Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«100 бардаў Свабоды»: кірунак — нацыянальны


У апошні дзень сакавіка ў Менску падчас канцэрту вядомых беларускіх бардаў Сержука Сокалава-Воюша, Зьмітра Бартосіка і Андрэя Плясанава адбылася прэзэнтацыя мультымэдыйнага DVD-дыска «100 бардаў Свабоды». Гэта зборнік гутарак і песень удзельнікаў аднайменнай перадачы Радыё Свабода, якія гучалі ў эфіры у 2008-2010 гадах. Як беларускія музычныя крытыкі ацэньваюць гэты праект і новы дыск?

Вітаўт Мартыненка

Пляст бардаўскай песьні у Беларусі даволі магутны, перакананы музычны крытык Вітаўт Мартыненка:

«Вось цяпер я слухаю дыскі „Барды Свабоды“, і там столькі імёнаў, якіх я нідзе ня чуў! Такія цікавыя барды! На першым дыску „Бардаў Свабоды“ быў Алег Мізула. Я яго раней чуў, такая энэргетыка ў яго! Я думаў, гэта будзе супэр-зорка! А потым ён зьнік. Я ўжо падумаў, што ці то зьехаў куды, ці то памёр! А ён, аказваецца, працуе, і Бартосік яго знайшоў! У нас праблема, як кажуць — адкрыць фортку, каб дыхнуць сьвежага паветра… Бартосік адкрыў кучу імёнаў, знайшоў тых, хто не пасьпеў праявіцца тады. У 1980-я была Вальжына Цярэшчанка. 20 гадоў маўчаньня. Калі яна амаль што састарылася, выйшаў дыск. Калі б ён выйшаў у 1989-м, тыраж быў бы — дзясяткі тысяч. Гэта ж супэр-зорка!»

Максім Жбанкоў

На думку культуроляга Максіма Жбанкова, у Беларусі бракуе абагульняльных праектаў: анталёгіяў, зьмястоўных кампіляцыяў, усяго таго, што магло б зафіксаваць пэўныя зьмены, пэўныя трэнды ў актуальным культурным жыцьці:

«Сапраўды, мы існуем, як казаў некалі Валянцін Акудовіч, як „архіпэляг Беларусь“. Час ад часу проста дрэнна адзін аднаго бачым, дрэнна адзін аднаго чуем, дрэнна ведаем. І вось якраз такія кампіляцыі, дзе спалучаюцца вельмі розныя выканаўцы, аўтары, якія ёсьць тутэйшымі, крэатыўнымі, выбітнымі асобамі, якія выдатна адлюстроўваюць час — гэта, на мой погляд, вельмі карысная штука. Простаму спажыўцу, які гэта слухае, штосьці падабаецца болей, штосьці меней, але вось гэты праект дае агульную карцінку. Я думаю, што ня толькі для спажыўцоў, але і для дасьледчыкаў беларускай культуры гэта будзе вельмі істотным падмуркам. Фактычна гэта архівы актуальнай культуры».

Анатоль Мяльгуй

Музычны крытык Анатоль Мяльгуй выказаў меркаваньне, што праект гэты вельмі патрэбны і для саміх выканаўцаў, і для музычных крытыкаў:

«Я вельмі падтрымліваю гэтую ініцыятыву Радыё Свабода, таму што ў маладых аўтараў і выканаўцаў няма магчымасьці запісаць і выдаць на дыску адну, дзьве, тры песьні. Калі зьяўляецца такі дыск, аўтары могуць пачуць сябе, параўнаць сябе, свой узровень, майстэрства, стылістыку з аднагодкамі, больш старэйшымі аўтарамі. Гэта вельмі карысна для маладых выканаўцаў. Там шмат цікавых і адметных: Дар’я Кадамская мне вельмі спадабалася, Раман Яраш вельмі своеасаблівы бард, своеасаблівая стылістыка, ён вельмі любіць Караткевіча і піша на яго вершы даволі прыстойныя і выразныя песьні.

А для музычных крытыкаў гэты дыск — яшчэ адно пацьверджаньне, што наша бардаўская песьня разьвіваецца ў тым накірунку, які мы называем нацыянальным. Іншага прадуктыўнага шляху ў бардаўскай песьні ў Беларусі няма, як рушыць у нацыянальным рэчышчы. Іншая справа — што трэба шукаць свае шляхі, свае адметнасьці, сваю тэматыку, свайго лірычнага героя».

Сайт «100 бардаў Свабоды»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG