Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапраўдная любоў – ня ў сквэрыку, а на плошчы!..


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў Менску сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” будуць ладзіць акцыю, прысьвечаную Дню сьвятога Валянціна. Гэта дзясятая па ліку акцыя, правядзеньне якой стала традыцыяй для маладафронтаўцаў. Нягледзячы на тое, што гарадзкія ўлады не далі дазволу на правядзеньне акцыі, сябры “Маладога фронту” ды іншых моладзевых арганізацый зьбяруцца а 18 гадзіне на плошчы Свабоды. Яны маюць намер прайсьці касьцюмаваным шэсьцем па цэнтральных вуліцах Менску, заходзячы ў амбасады краінаў Эўразьвязу і ЗША.

Маладафронтаўцы разьлічваюць, што ў акцыі возьмуць удзел ад 150 да 300 чалавек. Шмат каму зь іх упершыню давядзецца ўдзельнічаць у касьцюмаваным шэсьці. Калі адбылася першая акцыя, прысьвечаная Дню сьвятога Валянціна, яны вучыліся ў першай клясе.

Сёньня заплянавана тэатральнае шоў. Сябры “Маладога фронту” лічаць, што менчукам акцыя спадабаецца. Гаворыць Маргарыта Савановіч.

Савановіч: “Гэта будзе сапраўднае касьцюмаванае шоў. Праграма ўключае шмат цікавых мерапрыемстваў. Асабліва гэта будзе цікава моладзі, бо менавіта моладзь жадае свабоды, каханьня, жадае, каб хутчэй прыйшла вясна, цяплыні і сьветлых пачуцьцяў”.

Актывіст “Маладога фронту” Барыс Гарэцкі.

Гарэцкі: “Гэта якраз такое моладзевае сьвята, якое “Малады фронт” успрымае не як дзень каханьня, ці там нейкія пацалункі ў сквэрыку, а сапраўдны дзень любові да нашай краіны, дзень любові да Эўропы. Мы ставімся да гэтага сьвята праз прызму таго, што мы любім Беларусь, мы любім Эўропу і патрабуем любові, свабоды, пераменаў і далучэньня Беларусі да эўрапейскай супольнасьці”.

У 1997-98 гадах акцыі абмяжоўваліся наведваньнем амбасадаў. У 1999 годзе актывіст “Маладога фронту” Яўген Скочка на вуліцы Варвашэні зрабіў імправізаваны фэервэрк з пэтардаў. Яго затрымалі і пакаралі годам зьняволеньня ўмоўна. У 2000 годзе ўлады першы і апошні раз дазволілі правядзеньне акцыі. У 2001-ым моладзь прайшла ад плошчы Свабоды да плошчы Перамогі. Там амапаўцы затрымалі некалькі чалавек. У 2002-ім на праспэкце каля вуліцы Дарашэвіча затрымалі каля двух дзесяткаў чалавек. Некаторых моцна зьбілі у часе затрыманьня. У 2003 годзе каля Акадэміі навук міліцыянты затрымалі Паўла Севярынца і Артура Фінькевіча. Артуру тады толькі споўнілася 18 гадоў, і ён упершыню трапіў за краты. Пазьней улады сталі рыхтавацца да 14 лютага. У 2004 годзе плошчу Свабоды перакрылі і ўсіх затрымлівалі на падыходах. У 2005 абышлося без затрыманьняў, бо акцыю правялі на Кастрычніцкай плошчы – моладзь сьпявала Эўрапейскі гімн. Летась напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў маладафронтаўцы вулічную акцыю не праводзілі. Яны ладзілі канцэрт у адной зь менскіх школ.

Сёньняшняя акцыя пачнецца ў 18 гадзінаў на плошчы Свабоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG