Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ працягвае вэрбаваць моладзевых актывістаў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Яна Карповіч абвінаваціла супрацоўнікаў КДБ у спробе праз незаконныя захады змусіць яе да супрацоўніцтва. У скарзе на імя генэральнага пракурора Яна Карповіч заяўляе пра парушэньні яе выбарчых правоў.

8-га студзеня студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Яна Карповіч зьвярнулася з заявай да генэральнага пракурора Беларусі. Дзяўчына просіць завесьці крымінальную справу адносна супрацоўнікаў КДБ, якія, як лічыць спадарыня Карповіч, парушылі яе правы грамадзянкі і выбаршчыцы.

Яна Карповіч – давераная асоба кандыдата ў дэпутаты менскага гарадзкога Савету Алега Корбана. 27 сьнежня дзяўчыну выклікала дэкан факультэту мэнэджмэнту Валянціна Сімховіч для ўдакладненьня асабовых дадзеных. Але пасьля гэтага, як сьцьвярджае Яна Карповіч, да размовы далучыліся й супрацоўнікі КДБ, што назваліся Іванам і Ўладзімірам. Пры гэтым дакумэнтаў яны не паказалі.

Са слоў дзяўчыны, яе змушалі да супрацоўніцтва, палохаючы выключэньнем з унівэрсытэту і нават завядзеньнем крымінальнай справы паводле артыкулу пра ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Праз тры дні тыя ж людзі паўтарылі спробу завэрбаваць Яну Карповіч. Студэнтка кажа, што сустрэча зноў адбылася ва ўнівэрсытэце.

Карповіч: “Мне сказалі, што мы пойдзем у рэктарат, а насамрэч завялі ў пустую аўдыторыю, зачынілі дзьверы і зноў пачалі псыхалягічны ціск. Падазраю, што яны маюць непасрэднае дачыненьне да ўнівэрсытэту, кантралююць яго. Прынамсі, адзін зь іх”.

Дэкан факультэту Валянціна Сімховіч, якая выклікала да сябе Яну Карповіч, цяпер у адпачынку. Таму атрымаць камэнтар ад яе не ўдалося. Намесьнік дэкана Алена Петрычэнка сказала карэспандэнту “Свабоды”, што не знаёмая са студэнткай Карповіч і нічога ня ведае пра ціск на яе. Намесьнік рэктара БЭДУ па выхаваўчай працы Сяргей Шаўрук гэтак пракамэнтаваў заявы Яны Карповіч адносна дзейнасьці супрацоўнікаў спэцслужбаў ва ўнівэрсытэце:

Шаўрук: “Я нічога ня ведаў пра дадзены выпадак і ўвогуле не магу камэнтаваць дзейнасьць арганізацыі, у якой не працую”.

У КДБ Беларусі таксама адмовіліся камэнтаваць заявы Яны Карповіч. А ў прэсавай службе пракуратуры Беларусі паведамілі, што скарга студэнткі будзе разгледжана і пры неабходнасьці накіравана на разгляд і ў КДБ.

Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, беларускія спэцслужбы не спыняюцца перад парушэньнем закону, калі тычыцца вярбоўкі тайных агентаў.

Стэфановіч: “Закон аб КДБ дазваляе толькі добраахвотнае супрацоўніцтва. А тут людзей запалохваюць, розным ціскам спрабуюць іх схіліць да такога супрацоўніцтва. Да таго ж, гэтыя сустрэчы ніяк працэсуальна не абазначаны. Таму супрацоўнікі ўсіх папярэджваюць, каб пра гэтыя размовы нікому не казалі. Але насамрэч адзіная магчымасьць пазьбегнуць ціску – агалошваць факты такіх размоў”.

Яна Карповіч прызналася: ёй было страшна. І нават цяпер яна не выключае верагоднасьці выключэньня яе з унівэрсытэту. Але дзяўчына цьвердзіць, што гэта не паўплывае на яе палітычныя погляды.

У дэмакратычных арганізацыях кажуць пра шматлікія спробы беларускіх спэцслужбаў завэрбаваць актывістаў і нагадваюць, што ў некаторых выпадках гэткія дачыненьні мелі й трагічныя наступствы. Гэтак, у 2001 годзе скончыў жыцьцё самагубствам актывіст “Маладога фронту” з Гомелю Андрэй Зайцаў. Бацькі юнака потым марна дамагаліся адкрыцьця крымінальнай справы адносна тых, хто спрабаваў яго завэрбаваць. Пра такія спробы датычна сябе заяўлялі актывісты Цімафей Дранчук, Мікіта Сасім ды іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG