Журналістка Вольга Класкоўская, сястра вязьня “амэрыканкі” Аляксандра Класкоўскага вырашыла адмовіцца ад статусу ўцекача ў Швэцыі, дзе цяпер жыве, і прыехаць у Менск на суд над братам. Пра сябе і пра брата Вольга Класкоўская расказала ў эфіры Свабоды.
Соўсь: Пракуратура Менску накіравала ў гарадзкі суд крымінальную справу Аляксандра Класкоўскага, яму пагражае да 15 гадоў турмы. Вы вырашылі адмовіцца ад статусу ўцекача ў Швэцыі, дзе цяпер жывяце, і прыехаць у Менск на суд над братам. Гэта было спантаннае рашэньне?
Класкоўская: Я не магу назваць гэтае рашэньне спантанным: у прынцыпе, я даўно плянавала гэты прыезд у Менск, і, вядома, сытуацыя з братам прысьпешыла гэтае рашэньне.
Па-першае, лічу сваім маральным абавязкам быць зараз побач з Сашам, зь яго сям'ёй. Ужо больш за 5 гадоў я брата ня бачыла, і, выглядае, Саша атрымае нейкі сур'ёзны тэрмін, так што калі я не вярнуся ў Беларусь, наша спатканьне можа адкласьціся на вельмі доўгія гады.
Апроч іншага, я ў прынцыпе ня бачу свайго месца ў Эўропе, і ў любым выпадку вярнулася б у Беларусь, бо ня вельмі камфортна пачуваюся ў якасьці эмігранта. За гэтыя больш як 5 гадоў я жыла ў розных краінах: у Польшчы, Францыі, Нарвэгіі, Нямеччыне, Швэцыі і так і не знайшла свайго месца дзе-кольвек. І мае ўнутраныя пачуцьці падказвалі, што я тут чужая. Вельмі расчараваная я і палітыкай эўрапейскіх бюракратаў у дачыненьні да беларускіх уцекачоў. На жаль, большасьць лёзунгаў так і застаюцца лёзунгамі, але на практыцы нікому нашы праблемы не патрэбныя. Больш за тое: беларусы, што прыяжджаюць у Эўропу, нават выклікаюць пэўнае раздражненьне ў эміграцыйных структурах.
Соўсь: Што вы губляеце ў Швэцыі, і што вас чакае ў Беларусі? Вам ёсьць куды ехаць? Дзе жыць? На што жыць?
Класкоўская: Статус палітычнага ўцекача я атрымала ў Польшчы больш як 5 гадоў таму, гэта міжнародны статус, таму, згодна з жэнэўскай Канвэнцыяй аб уцекачах, я знаходжуся пад абаронай усіх дэмакратычных дзяржаваў. Самае галоўнае, што я губляю – вось гэты Жэнэўскі пашпарт уцекача, які дае мне магчымасьць легальна жыць і працаваць ва ўсіх кріанах Эўразьвязу і разьлічваць на іх абарону. У Менску я пляную жыць у вольнай цяпер кватэры сваёй маці. На што жыць? Рукі-ногі ёсьць, я зьбіраюся працаваць у журналістыцы, займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю і скіраваць высілкі на вызваленьне Сашы. Я еду з дачкой.
Соўсь: Вашага брата абвінавачваюць у арганізацыі масавых непарадкаў і ўдзеле ў іх, а таксама ў абразе прадстаўніка ўлады і самавольным прысваеньні званьня ці ўлады службовай асобы. Як вы мяркуеце, чаму менавіта яму выставілі столькі абвінавачаньняў?
Класкоўская: Тут нічога дзіўнага няма, бо Саша прадэманстраваў, што людзі ў пагонах – не рабы ўлады і могуць мець сваё меркаваньне і нават выступаць супраць гэтай улады. Што да таго, што ён былы супрацоўнік праваахоўных ворганаў, то званьня афіцэра ў яго ніхто не адбіраў. Я лічу, тое, як ён паводзіў сябе на плошчы – ён меў на гэта права. У выпадку з Сашам – гэта паказальны працэс, і рэпрэсіўная машына проста мусіць паказаць на прыкладзе Сашы ўсім супрацоўнікам праваахоўных органаў: нават ня думайце выступаць супраць улады. І ўлады хочуць паказальна яго пакараць, я думаю, што тэрмін будзе сур'ёзны. Яны хочуць пакараць чалавека, які, будучы прадстаўніком праваахоўных органаў, публічна выступіў супраць гвалту, супраць рэжыму, супраць рэпрэсіяў у Беларусі.
Соўсь: Чаму Аляксандар у свой час вырашыў стаць міліцыянтам і чаму адмовіўся ад гэтай прафэсіі?
Класкоўская: Ён заўсёды быў чалавекам з абвостраным пачуцьцём справядлівасьці, і я думаю, што яму хацелася – як ні наіўна гэта было – гуманізаваць гэтую структуру. Напрыклад, ён часта імкнуўся запаўняць па-беларуску пратаколы, прыносіў у РУУС незалежныя газэты, і ўвогуле заўсёды меў сваё меркаваньне, за што неаднойчы атрымліваў заўвагі кіраўніцтва. І калі наіўнасьць прайшла, і ён зразумеў, што ня можа адзін ісьці супраць сыстэмы – столькі бязладзьдзя адбываецца ў праваахоўных органах – вырашыў сысьці адтуль.
Соўсь: Ваш бацька Аляксандар Класкоўскі зьвяртаўся да Генпракурора з адкрытым лістом у абарону сына. “У мяне ёсьць сур’ёзныя падставы меркаваць, што над ім чыняць зьдзек, псыхалягічна ламаюць, ігнаруючы элемэнтарныя нормы закону”, – гаварылася ў лісьце. Вы ведаеце характар брата, ягоную сутнасьць. Яго можна зламаць, прымусіць агаварыць сябе?
Класкоўская: Я ведаю, што Саша вельмі моцны чалавек ва ўсіх сэнсах, але, на жаль, той рэжым, які існуе сёньня ў Беларусі, і тыя мэтады, якія сёньня выкарыстоўваюцца да нязгодных з рэжымам – яны ў традыцыях сталінскіх часоў. І калі фізычна цябе зьнішчаюць – бо я ведаю, што там катуюць, і Саша гэта пацьвердзіў нядаўна падчас спатканьня са сваёй жонкай Натальляй – то гэта проста выбітыя паказаньні. І тое, што адбылося з Сашам пасьля затрыманьня – гэтае відэа з пакаяньнем – гэта ня Сашаў сьвядомы ўчынак, і ня вынік таго, што ён зламаўся, а вынік страшных катаваньняў.
Соўсь: Што яшчэ расказвала жонка пра сустрэчу з братам?
Класкоўская: Мяне вельмі зьдзівіла, што, паводле Натальлі, падчас трохгадзіннага спатканьня Саша ні разу ня ўзьняў позірку на яе, сядзеў з апушчанымі вачыма. Натальля кажа, што выглядае больш-менш, вельмі сумуе па дзецях, асабліва па малодшаму Арсеньку, і маральна падрыхтаваны, што яшчэ ня хутка выйдзе зь няволі. Саша заўсёды падкрэсьліваў пасьля арышту, што ня столькі хвалюецца за сябе, колькі за сваіх родных, якія за яго хвалююцца. І я заўсёды прасіла Сашаву адвакатку, каб яна перадавала яму, што ў яго няма ніякіх падставаў хвалявацца наконт сям'і, што нашы бацькі і я – мы заўсёды побач, мы падтрымліваем Натальлю, дзетак, і ніколі іх не пакінем. Я ніколі ня думала, што жыцьцё можа так павярнуцца, і можа здарыцца такая страшная трагедыя.
Соўсь: Калі б у брата была магчымасьць слухаць Радыё Свабода, што бы вы яму сказалі?
Класкоўская: Сашанька, я заўсёды побач, я вельмі цябе люблю, ты такі чысты, сьветлы. Я ўсё зраблю для таго, каб ты выйшаў на свабоду ў хуткім часе. Я ніколі цябе не пакіну, не пакіну тваіх дзяцей, жонку. Я вельмі цябе люблю і малюся за цябе. Я кожны дзень нашу цябе ў сваім сэрцы, і жыву зараз толькі табой. Усе з табой, мой родны.