Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Сяргей Войчанка (5.11.1955— 9.12.2004)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

У свой час яго адлічвалі зь Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту, а потым аднаўлялі. Адлічвалі за тое, што пабіўся з сакратаром камітэту камсамолу, калі той узяўся чытаць Сяргею мараль. Аднаўлялі — за тое, што ён быў мастаком ад Бога.

Ён працаваў у жанры плякату, кніжнай графікі, жывапісу і за што б ні браўся, імкнуўся да ўзроўню шэдэўру. Вельмі часта гэта атрымлівалася. Паглядзіце жывапісныя кампазыцыі “Чарапаха”, “Чынгісхан”, “Насарог”, што твораць свой, непадобны ні на чый іншы, шматслойны мэтафізычны сьвет.

Яшчэ з студэнцкіх гадоў у Сяргея склаўся творчы тандэм з Уладзімерам Цесьлерам. Сёй-той нават лічыў, што Войчанка-Цесьлер — гэта адзін мастак з падвойным прозьвішчам. Усё лепшае — і ў жывапісе, і ў плякаце — яны стварылі разам. Сёлета на Міжнародны дзень музэяў чарга ахвотнікаў трапіць у Нацыянальны мастацкі музэй на аднадзённую (дакладней, аднаночную) выставу іхніх плякатаў, многія зь якіх сталі ўжо клясыкай жанру, выцягнулася ледзь не ад праспэкту Скарыны.

Іхняя майстэрня ў доме на рагу Ўльянаўскай і Чырвонаармейскай сталася менскай славутасьцю. Сяргея з Уладзімерам называлі самымі пасьпяховымі дызайнэрамі постсавецкай прасторы. Чуткі пра іх нібыта фантастычныя ганарары кідалі зайздросьлівых калегаў у роспач. Тыя маглі б супакоіцца, даведаўшыся, што аднойчы за стварэньне дзьвюх паштовых марак міністэрства сувязі заплаціла Войчанку й Цесьлеру 16 тысяч беларускіх рублёў, або па 4 даляры на брата, у той самы час калі іх знаёмай беларускай мастачцы, што жыве ў Гішпаніі за такую самую працу заплацілі там таксама 16 тысяч, але эўра.

Да 50-годзьдзя перамогі над фашысцкай Нямеччынай яны рабілі плякат на замову ўраду Масквы. Мэр расейскае сталіцы Лужкоў, сказаўшы ветлівыя словы пра арыгінальнае вырашэньне тэмы, працу забракаваў. На плякаце вэтэран трымаў у выцягнутай руцэ фуражку, а ў ёй жабрацкай міласьцінай паблісквалі баявыя ўзнагароды.

Сяргей не любіў пінжакоў і наагул гарнітураў як зьяву. Больш за гарнітуры ён не трываў толькі гальштукі. У труне Войчанка ляжаў у сваім улюбёным швэдры і выглядаў зусім не нябожчыкам — быццам прылёг адпачыць або вырашыў зладзіць экстравагантны пэрформанс.

Мастацтвазнаўца Пётра Васілеўскі адгукнуўся на Сяргееў сыход грунтоўнымі артыкуламі пра вялікую страту нашага мастацтва. А пісьменьнік і мастак Адам Глёбус напісаў верш:

Мы малявалі, балявалі, Пілі гарэлку, разважалі Пра зоркі Чапліна з Шагалам. Гарэлкі ўсё было замала. Жыцьцё прайшло, і ты памёр. Цябе занесьлі на касьцёр, У родны менскі крэматорый. Такая простая гісторыя З Шагалам, Чапліным і зоркамі Над беларускімі пагоркамі...
XS
SM
MD
LG