Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Страсбуры зноў будуць гаварыць пра Беларусь


12 красавіка ў Страсбуры на пасяджэньні палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы адбудуцца слуханьні па сытуацыі ў Беларусі.

З асноўным паведамленьнем на пасяджэньні выступіць дакладчык ПАРЭ па сытуацыі ў Беларусі Сініка Хурскайнэн (Фінляндыя). Таксама для ўдзелу ў дыскусіі запрошаныя экспэрты АБСЭ. Плянуюцца таксама выступы беларускіх праваабаронцаў Алеся Бяляцкага і Алены Танкачовай, а таксама нядаўна дэпартаванага зь Беларусі кіраўніка Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў краіне Андрэя Юрава.

На пасяджэньне ў Страсбург прыедуць сваякі зьняволеных пасьля падзеяў 19 сьнежня. Алесь Бяляцкі акрэсьліў асноўныя тэмы:

"Асноўнае пытаньне – гэта, канечне, сытуацыя з палітзьняволенымі і тым, што ў нас адбылося 19 сьнежня і пасьля 19 сьнежня. Наогул, вакол судовых працэсаў. Будуць уздымацца тэмы наездаў на журналістаў і праваабаронцаў. Натуральна, што пра Пачобута мы будзем гаварыць у гэтым кантэксьце".

На студзеньскай сэсіі ПАРЭ прыняла рашэньне замарозіць кантакты з афіцыйным Менскам у выніку падзей 19 сьнежня ў Беларусі. А таксама асамблея вырашыла і надалей не аднаўляць статус спэцыяльна запрошанага для беларускага парлямэнта, які замарожаны пасьля рэфэрэндуму 1996 года. Адзіная асоба, якая мае права зносінаў зь беларускім бокам ад імя ПАРЭ – спэцдакладчыца Сініка Хурскайнэн. Чаму ПАРЭ зноў вяртаецца да сытуацыі ў Беларусі, разважае праваабаронца Алена Танкачова:

"Прайшоў пэўны час ад 19 сьнежня і ёсьць магчымасьць глядзець на
У тых судовых працэсах, якія мы ўжо адманіторылі мы ня бачым, што быў даказаны факт масавых беспарадкаў.
сытуацыю ў комплексе, як яна разьвівалася цягам месяцаў. Ужо ёсьць першыя вынікі судоў. Назапашаны аб'ём працы і разуменьня таго, як разьвівалася сытуацыя з правамі чалавека за гэты час. Таму гэта своечасова зразумець, а што далей? У тых судовых працэсах, якія мы ўжо адманіторылі мы ня бачым, што быў даказаны факт масавых беспарадкаў. Мы ня бачым, што гэты факт быў дасьледаваны судамі. Прысуды маюць надзвычай жорсткі характар".

Сёньня ж у Люксэмбургу на пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу, якое пройдзе пад старшынёўствам вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, чакаецца таксама дыскусія па сытуацыі ў Беларусі. Партал Delfi, які спасылаецца на падрыхтаваны ў МЗС Літвы дакумэнт, паведаміў, што на пасяджэньні плянуецца абмеркаваць пытаньне па эканамічных санкцыях адносна Беларусі. Алесь Бяляцкі адзначае, што міжнародныя структуры цікавяцца з розных бакоў беларускім пытаньнем і спрабуюць яго неяк вырашыць.

"Натуральна, што Рада Эўропы ня мае нейкіх рычагоў эканамічнага ўплыву, рычагі палітычнага ўплыву таксама абмежаваныя. Але зь іншага боку, яна вельмі важная для іміджу ўлады. Таму тут усё зьвязана. І звычайна ЭЗ моцна зьвяртае ўвагу на тыя ацэнкі, якія дае Рада Эўропы менавіта ў галіне правоў чалавека".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG