Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімера Някляева ў суботу раніцай павезьлі ў КДБ


Каб азнаёміць экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева са справай, у КДБ працуюць без выходных. Скаргу адваката Аляксандра Фядуты аб зьмене меры стрыманьня для яго не задаволілі. Маці Андрэя Саньнікава не давярае пошце СІЗА КДБ. Яшчэ двум моладзевым актывістам выставілі канчатковыя абвінавачаньні ва ўдзеле ў Плошчы.

У суботу, 2 красавіка, Уладзімер Някляеў пачаў азнаямленьне з матэрыяламі крымінальнай справы, у якой ён фігуруе ў якасьці абвінавачанага ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак.

Уладзімер Някляеў
"Валодзя а палове на 10 раніцы паехаў знаёміцца са справай, дакладней, павезьлі яго. Пакуль няма", – паведаміла апоўдні жонка Вольга Някляева. На час напісаньня рэпартажу Ўладзімер Някляеў з КДБ не вярнуўся. Пра стан здароўя мужа Вольга Някляева сказала:

"У яго баліць сьпіна. Сьпінай трэба займацца, але ня дома, а ісьці да дактароў".

На болі ў сьпіне Ўладзімер Някляеў скардзіцца ўвесь час пасьля пераводу з турмы КДБ пад хатні арышт. Пасьля заяваў Алеся Міхалевіча аб катаваньнях вязьняў "амэрыканкі", у прыватнасьці, што вязьняў падымаюць за зьвязаныя за сьпінай рукі, назіральнікі не выключаюць, што цяперашні стан здароўя Ўладзімера Някляева зьвязаны з тым, як зь ім абыходзіліся падчас арышту.

Аляксандар Фядута
Актывіст штабу Някляева Аляксандр Фядута таксама пачаў знаёміцца са справай. Фядута застаецца ў "амэрыканцы" – адзіны з тых шасьцярых абвінавачаных, каму зьмякчылі абвінавачаньне. Днямі адвакат дамагалася зьмены меры стрыманьня для вязьня. Кажа жонка Фядуты Марына:

"Знаёміцца са справай пачынаючы ад пятніцы. А ў зьмене меры стрыманьня адмовілі".

Андрэй Саньнікаў
Маці Андрэя Саньнікава
зьвярнулася праз мэдыі да людзей, якія пішуць яму лісты ў КДБ, каб адрасавалі іх на паштовую скрыню №302 ў Галоўпаштамце на яе імя. Ала Ўладзімераўна Саньнікава са спасылкай на лісты ад сына кажа, што да яго пошта салідарнасьці не даходзіць:

"Вырашыла, хай будзе скрыня, хай там зьбіраюцца гэтыя лісты. Калі-небудзь жа выйдзе, тады і пачытае. І яшчэ скажу, нават для мяне гэта падтрымка".

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў таксама пачаў азнаямленьне са сваёй справай, паведамілі ягоныя адвакаты.

Зьміцер Бандарэнка
Сваякі каардынатара "Эўрапейскай Беларусі" Зьмітра Бандарэнкі адзначаюць, што ён яшчэ не пачаў азнаямленьня з крымінальнай справай. "У яго вялікія праблемы са здароўем. Мяркую, улады яшчэ ня вызначыліся, што зь ім рабіць да суду, бо яму неабходна апэрацыя ва ўмовах стацыянару", – мяркуе жонка актывіста Вольга Бандарэнка.

Сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму 2 красавіка прад'яўлена абвінавачаньне па частцы 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі ("Масавыя непарадкі") Алесю Кіркевічу і Андрэю Пратасені.

Намесьнік старшыні "Маладога фронту" Алесь Кіркевіч з Горадні, у студзені адбыў 10-цісуткавы адміністрацыйны арышт, цяпер яго трымаюць ў СІЗА КДБ. Андрэя Пратасеня – валянтэр штабу Яраслава Раманчука, яго таксама ўтрымліваюць ў "амэрыканцы".

Натальля Радзіна
Новых зьвестак пра месца знаходжаньня Натальлі Радзінай няма, сказаў "Свабодзе" 2 красавіка бацька журналісткі Валянцін Радзін. Паводле адных зьвестак, Радзіна уцякла зь Беларусі 31 сакавіка і знаходзіцца ў Лёндане. Другія крыніцы не называюць, дзе яна спынілася, але кажуць, што яна "па-за зонаю дасяжнасьці КДБ".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG