Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ненармальная


11 красавіка РБ стала ненармальнай краінай. Калі раней можна было рабіць спасылкі на наш аўтарытарызм, маўляў, “якая краіна, такія й тэракты”, дык цяпер наш вобраз будзе фармавацца зусім іншым адлікам.

Мы ўжо не такія (нават патэнцыйна), як Літва ці Польшча ці Чэхія ці большасьць сярэдніх эўрапейскіх краінаў, дзе “нічога не адбываецца” і пануе спакойны лад. Вэлкам у клюб “тых, хто вядзе вайну”.

Дагэтуль усе нашы беды – выбух на радыёзаводзе, сутыкненьне электрычак, цісканіна ў падземным пераходзе і нават Чарнобыль – не былі вайною, мэтанакіраванай агрэсіяй супраць насельніцтва. Як і колішнія бойкі вёска на вёску, раён на раён – мелі лякальны характар і многімі ўспрымаліся як выбух адрэналіну, штосьці амаль нармальнае.

Цяпер усё зьмянілася. Тэракт у яго клясычным выглядзе “паводле міжнародных стандартаў” ператварыў нашу краіну ў нешта, дзе нішто не нармальнае. Культавае слова беларускага быту (як жывеш? нармальна, усё нармальна, у нармальнай краіне нармальная абстаноўка) будзе паступова сьцірацца з нашых вуснаў. Як і вядомае са школы абурэньне – “ты што, ненармальны?” Бо ненармальным становіцца ўсё.

Зрэшты, можа быць, яно такім і было, глыбока схаванае ненармальнае? І мы проста ўвесь час дурылі ўсім галаву – то як рахманы прытулак «брацішак», якія ні на што не прэтэндуюць, то як пасьпяховы зборачны цэх СССР, то як рай для вайсковых пэнсіянэраў, якія так любілі сяліцца ў “спокойной Белоруcсии”. А за ўсім гэтым майгачылі постаці Пуліхава, Мазанік, Освальда...

Можа быць, вырасла новае пакаленьне іх?

Праўда, гэтыя атакавалі канкрэтных пэрсонаў, а не народ, што не зрабіла іх учынкі актам міжнароднага тэрарызму, а іх краіну ненармальнай.

Нават калі ў менскую падземку занесла не якога-небудзь Арцёмку з Шабаноў, а агнегаловага шахіда, гэта ня важна – мы ў гульні. Міжнародны тэрарызм на тое й міжнародны, што паўсюль аднолькавы. Наша краіна ўступіла ў клюб монстраў, вялікіх або пачварных ці тых і тых разам, але ў кожным разе – не нармальных. Наша тэрыторыя далучылася да раскіданага па ўсім сьвеце поля бою, на якім ідзе вайна з тэрорам.

Мы ваюем. Няясна толькі, на якім баку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG