Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэнтатар ветру


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Пятнаццаць гадоў таму “Наша Ніва” выдала ілюстраваную кніжку “Менская вясна – 1996”. Масавыя дэманстрацыі і арышты, “Жыве Беларусь!” і “Луку на муку!”, крывыя пратаколы, крывавыя сутычкі, крывадушныя суды...

15 гадоў таму мы думалі, што наша кніжка – прэцэдэнт, унікальны досьвед трансфармацыі, пасьля якога мы будзем жыць у іншай Беларусі. Аж не. Фігушкі, як кажа адна знаёмая прадстаўніца ўлады. Настае шаснаццатая “Менская вясна” і настае “заўсёды аднолькава”.

Уражвае ня тое, што нішто не зьмянілася. Уражвае, што не зьмяніліся камэнтары.

Ганьба судзьдзям і пракурорам – халуям рэжыму!
Нашу краіну ператварылі у вар’ятню.
Трымайцеся, хлопцы! Ваша справа сьвятая!


Магу цэлы дзень цытаваць vox pоpuli зь “Менскай вясны – 1996” і зь сёньняшняга сайту РС, усе без выключэньня. І без адрозьненьня.

Камэнтатар, колькі табе гадоў?

Зрэшты, 15 гадоў таму галасы былі больш разнастайныя і крэатыўныя, дый дэманстрацыі зьбіралі народу ў дзесяць разоў болей. Але сутнасна нічога не зьмянілася.

200-300 комэнтаў за дзень – гэта вецер. Ці проста вецер, ці “сабака брэша – вецер носіць”, ці вецер перамен. І самыя першыя павевы апошняга мы пабачым менавіта ў камэнтарах.

Як гэта будзе? –

ПЫТАНЬНЕ ДА КАМЭНТАТАРАЎ


Тым часам найбольш кусьліва сабачыліся на мінулым тыдні на адрас новага кліпу Вольскага й Хітрык.

Саўка і Грышка на новы лад. Каб далёка не хадзіць... Толькі там характарамі расьпісана, а тут – характэрызацыяй, грымам. Папсовая халтура на злобу дня, на жаль, так. Лявон, перастаньце, калі мажліва, разважаць катэгорыямі запатрабавальнасьці і прадавабельнасьці, гэта Вас зьнішчыць. Усё бачна, Вы ж навідавоку, а людзі вакол ня дурні.

І дурні таксама. Нават калі выстаўляюцца снобамі.

“А я спадзяюся і веру” – сапраўды песьня і кліп на злобу дня. Памятаеце, пасьля 19-га такая безвыходная дэпрэсуха пасялілася ў вачох беларускай публікі, што аж таксісты пачапілі на антэны чорныя стужкі. Асабліва крануў трактар “Беларус”, які зграбаў сьнег у гарадзкім двары, – з такой самай стужкай.

Дык вось у таго трактарыста – я бачыў па твары – у галаве круціўся гэты самы, тады яшчэ ня зроблены кліп.

Падумаўшы, і “Темная ночь”, і “Dziwny jest ten świat”, і “Wind of Change” напісаныя на злобу дня. Дакладней, на злобу жыцьця. І “Ой рэчанька, рэчанька” таксама. Ня варта засьцерагаць Лявона, хай яго тая злоба нішчыць далей.

Між іншым, на дзясятыя ўгодкі кіраваньня вядомага пэрсанажа НРМ ужо пісаў песьню з указаньнем на такі самы выхад зь бясчасься:

Дзесьці калісьці наперадзе, можа быць
Дзеці заменяць, для гэтага трэба жыць

КУДЫ ІСЬЦІ І ШТО РАБІЦЬ


Пра тое, куды ісьці 25 сакавіка, спрачаюцца ўжо шмат гадоў. Але – заўважнае адрозьненьне сёлетніх палемік – не абмяркоўваюць, што рабіць. Яшчэ летась у форумах напружвалі розумы над сцэнаром сьвята – як адзначыць, каб з крэатывам і ўсё такое. Ня надта што новае з таго вымалявалася, але жаданьне было. Сёлета жаданьня няма, надзея зьнікла, як у Вольскага. Няма надзей. Засталося адно – куды ісьці. Да Коласа? Да Купалы? Ня важна. Важна, каб ня разам, каб вас там не было, каб вас вочы ня бачылі...

Кiраўнiцтва гэнае апазыцыi знаходзiцца пад каўпаком КДБ, з падачы якога яны спляжылi Дзень Волi.

Уласна я не пайду ні на купалы, ні на коласа з гэнымі спадарамі...

Ў душы гарыць агонь нуды, – пануры, чорны.
Ці мне крыніцай сьлёз сваіх яго заліць
I плугам цяжкага мучэньня сэрца ўзрыць? –
Mo ўзойдуць там надзеі зёрны!..
Куды ж ісці і што рабіць?


Апошні камэнтар Максім Багдановіч пакінуў роўна сто гадоў таму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG