўтара ўжо амаль цалкам арыштаванага Саюзу пісьменьнікаў.

Ягоная чарга сесьці ў “варанок” надышла ў студзені 1937-га. Разам зь яшчэ 21 калегам Міхася Чарота вывелі на расстрэл у ноч з 28 на 29 кастрычніка таго самага чорнага году. Апошні свой твор “Прысяга”, дзе кляўся ў невінаватасьці, ён напісаў на сьцяне сумна і страшна вядомай “амэрыканкі”, менскай унутранай турмы НКВД.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG